В Беларуси сохраняются уникальные традиции древнего звонарства

Чыстыя гукі

Звон — адзін з самых старажытных музычных інструментаў у свеце. Аб паходжанні званоў вядома вельмі мала, яны былі знаёмы многім народам. На Русі ж званы з’явіліся неўзабаве пасля прыняцця хрысціянства. На жаль, у савецкія часы, калі панаваў ваяўнічы атэізм і паўсюль знішчаліся храмы, традыцыі званарства былі амаль забыты, а адраджацца пачалі пасля знікнення СССР.


У Мінску школа званароў была створана ў 1996 годзе ў прыходзе іконы «Усіх тужлівых Радасць». У 2000-м яна была ператворана ў Школу званароў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. У яе прымаюцца ўсе жадаючыя з 18 гадоў, па заканчэнні выдаецца пасведчанне. За амаль два дзесяцігоддзі існавання школы падрыхтавана больш за 80 званароў, якія дабравесцяць ва ўсіх епархіях Беларускага экзархата і за яго межамі — у Латвіі, Украіне, Расіі, Польшчы. Навучэнцы школы сталі лаўрэатамі прэстыжных міжнародных фестываляў і конкурсаў.

З сівых часоў існавала асаблівая звонавая музыка да такіх важных жыццёвых падзей, як хрышчэнне, заручыны, вяселле, пахаванне... Старажытныя матывы не забыты і сёння. Дарэчы, пачуць чыстыя гукі звонавай музыкі можна не толькі ў храмах. У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту штогод прахо­дзіць унікальны фэст звону пад адкрытым небам «Строчыцкія званы». Сёлета ён адбудзецца ў суботу, 4 верасня. Як паведамляе etna.by, пачнецца свята з малебна святому Паўліну Міласціваму, які лічыцца нябесным заступнікам званароў і прыкладам спачування, чалавекалюбства. Пасля малебна запланавана насычаная праграма для ўсёй сям’і. Мерапрыемства благаславіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы экзарх ўсяе Беларусі Веніямін.


На фэсце выступяць званары з розных рэгіёнаў краіны, ансамбль цымбалістаў «Залатая струна» і народны хор «Бліскавіца» Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі, ансамбль Братэрства званароў у імя святога Паўліна Міласцівага Мінскай мітраполіі. Акрамя таго, у праграме свята знаёмства з гісторыяй званоў, літаратурна-мастацкія замалёўкі, майстар-класы — кожны жадаючы зможа паспрабаваць сябе ў ролі званара. Свята накіравана на адраджэнне ўнікальнай з’явы — храмавай звонавай музыкі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter