Аллея Победы и тысячи кашпо с цветами: что нового появится этой весной на минских улицах

Cталіца квітнее і пахне

Кветкавае афармленне горада пачалося яшчэ восенню мінулага года.
Мінскія арганізацыі і прадпрыемствы рыхтуюцца да вяснова-летняга перыяду і строяць планы па азеляненні горада. Карэс­пандэнт «Р» даведаўся, што зменіцца ў сталічных дварах, на вуліцах і ў парках у бліжэйшы час.

— У вясновым месячніку па добра­ўпарадкаванні і азеляненні двароў Мінска, які пройдзе ў красавіку, прыме ўдзел больш за 200 тысяч жыхароў горада, — дзеліцца планамі намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду і працы з насельніцтвам ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Анастасія Вараб’ёва.

Плануем, што адновім каля 14 гектараў газона. Таксама выканаем рамонт і афарбоўку больш за 10 000 адзінак дзіцячага гульнявога абсталявання і больш за 18 000 малых архітэктурных формаў. На працягу красавіка ў дварах высадзяць больш за 3000 дрэў і больш за 12 000 кустоў.

— Традыцыйна мы правядзём некалькі акцый сумесна з дзяржаўтаінспекцыямі раёнаў і камунальнымі службамі па кантролі за выкананнем аўтаўладальнікамі правілаў паркоўкі транспартных сродкаў, — заявіла Анастасія Вараб’ёва. — Пры выяўленні фактаў парушэння вінаватыя будуць прыцягвацца да адказнасці.

«Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» адрамантуе 303 кантэйнерныя пляцоўкі і 12 пляцовак для выгулу гадаванцаў. Паралельна запланавана 55 акцый з удзелам прадпрыемства «Фаўна горада» па кантролі за выкананнем уладальнікамі гадаванцаў правілаў выгулу.

Рыхтуецца да вясенне-летняга перыяду і УП «Мінскзелянбуд».

— У нас некалькі напрамкаў дзей­насці: гэта кветкавае афармленне горада, пасадка дрэў і кустоў, работы па ўтрыманні і добраўпарадкаванні, — патлумачыла начальнік аддзела ўтрымання і добраўпарадкавання аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінск­зелянбуд» Алена Акуліч.

Кветкавае афармленне горада пачалося яшчэ восенню мінулага года: «Мінск­зелянбуд» высадзіў цыбульныя расліны. Чакаецца, што яны заквітнеюць у пачатку мая і стануць адным з упрыгажэнняў Мінска да святочных мерапрыемстваў. Таксама будзе высаджана больш за 2 мільёны аб’ектаў азелянення горада.

— Сёлета мы хочам павялічыць колькасць шматгадовых кветкавых раслін шляхам стварэння кампазіцый, — распавяла Алена Акуліч. — Гэтая праца ўжо была пачатая ў мінулым годзе: у кожным раёне горада мы вызначылі 10 пляцовак з прыгожа квітнеючым кустоўем. Цяпер праца працягнецца: сёлета «Мінскзелянбуд» высадзіць 65 000 шматгадовых раслін. Паколькі год юбілейны, у кожным раёне запланаваны святочныя кветнікі, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі.

Прадпрыемства прапрацавала пытанне з ДАІ наконт пасадкі дрэў і кустоў на раз­дзяляльных палосах. Замест платоў і пустых газонаў, дзе гэта будзе магчыма, выса­дзяць кустоўе, каб магістралі радавалі вока жыхароў і гасцей сталіцы.

З-за мяккай і цёплай зімы работы па прывядзенні аб’ектаў у належны выгляд пачаты раней. У парках і скверах ужо выдаляюць пясок і рыхляць кустоўе, робяць санітарную ачыстку. На вясновы месячнік запланавана пасадка больш за 4000 дрэў і 46 000 кустоў, а таксама рамонт звыш 11 000 малых архітэктурных формаў.

— Мы паспяхова працягваем працу з грамадскасцю, — распавяла Алена Акуліч. — Нам паступаюць заяўкі для правядзення розных мерапрыемстваў. У найбліжэйшым месячніку запланавана 23 акцыі, з іх 7 тэматычных, прысвечаных 75-годдзю Перамогі. Так, напрыклад, на праспекце Ракасоўскага ў хуткім часе з’явіцца алея Перамогі — будзе высаджана 100 дрэў.

Акрамя кветкавага афармлення са стварэннем кветнікаў, прадпрыемства выставіць больш за 16 000 кашпо з кветкавымі раслінамі.

Сяргей ГРУДНІЦКІ

serge_grud@tut.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter