Гістарычны салон у мінскім Чырвоным Касцёле прысвячаўся памяці палітычнага, грамадскага і культурнага дзеяча Беларусі Эдварда Вайніловіча

Cвятло любові не згасае

У Белай зале касцёла сабралася шмат людзей: каб ушанаваць памяць пра фундатара храма, Слугу Божага — так называюць Эдварда Вайніловіча ў сувязі з пачаткам працэсу яго беатыфікацыі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Мінскае згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства.

Выступае Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі

Спачатку выступалі выхаванцы Дзіцячай музычнай школы №10 імя Яўгена Глебава, лаўрэаты прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Іосіф Суднік прадставіў выставу цікавых дакументаў, манет, іншых рарытэтаў, прысвечаных Эдвару Вайніловічу і яго часу. Пачэснае месца мае ў калекцыі герб вядомага шляхецкага роду Вайніловічаў “Сыракомля”. Род мае больш за 400 гадоў радаводнай гісторыі, звязаны роднасцю са слуцкімі князямі Алелькавічамі, нясвіжскімі Радзівіламі, грушаўскімі (з-пад Ляхавіч) Рэйтанамі ды мінскімі Ваньковічамі. Сярод экспанатаў — здымкі сям’і, грошы Германіі 1914-18 гадоў і расійскія перыяду Часовага ўрада 1917 года, Псалтыр 1858 года, беларускі каляндар на 1913 год. У раздзеле выставы “Князі і шляхта на манетах Беларусі” побач з манетамі — гербы знакамітых людзей: Еўфрасінні Полацкай, Соф’і Гальшанскай, Льва Сапегі, Сымона Буднага, Напалеона Орды, іншых.

У зале былі ганаровыя госці з Латвіі, Польшчы, Італіі. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Уладзімір Пуцік прынёс шэраг кніг і распавёў пра жыццёвы шлях Эдварда Вайніловіча. Прафесар Адам Мальдзіс не змог быць на імпрэзе, але перадаў ліст-зварот да ўдзельнікаў салона, у якім адзначыў вялікі ўклад Эдварда Вайніловіча ў эканамічнае і культурнае развіццё Мінскага краю, у набыццё Беларуссю дзяржаўнасці. Прыехала на імпрэзу з Капыльшчыны сям’я Валянціны Ляшко: па ініцыятыве гэтых людзей добраўпарадкавана месца родавога пахавання Вайніловічаў. Гэтыя капыляне ўклалі свае сродкі ў аднаўленне Кургана памяці роду Слугі Божага Эдварда Вайніловіча ў вёсцы Савічы: там нарадзіўся рэфарматар Мінскага краю. Цяпер у Савічах узвышаюцца побач праваслаўны і каталіцкі крыжы — як сімвал імкнення да адзінства хрысціян. На граніце высечаны родавы герб і надпіс “Так хацеў Бог”. Тое месца асвяціў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Усе жыццё Эдварда Вайніловіча, які спрыяў будаўніцтву сінагогі, пабудаваў цудоўны каталіцкі касцёл і велічную праваслаўную царкву, сведчыць пра магчымасць міжрэлігійнага дыялогу. У гісторыі цяжка знайсці яшчэ такую асобу, якая б клапацілася пра будаўніцтва храмаў для людзей розных веравызнанняў.

Удзельнікі гістарычнага салона

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Мінскага згуртавання нашчадкаў шляхты і дваранства Анатоль Хішчанка распавёў пра гісторыю суполкі, а яе старшыня Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі казаў пра важную ролю шляхты ў кансалідацыі грамадства. Нідзе больш, як на тэрыторыі ранейшай Беларусі, шляхта не была такою шматлікаю, так моцна не была спалучана з “простым народам”. Прадстаўнікі шляхты пралівалі кроў і памірала за дзяржаву ў войнах, яны ўтваралі жыццяздольную структуру грамадства. Пасля рэвалюцыі, у 20-я гады, шляхта знішчалася, нават згадваць пра шляхецкія карані было небяспечна. Цяпер даведацца пра карані свайго роду імкнуцца многія, гэта прыкмета культурнасці, інтэлігентнасці чалавека. Гэта і аснова патрыятычнага выхавання, таму згуртаванне скіроўвае ўвагу на вывучэнне гісторыі, культуры роднай зямлі. Лозунг сучасных беларускіх шляхціцаў такі: “Служу Айчыне, адказваю перад Богам”. Шэрагу з іх у Белай зале былі ўручаны ганаровыя дыпломы за ўклад у аднаўленне духоўных шляхецкіх традыцый.

У салоне прынялі ўдзел рыцарскія клубы і хор Чырвонага Касцёла “Голас душы” — у яго выкананні гучалі творы “Магутны Божа”, “Багародзіца”, “Аве Марыя” ды іншыя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter