На «Беларусь 3» представят тематический эфир ко Дню письменности, а на СТВ покажут финал «Живой классики»

Cлова назаўсёды

Тэматычны эфiр да Дня беларускага пiсьменства i конкурс «Жывая класiка»

У суботу i нядзелю Iвацэвiчы прымаюць ХХХI Дзень беларускага пiсьменства. Трансляцыi асноўных канцэртаў форуму i тэматычную праграму перадач прапануе ў гэтыя днi тэлеканал «Беларусь 3», творчая група якога правядзе святочныя днi разам з жыхарамi i гасцямi Iвацэвiчаў у выязной студыi.

Фото из архива «СБ»

У поўнай ступенi адчуць атмасферу маштабнага свята тэлегледачы змогуць дзякуючы галоўным падзеям тэматычнага эфiру. У суботу ў 21:00 нашай увазе — цырымонiя адкрыцця Дня беларускага пiсьменства i святочны канцэрт. А вось прамую трансляцыю цырымонii закрыцця форуму гледачы ўбачаць у першы дзень восенi ў 14:00.

Тэлеканал СТБ таксама далучыцца да святкавання Дня беларускага пiсьменства. У нядзелю эфiр СТБ запоўнiць класiка. I прагучыць яна ў выкананнi фiналiстаў рэспублiканскага конкурсу юных чытальнiкаў «Жывая класiка». Прадзюсар СТБ Iрына Вайтцэль, якая другi год запар займаецца гэтым праектам, дадае:

— У фiнал прайшло 15 дзетак. I кожны чытаў айчынных творцаў так пранiклiва i шчыра, што я слухала праз слёзы, нават мурашкi па скуры бегалi… Напрыклад, адна з дзяўчынак, вучанiца Магiлёўскага абласнога лiцэя № 3, выбрала твор Антона Бялевiча «Смерць Маланнi». Выйшла ў просценькай сукенцы, басанож, са свечкай у руцэ… I гэта было так кранальна, далiкатна, чуллiва!.. Дарэчы, удзельнiкi здзiвiлi мяне не толькi выключнай падрыхтоўкай, але i добрай памяццю. Бо адна справа — вывучыць вершаваныя радкi i зусiм iншая — запомнiць па 3 — 4 старонкi прозы.
Цiкавы факт: найбольшай папулярнасцю сярод аўтараў карысталiся Кандрат Крапiва, Аркадзь Куляшоў i Пятрусь Броўка. 
Iх творы выбралi адразу некалькi фiналiстаў конкурсу. А вось каго з iх адзначылi члены журы, даведаемся ў эфiры СТБ 1 верасня.

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter