Cлова на Вялiкдзень 2007 года

Пасхальное послание
Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; ён уваскрос (Лк 24, 5 — 6).

Гэтыя словы прамовiў Анёл да жанчын у велiкодную ранiцу. Яны пасля свята Пасхi прыйшлi да грабнiцы, каб выканаць традыцыйныя абрады над нябожчыкам, чаго не паспелi зрабiць падчас пахавання. Прыйшлi ў смутку ад страты свайго Настаўнiка i Цудатворцы, якога чалавечая нянавiсць пазбавiла жыцця. Але сутыкнулiся з фактам знiкнення цела Хрыста з грабнiцы, куды яно было пакладзена ў Вялiкую пятнiцу, калi блiзкiя вучнi, зняўшы яго з крыжа, з пашанаю пахавалi. Толькi хвiлiну ў iх была няўпэўненасць, разгубленасць i слёзы. Незнаёмы каля грабнiцы запытаўся: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» (Ян 20, 15). I ў Iм Марыя пазнае Таго, каго лiчыла памерлым...

Iмклiва развiвалiся падзеi ў велiкодную ранiцу. Вестку пра ўваскрасенне Хрыста перадавалi з вуснаў у вусны жыхары Ерузалема i iншых мясцовасцяў. Дзякуючы першым сведкам пустой грабнiцы пра падзеi велiкоднай ранiцы даведалiся многiя, а сёння ведае ўвесь свет.

Сёння мы святкуем тую вялiкую падзею. Гэта не проста нейкая сенсацыя: хрысцiяне называюць яе таямнiцаю. Але гэта здарылася. Першы раз у гiсторыi чалавецтва грабнiца апусцела. Пан не памёр, але спiць — так разважае Касцёл у Вялiкую суботу. ён перамог смерць.

Пустая грабнiца сведчыць пра той факт, што Езус уваскрос. ён адчынiў брамы раю, якiя былi зачыненыя перад чалавекам з прычыны першароднага граху нашых прабацькоў Адама i Евы. Вось чаму надзея велiкоднай ранiцы не пакiдае абыякавымi жыхароў зямлi. «Хрыстос уваскрос з памерлых», — так гучыць велiкодны спеў вернiкаў. ён прайшоў праз адхлань i сваiм уваскрасеннем прынёс радасць тым праведнiкам, якiя перад Яго прыйсцем адышлi з гэтага свету. Мы штодзённа згадваем пра гэта, прамаўляючы Сiмвал веры.

Адзiная пустая грабнiца ў гiсторыi чалавецтва сведчыць пра тое, што жыццё змяняецца, але не сканчваецца. Яно працягваецца ў iншым вымярэннi. Езус сустракаецца з вучнямi, дазваляе дакрануцца да ранаў на Яго руках i да свайго прабiтага боку. Вучнi пераконваюцца ў тым, што гэта не з’ява i не сон — гэта iх Настаўнiк, якога яны слухалi, якi быў забiты бязбожнiкамi. Гэта iх умiлаваны Месiя, якога пахавалi ў новай грабнiцы. ён уваскрос!

Уваскрасенне адбылося нечакана, вучнi не былi падрыхтаваныя да такога развiцця падзеяў, але пасля сустрэчы з Уваскрослым жыццё тых, хто шчыра паверыў, грунтоўна перамянiлася. Яны сталi сведкамi ўваскрасення i пачалi абвяшчаць у свеце таямнiцу велiкоднай ранiцы, пустой грабнiцы Хрыста, i гэтаму цалкам прысвяцiлi сваё жыццё, як сведчаць Дзеi Апосталаў.

Да прыняцця таямнiцы велiкоднай ранiцы кожны католiк рыхтуецца на працягу перыяду Вялiкага посту, якi папярэднiчае святу. Так, як вучнi Езуса, як жанчыны, якiя першыя ўбачылi пустую грабнiцу, няхай кожны з нас атрымае адноўленую ласку моцнай веры.

Вера ва Ускрослага Хрыста няхай дапамагае хворым людзям з трывалаю надзеяй несцi цяжкi крыж хваробы. Тым, хто дапамагае хворым, церпячым, нямоглым, святло Хрыстовага ўваскрасення няхай будзе крынiцаю новых сiлаў у iх ахвярным служэннi. Разважанне пра цуд уваскрасення Езуса няхай дапамагае ўсiм, ад каго шмат у чым залежыць будучы лёс чалавецтва, бескампрамiсна служыць праўдзе i несцi людзям дабро i надзею.

Няхай Уваскрослы дапаможа кожнаму ў пошуках свайго месца ў жыццi, свайго служэння ў грамадстве. Дзякуючы разважанням пра таямнiцу ўваскрасення тыя, каго Хрыстус клiча да асаблiвага служэння ў Яго Касцёле, няхай па прыкладзе апосталаў прымуць мужнае рашэнне i стануць на шлях абвяшчэння Добрай Навiны ў сённяшнiм секулярызаваным свеце. У свеце, якi з цiкаўнасцю разглядае старыя i новыя тэорыi знiкнення Хрыста; у свеце, якi да сённяшняга дня сумняваецца ў тым, што грабнiца сапраўды апусцела.

Выбар святарскага паклiкання, выбар манаскага жыцця ў сучасным свеце — гэта яскравае сведчанне для ўсiх, што ў велiкодную ранiцу грабнiца сапраўды была пустою.

Вестка пра ўваскрасенне Пана няхай дадасць мужнасцi ўсiм бацькам у выхаваннi дзяцей у адпаведнасцi з маральнымi нормамi Касцёла — супольнасцi, заснаванай Хрыстом.

Няхай з нашых вуснаў сёння i на працягу ўсяго Велiкоднага перыяду ўсе навокал пачуюць воклiч радасцi i надзеi: «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды уваскрос! Аллелюя!»

Бiскуп Антонi ДЗЯМ’ЯНКА, Апостальскi Адмiнiстратар Мiнска–Магiлёўскай архiдыяцэзii.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter