Чытаючая нацыя

Нават у камп’ютарны век кожны чацвёрты беларус ходзіць у бібліятэку і чытае кнігі айчынных аўтараў

Нават у камп’ютарны век кожны чацвёрты беларус ходзіць у бібліятэку і чытае кнігі айчынных аўтараў

Да такой высновы прыйшлі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, калі правялі даследаванне ў бібліятэках краіны. Пасля прафесійнага агляду кніжных паліц быў складзены рэйтынг самых папулярных літаратараў.

Як расказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, прынцып пабудовы рэйтынгу даволі просты. Грамадскае аб’яднанне налічвае сёння каля шасцісот чалавек. З іх было выбрана сорак восем імёнаў, што найбольш часта згадваюцца ў СМІ і запытваюцца ў бібліятэках. У абласных, гарадскіх, раённых, сельскіх бібліятэках і бібліятэках міністэрстваў і ведамстваў Беларусі былі падлічаны ўсе кнігі гэтых літаратараў і вызначана дакладная колькасць іх чытачоў. У выніку стала вядома, што за апошнія два гады іх кнігі прачыталі каля двух з паловай мільёнаў чалавек. Самыя папулярныя ў рэйтынгу — Мікалай Чаргінец, Раіса Баравікова, Георгій Марчук, Мікола Мятліцкі, Алесь Бадак.

У час даследавання Саюза пісьменнікаў Беларусі стала вядома, што далёка не ўсе бібліятэкі краіны маюць у сваіх фондах кнігі сучасных айчынных аўтараў. Аднак у інтэрнэце адзначаецца паступовае пашырэнне іх прысутнасці. І гэта нягледзячы на стэрэатып аб тым, што, маўляў, беларускіх пісьменнікаў не чытаюць. “Аднак часта інтэрнэт-магазіны прадаюць мае, у прыватнасці, кнігі, без майго на тое дазволу, — адзначыў Мікалай Чаргінец. — І гэта праблема, якую патрэбна вырашаць. У Беларусі павінен працаваць надзейны інстытут аховы аўтарскага права ў інтэрнэце”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter