Гостей фестиваля «Город и Книги» ждет более 150 разнообразных мероприятий

Чытаюць усе!

Хто яшчэ не верыць, што беларусы — чытаючая нацыя? Завітайте на фестываль «Горад і Кнігі», які пройдзе 19—20 красавіка ў Навуковай бібліятэцы БНТУ.

Першы гарадскі кніжны фестываль узнік у Мінску пяць гадоў таму намаган­нямі некалькіх настойлівых энтузіястаў. За гэты час форум не толькі не зжыў сябе, але і аброс цікавымі праектамі, адданымі прыхільнікамі. Дзякуючы дапамозе ва­ланцёраў і фінансавай дапамозе неабыякавых да чытання беларусаў фестываль, які не мае ўласнага бюджэту, штогод радуе арыгінальнымі мерапрыемствамі і сустрэчамі з вядомымі замежнымі аўтарамі.

Фота БЕЛТА

Так, у мінулых форумах удзельнічалі Анастасія Арлова, Марына Арамштам, Юя Вісландэр, Святлана Прудоўская, Аляксандр Панчын, Дзмітрый Пабядзінскі, Ніна Дашэўская, Наталля Волкава. Сёлета на фестываль прыедуць украінская пісьменніца ў жанры падлеткавай фантастыкі і фэнтэзі Наталля Шчэрба і расійскія эксперты — галоўны рэдактар выдання «Горький» Канстанцін Мільчын і мастак-ілюстратар Антон Ламаеў. Грошы на аплату праезда, пражывання і харчавання аўтарам з блізкага замежжа збіралі на краўдфандынгавай платформе. У выніку атрымалі нават больш сродкаў, чым планавалі. А значыць, у арганізатараў форуму «Горад і Кнігі» ёсць магчымасць яшчэ больш здзівіць сваіх гасцей.

Але і без таго праграма фестывалю літаральна трашчыць па швах. Запланавана больш за 150 мерапрыемстваў: спектаклі па кнігах, гучныя чытанні, майстар-класы, літаратурныя гульні, адкрытыя лекцыі, экскурсіі і многае іншае. Мерапрыемствы разлічаны на чытачоў самых розных узростаў. Дашкольнікам адрасаваны інтэрактыўны спектакль «Імянінны пірог» па кнізе шведскага пісьменніка Свэна Нурд­кві­ста — пастаноўка дзіцячага тэатра «Какао». А чытачоў 18+ напэўна зацікавіць лекцыя Наталлі Масюкевіч «Складаныя кнігі. Чытаць ці не чытаць?»

Першы фестывальны дзень плаўна перацячэ ў Бібліяноч. Распачне яе тэкстава-музычны перформанс ад кніжнай серыі «Амерыканка» — перакладчык Сярж Мядзьведзеў і Ігар Кулікоў падпішуць кнігі ў абстаноўцы, набліжанай да атмасферы раманаў «Чытво» і «Байцоўскі клуб». Акрамя таго, чытачоў чакаюць праслухоўванне аўдыёзапісу кнігі Гунілы Бэргстрэм пра Біла з Болай і музычная імпрэза-прэзентацыя, прысвечаная аўдыёкнізе швейцарскага аўтара Брыгіты Шэр «Пакатун і Паляжун. Гісторыі з жыцця». Традыцыйна на фестывалі можна будзе набыць кнігі па прыемных цэнах.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter