Чытаць, каб жыць, або Гламур у пошуках кнігалюбаў.

Кожны раз, калі заходжу ў кнігарню, успамінаю дзяцінства. Пачуццё радасці і нават нейкай урачыстасці ахоплівала мяне, калі брала ў рукі новенькую кнігу з паліцы, адкрывала яе і, уражаная рознакаляровымі карцінкамі, пахам паліграфічнай фарбы, бегла да мамы з просьбай купіць новую кніжку. А сёння ў тым будынку, дзе была “мая” кнігарня, размешчаны прадуктовы магазін. Кніжкі “прапісаліся” ва ўнівермагу і займаюць там усяго толькі некалькі стэлажоў. Такі ж лёс напаткаў шмат іншых кніжных магазінаў у невялікіх гарадах і мястэчках нашай краіны. У чым жа справа? Чытаць сталі менш? Чаму? Можа, цікавых кніг не пішуць, не выдаюць? Альбо чытач стаў больш прагматычным ці спакуслівым на іншыя варыянты баўлення вольнага часу? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні і даведацца пра самыя запатрабаваныя кнігі ў пакупніка, адправілася ў паход па кнігарнях сталіцы, гарадскога пасёлка Карэлічы, горада Іўе, што на Гродзеншчыне, мястэчка Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна. І вось вынікі гэтага падарожжа.

Ці знаходзіць беларуская кніга чытача?

Найперш заходжу ў сталічную “Акадэмкнігу”. Да касы выцягнулася чарга. Што купляюць? Нехта сшыткі ды паштоўкі. А хтосьці стаіць са стосам кніг у руках. “Асабліва нашы пакупнікі цікавяцца творамі мастацкай літаратуры, якая ўключана ў школьную праграму, — расказвае прадавец-кансультант кнігарні Наталля Ражкова. — Гэта літаратура — сацыяльна значная, таму і кошт у яе дзякуючы дзяржаўным датацыям не такі высокі. Але ёсць і тыя, для каго любоў да кнігі не атаясамліваецца з цаной. Добра прадаецца дзіцячая Чырвоная кніга, кнігі казак, творы замежных аўтараў, перакладзеныя на беларускую мову, “Дзікае паляванне караля Стаха” на трох мовах Уладзіміра Караткевіча, “Зялёны лісток на планеце Зямля” Янкі Сіпакова, “Беларуская спадчына. Анталогія” ў дзвюх кнігах. Хацелася, каб з’яўлялася больш альбомаў пра мастацтва Беларусі, на якія попыт ёсць, а прапанаваць асабліва няма чаго. Не хапае альбомаў-прэзентацый пра Мінск на замежных мовах. Летам было мноства турыстаў, жадаючых даведацца пра Беларусь!”
У Доме кнігі “Светач” — таксама чарга да касы. Адразу на ўваходзе ў гандлёвую залу — “вяртушка” з творамі беларускіх класікаў: Якуб Колас, Васіль Быкаў, Іван Шямякін... Прыцягвае позірк стэнд з беларускімі кніжкамі для маленькіх чытачоў. Казкі, вершы, апавяданні, аповесці на беларускай мове. Нехта купляе па тры-чатыры кнігі: “Залатую кнігу казак”, “Беларускія народныя казкі” з цудоўна аздобленымі вокладкамі, якаснай паперай, цікавымі анатацыямі і, канечне, зместам. Але калі на беларускім стэндзе — адны чытанкі, то на расійскім — вочы разбягаюцца ад разнастайнасці прадстаўленых кніг. Тут і музычныя кніжкі, і кнігі-панарамкі, кнігі-тэатры, кнігі з чароўным маркерам, маляванкі. Больш кніг для дзяцей ад аднаго года — “Мои первые слова”, “Мой день”, “Цветы”, “Животные”, з укладкай кавалачкаў тканіны рознай фактуры для развіцця датыкальных пачуццяў дзяцей. Але і кошт у іх — утрая вышэйшы, чым у беларускіх. Калі рознакаляровая айчынная кніга ў цвёрдым пераплёце каштуе ад 17 тысяч, то за кнігу расійскіх выдавецтваў патрэбна выкласці каля сямідзесяці.

Чытаць няма калі?

У сталіцы цікавасць да мастацкай літаратуры не згасае, а ў правінцыі — зусім іншая карціна. У гэтым упэўнілася падчас паездкі ў горад Іўе, што на Гродзеншчыне. Сярод кніг беларускіх выдавецтваў, прадстаўленых на некалькіх паліцах кніжнага аддзела галоўнага магазіна райцэнтра, няма ніводнай кнігі сучаснага беларускага аўтара. “Цікавасць да твораў на беларускай мове падае, — расказвае загадчыца аддзела “Эрудыт” іўеўскага ўнівермага Марына Горбач. — Сярод пастаянных пакупнікоў беларускай класікі — настаўнікі. А той, хто проста хоча пачытаць, ідзе ў бібліятэку”.
На другім паверсе карэліцкага ўнівермага — падобная карціна. Загадчыца аддзела “Культтавары” Валянціна Бязмен расказвае, што сярод прыкладна пяцідзесяці прадстаўленых беларускіх кніг значную частку складае мастацкая літаратура, патрэбная школьнікам па праграме, а таксама прыгожыя фотаальбомы пра Беларусь. “Мастацкая літаратура не карыстаецца шырокім попытам сёння, — гаворыць яна. — Купляюць кнігі айчынных выдавецтваў часцей у падарунак ці калі едуць за мяжу. Увогуле кнігі чытаць сталі менш. Больш працуем на зямлі, таму чытаць паспяваем толькі газеты. Дзіцячая літаратура, вучэбныя дапаможнікі разыходзяцца хутка, на гэта бацькі грошай не шкадуюць”.
У гарадскім пасёлку Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна, што на Гомельшчыне, кніжны аддзел (усяго дзве секцыі) размешчаны ў магазіне “Прамысловыя тавары”. Віднае месца займаюць дэтэктывы, жаночыя раманы, містычныя. Сярод беларускіх кніг — выданні з серыі “Школьная бібліятэка”. “Больш закупляем расійскія выданні, — расказвае загадчыца магазіна Ірына Краснік. — Імі цікавяцца, іх купляюць. Твораў маладых беларускіх аўтараў у нашым аддзеле ніколі не было”.

Літаратурны стрыптыз — гэта крута?

Убачанае падчас рэйду па кнігарнях правінцыі не можа не хваляваць. Не кожная беларуская кніга знаходзіць свайго чытача. Атрымліваецца, што нашы пісьменнікі пішуць творы самі для сябе?
Не згодны з гэтым галоўны рэдактар часопіса “Нёман”, кіраўнік секцыі па рабоце з моладдзю пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі пісьменнік Алесь Бадак, які ў час круглага стала на тэму “Развіццё сучаснай маладой літаратуры: падтрымка юных талентаў у Рэспубліцы Беларусь”, арганізаванага грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы, зазначыў, што сённяшняя маладая беларуская літаратура надзвычай цікавая, разнастайная і такой яна ніколі не была. “Сучасную літаратуру можна параўнаць з літаратурай 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі жылі і працавалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Цётка”, — гаворыць Бадак. — Беларусь сёння — краіна паэтэс: колькасна дзяўчат, якія пішуць вершы, больш, чым юнакоў. Да прозы аўтар прыходзіць пазней”.
Беларуская кніга становіцца менш запатрабаванай у чытача, таму што прастора беларускага слова зніжаецца, лічыць літаратурны крытык, выкладчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Маргарыта Аляшкевіч. “Гэта адчуваецца і ў асяродку студэнтаў, — расказвае яна. — Ім складана выказваць свае думкі па-беларуску. А тым больш пісаць мастацкія творы на роднай мове. Але ўсё ж ёсць сярод моладзі перспектыўныя аўтары. Сёлета ўбачылі свет кнігі Віталя Рыжкова “Дзверы, замкнёныя на ключы”, Ігара Кулікова “Паварот на мора”, Марыйкі Мартысевіч “Амбасада”, Антося Францішка Брыля “Не ўпаў яшчэ жолуд”.

“Эротыка” па-беларуску

Маладому аўтару цяжка выдаць кнігу. Каб быць цікавымі сучаснаму чытачу, патрэбна ўключыцца ў пануючую зараз эпоху шоу-цэнтрызму. Малады празаік Алена Беланожка напісала раман пад інтрыгуючай назвай “Эротыка”. Але дзе ўзяць дзве тысячы долараў на яе выданне, не ведае. Крэдыт у банку на выданне кніжкі не даюць. Пайшла шукаць спонсараў, і ўсюды маладой пісьменніцы казалі, што ў праекце няма прыбытку. Каб прыцягнуць увагу моладзі да свайго праекта, яна гатова арганізаваць вечарыну ў начным клубе з мужчынскім стрыптызам. Але нават гэта, упэўніваюць кнігавыдаўцы, не зможа “адбіць” затрачаныя грошы.
Спалучэнне літаратуры і эпатажу ў нечым магло б мець добры плён. Памятаецца, летась нарабіў шуму каляндар з эратычнымі фотаздымкамі беларускіх пісьменніц і паэтэс, а таксама чорна-белыя ню-паштоўкі айчынных пісьменнікаў. Творцы не пабаяліся крыху распрануцца, каб стаць бліжэй да чытача. Хочацца верыць, што хтосьці, захапіўшыся знешняй прыгажосцю літаратараў, зацікавіцца іх кнігамі. 
Рэдакцыя часопіса “Маладосць” таксама вырашыла змагацца з эпохай шоу-цэнтрызму яе ж інструментарыем. Каб перамагчы цягу юнага чытача да гламуру ў розных варыянтах, “Маладосць” робіць спробу падпарадкаваць гламур высокім мэтам — змяшчае на сваёй вокладцы фота маладога аўтара. Так, на думку стваральнікаў часопіса, чытач, зірнуўшы ў разумныя вочы паэтэс Ганны Федарук, Маргарыты Латышкевіч, фота якіх размешчаны на вокладках апошніх нумароў, купіць менавіта літаратурнае выданне, а не які-небудзь глянцавы часопіс. “За фотаздымкам прыгожай дзяўчыны знойдзеце нізку вершаў альбо раман, — гаворыць галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Таццяна Сівец. —  Мы павінны ведаць у твар нашых аўтараў. Каб ніхто не казаў, што наша літаратура скончылася недзе на ўзроўні Купалы, Коласа, Багдановіча”.
Зараз пануе масавая культура, таму літаратуру патрэбна неяк уводзіць у гэты кантэкст. Значным крокам наперад магло б стаць стварэнне асобнага айчыннага інтэрнэт-партала, на якім знайшлося б месца і для твораў сучасных аўтараў, і для літаратурнай крытыкі. І каб зрушыць гэты камень з месца, спачатку патрэбна перамагчы спрадвечна беларускую самоту і надзею, што хтосьці зробіць гэта за нас.

Алесь БАДАК: “Сучасную літаратуру можна параўнаць з літаратурай 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі жылі і працавалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Цётка”

ТОП-7

Што чытаюць беларусы?

  • Уладзімір Караткевіч. “Каласы пад сярпом тваім”
  • Якуб Колас. Збор твораў. 15-ы том.
  • Беларускія народныя казкі. Укладанне Н.В. Філіповіч
  • Наталля Батракова. “Площадь согласия”
  • Анатоль Бутэвіч. “На далонях вечнасці”
  • Оксана Котович, Янка Крук. “Золотые правила народной культуры”
  • Людмила Улицкая. “Зеленый шатер”

(Па даных мінскіх кнігарняў “Акадэмкніга”, “Светач”, “Эўрыка”, “Кніжная скарбонка”)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter