Як не трапіць на вуду папулістаў

Cпакуса словам

Чым небяспечны папулізм у палітыцы і як яго распазнаць
Хтосьці з жартаўнікоў аднойчы даў выбаршчыкам такую параду: аддаючы голас за таго ці іншага палітыка, падумай, ці даў бы ты такому чалавеку буйную суму грошай пад чэснае слова. Сказана, вядома, жартам, але калі сур’ёзна, то кандыдатам у дэпутаты трэба нямала пастарацца, каб заслужыць давер сваіх выбаршчыкаў. Нядзіўна, што ў час перадвыбарнай агітацыі ў ход ідуць самыя розныя прыёмы, і зрабіць правільны выбар часам бывае няпроста. Наколькі наогул цяперашняя агітацыйная кампанія адпавядае чаканням грамадства і што неабходна ўлічваць, каб не стаць ахвярай папулізму? Вось што пра гэта думае палітычны аналітык, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Пятроўскі.

— Асаблівасць парламенцкіх выбараў у тым, што кожны кандыдат вылучаецца ад канкрэтнай акругі і павінен не толькі звяртаць увагу на памылкі ўлады і выстаўляць сябе ў якасці яе прадстаўніка, але і прапаноўваць шляхі вырашэння канкрэтнай праблемы для канкрэтнага горада або раёна. У нас жа некаторыя кандыдаты паводзяць сябе так, нібы балатуюцца ў прэзідэнты. Яны прапануюць змяніць геапалітычныя арыенціры дзяржавы (закрыць мяжу з Расіяй і адкрыць з ЕС), эканамічную палітыку, а часам і канстытуцыйны строй. Усе гэтыя лозунгі не адпавядаюць палітычным функцыям дэпутата. А проста набор гучных і абстрактных фраз выбаршчыкам нецікавы. Яны думаюць больш прагматычнымі катэгорыямі і хочуць, каб па месцы іх пражывання былі дастойная работа, камфортнае жыллё, каб нармальна працавалі школа, дзіцячы садок, паліклініка і гэтак далей. Да таго ж цяпер адбываецца пэўная трансфармацыя ў грамадстве, узрастае роля прыватнага сектара. У сувязі з гэтым выбаршчыкі хочуць бачыць у сваіх выбранніках не толькі добрых арганізатараў, але і яркіх грамадскіх дзеячаў, здольных працаваць у цеснай звязцы з мясцовай уладай і эфектыўна адстойваць свой пункт гледжання.

— Замест гэтага многія кандыдаты спрабуюць “падлашчвацца” да электарату, абяцаючы “мільён працоўных месцаў”, зніжэнне пенсійнага ўзросту, адмену абавязковага размеркавання для студэнтаў і іншыя “выгоды”. Між тым даўно заўважана, што самая першая прыкмета невыканання абяцанняў — гэта тая лёгкасць, з якой іх даюць...

— У большасці сваёй грэшаць папулізмам прадстаўнікі тых палітычных партый, якія “затрымаліся” ў 1990-х. За гэты час шмат чаго змянілася ў палітыцы, эканоміцы, іншым стаў свет вакол нас. А партыі таго часу выкарыстоўваюць усё тыя ж лозунгі, прыёмы, тэхналогіі. У сувязі з гэтым яны шмат у чым маргіналізаваліся. Частка кандыдатаў ад такіх партый ставіць галоўнай мэтай не перамогу на выбарах, а іх дыскрэдытацыю, разгойдванне лодкі, павышэнне канфліктнасці ў грамадстве. Адсюль і нястрымнае імкненне прыцягнуць увагу міжнародных назіральнікаў, знайсці парушэнні там, дзе іх няма.

— Адразу ўзгадваецца кандыдат у дэпутаты, які пайшоў на тэлебачанне з заклікам аб легалізацыі марыхуаны. На мой погляд, відавочная правакацыя з разлікам на тое, што цябе не пусцяць у эфір, а значыць, будзе магчымасць паскардзіцца і заявіць пра ўціск сваіх правоў.


— Заўважце, што кандыдаты ў дэпутаты пры гэтым апелююць выключна да выбарчага заканадаўства. Але ёсць жа яшчэ і іншыя законы, у тым ліку антынаркатычныя, дзе дакладна сказана, што прапаганда наркотыкаў, асабліва ў СМІ, забаронена. Наогул жа прыведзены прыклад яшчэ раз дэманструе інтэлектуальную і арганізацыйную слабасць палітычных партый. Ні адна з іх не вылучыла кандыдатаў на ўсе 110 выбарчых акруг. Больш за тое, здымаюцца з перадвыбарнай гонкі менавіта партыйныя кандыдаты. Палітычная партыя павінна быць фабрыкай ідэй, а не проста палітычным клубам. Пакуль жа многім кандыдатам, і не толькі ад партый, відавочна, не хапае здаровага крэатыву, гэтакага запалу ў правядзенні агітацыі. Не хацелася б, каб усё абмяжоўвалася банальнымі лістоўкамі ў паштовых скрынках.

— У многіх краінах выбары ператвараюцца ў сапраўднае палітычнае шоу. Вастрыня, інтрыгі — гэта заўсёды нядрэнна і прыцягвае выбаршчыкаў. Аднак любая барацьба павінна весціся па правілах. На шчасце, для нашай палітычнай сістэмы брудныя паліттэхналогіі і чорны піяр — з’явы нехарактэрныя, але асобныя іх элементы ўсё ж прысутнічаюць. У якой меры дапушчальная скандальнасць на выбарах? І як простаму выбаршчыку распазнаць, хто ёсць хто ў перадвыбарнай гонцы?


— Калі чалавек прэтэндуе на дэпутацкі мандат, ён павінен быць медыйнай персонай, не хавацца ад журналістаў, часцей бываць на людзях, сустракацца з выбаршчыкамі, не пазбягаць вострых і нязручных пытанняў, абавязкова ўдзельнічаць у дэбатах. Але ўсе дыскусіі павінны мець канструктыўны характар, напаўняць праграмы новымі ідэямі і сэнсам. Зрыванне перадвыбарных плакатаў, паклёп і іншыя брудныя тэхналогіі трэба заканадаўча забараніць. Дзяржава павінна такім чынам адрэгуляваць перадвыбарную агітацыю, каб, з аднаго боку, мінімізаваць чорны піяр, а з другога — узмацніць адказнасць за яго прымяненне.

Што ж тычыцца перадвыбарных праграм, трэба разумець, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вядома ж, не могуць рамантаваць дарогі, школы. Але яны павінны садзейнічаць мясцовай уладзе ў вырашэнні важных для рэгіёна пытанняў, весці маніторынг меркаванняў у акрузе і ўплываць на органы выканаўчай улады з улікам пажаданняў людзей.

Выбаршчык таксама мае права патрабаваць ад дэпутата актывізацыі грамадскай дзейнасці. Роля грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый расце, і можна спрагназаваць, што ў наступныя пяць гадоў некаторыя з іх змогуць альбо стаць партыямі, альбо стварыць такія.

Ці верыце вы абяцанням?


Пра гэта жыхароў Гомельшчыны спытала карэспандэнт “НГ” Віялета Дралюк

Алена Катоўская, менеджар:

— Парламенцкая выбарчая кампанія, мабыць, той час, калі абяцанняў гучыць асабліва шмат.

У гэтай справе я заўсёды ўсё дзялю на дзве часткі. З аднаго боку, разумею, што кандыдаты ў дэпутаты могуць шчыра жадаць рэалізаваць заяўленыя планы і адстаяць абяцаныя пазіцыі.

З іншага, разумею, што ёсць абставіны і рэальнасць, якія здольныя адкарэктаваць любыя праграмныя ідэі. І тут звычайна кіруюся асабістым уражаннем, наколькі абяцанні патэнцыйных абраннікаў суадносяцца з жыццём. Адна справа, калі табе кандыдат, які нідзе не працуе, гарантуе “мільён працоўных месцаў”, што аўтаматычна выклікае недавер. Іншая — калі на ўласным прыкладзе прафесійных дасягненняў прэтэндэнт паказвае ўменне разумець праблемы людзей і вырашаць іх.

Яўген Мальчанка, гісторык:

— На самай справе верыць абяцанням не варта. Расчараванне шмат каштуе. Час, які патраціш на чаканне выканання абяцанняў, можна выкарыстоўваць нашмат больш эфектыўна, калі самому ўзяцца за справу. Лепшым адказам любым абяцанням асабіста я лічу не “Дзякуй, я буду чакаць і спадзявацца!”, а “Ведаеце, жыццё прывучыла мяне верыць толькі ўчынкам, а не словам!”. Заўсёды пад-крэсліваю ў зносінах з людзьмі, што чакаю ад іх учынкаў, а не словаў.

Настасся Пырх, студэнтка:

— Калі не верыць, як жыць? Любое абяцанне разглядаць скрозь прызму падману? Не. Я па-іншаму стаўлюся да такіх рэчаў. Вядома, калі мой хлопец, звычайны студэнт, паабяцае мне дом на Канарах, то мне складана будзе гэта прыняць як рэальны план дзеянняў. Іншая справа — мара, у якую ён сам шчыра верыць. Чаму б і не? Бо ніхто не ведае, якім марам наканавана спраўдзіцца, а якім не. У любым выпадку верыць ці не верыць залежыць ад твайго стаўлення да чалавека, які дае абяцанне. Наколькі ён надзейны, ці падводзіў калі-небудзь, ці важкае яго слова.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter