Як МАРГ будзе абараняць правы спажыўцоў у iнтэрнэт-магазiнах

Чысціня віртуальных вітрын

Гандаль усё больш сыходзіць у інтэрнэт. Таму, калі бачыш яго нязначную долю ў рознічным тавараабароце краіны — усяго 2,8 працэнта ў мінулым годзе, шчыра дзівішся. Здаецца, чаго толькі ў сетцы не купляюць: бытавую тэхніку, планшэты, абутак, адзенне, запчасткі і нават прадукты. У той жа час хуткасць і зручнасць віртуальнага шопінгу не заўсёды гарантуюць якасць аказанай паслугі або атрыманага тавару. І хоць масавых парушэнняў, як гэта было ў 2014—2015 гадах, у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю не фіксуюць, але прызнаюць: шэраг сістэмных праблем у сферы ёсць. Таму юбілейны дваццаты Дзень абароны правоў спажыўцоў у нас праходзіць пад дэвізам «Зробім лічбавыя рынкі справядлівымі і сумленнымі».

За апошнія гады колькасць інтэрнэт-крам вырасла ў разы.
sb.by

Сярод частых нараканняў грамадзян — непастаўка тавараў у абумоўленыя тэрміны. Сказалі, што прывязуць духоўку праз два дні, а па факце чаканне зацягваецца на тыдзень. Абвінавачваюць віртуальныя аб'екты ў непунктуальнасцi. Сама не раз сутыкалася з падобнымі сітуацыямі. Спецыяльна адпрошваешся з працы, бяжыш-спатыкаешся, чакаеш... А кур'ер у ваду знiк. Дзівіць непрабіваемасць кіраўніцтва інтэрнэт-магазiнаў у такіх выпадках. Яны становяцца на бок работніка, які нібы паўгадзіны стаяў пад дзвярыма і тэлефанаваў у дамафон пасля 22.00. Знайсці канцы ў той гісторыі так і не ўдалося. У выніку ў мяне застаўся непрыемны асадак, у прадаўца — скарга, а грошы сышлі канкурэнту.

Што яшчэ не так робяць інтэрнэт-магазiны? Хаваюць ці размяшчаюць недакладную інфармацыю пра тавар, прадаўца, вытворцу. Прадаюць няякасныя або «шэрыя» рэчы. І часам усяляк ухіляюцца ад просьбы пакупніка замяніць сумніўны тавар або вярнуць за яго грошы. Адзін з «дасціпных» выхадаў з сітуацыі — унесці нумар грамадзяніна ў «чорны спіс». І чалавеку даводзіцца ісці на пошту і высылаць заказным лістом свае патрабаванні. Старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша рэкамендуе адсылаць тэлеграмы — даражэй, але хутчэй. Як варыянт — звярнуцца на інтэрнэт-пляцоўку, на якой размешчаны магазін. Яны павінны дастукацца да некантактнага бізнэсмэна. Некалькі абгрунтаваных заўваг у год — яму пагражае «высяленне». Складаней у гэтым плане ўзаемадзейнічаць з кропкамі, у якіх свой сайт. А што рабіць з рашэннямі судоў, калі прадаўцоў абавязваюць вярнуць грошы, пытанне адкрытае. Выконваецца толькі 10—15 працэнтаў пастаноў...

Нярэдка ў сетцы сустракаюцца тавар ці паслугі, доступ да якіх нашым заканадаўствам абмежаваны. Напрыклад, замест лекаў, што ўжо забаронены, прадаюць самыя розныя прадукты. Прычым некаторыя сайты знаходзяцца па-за нашай даменнай зонай і звязацца з прадаўцом не атрымліваецца. Тады МАРГ звяртаецца ў Мiнiнфармацыі з просьбай заблакіраваць доступ да несумленнай старонкi. У мінулым годзе «зачынялі» 44 сайты. У тым ліку і тыя, што нелегальна прапаноўвалі паслугі форэкс.

Чаму дзівіцца: за апошнія пяць гадоў колькасць інтэрнэт-магазінаў вырасла ў 2,8 раза. На пачатак года ў гандлёвым рэестры іх налічвалася ўжо амаль 16,2 тысячы. А калі ўзяць іх тавараабарот, то за апошнія восем гадоў ён вырас у 25,8 раза. Бескантрольнага развіцця быць не можа. У дапамогу — актуальнае заканадаўства. Цяпер якраз рыхтуецца да другога чытання абноўлены Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». У ліку чаканых новаўвядзенняў — забарона прызначаць розныя цэны на тавар у залежнасці ад спосабу аплаты. Грошы за пакупку трэба будзе вяртаць у той жа форме, у якой прайшоў плацёж. Праўда, бакі могуць дамовіцца аб іншым. Не трэба будзе мець пры сабе пашпарт пры вяртанні тавару, калі ён не патрэбен быў першапачаткова.

Пералік абавязковай інфармацыі аб тавары дапаўняецца звесткамі аб краіне яго паходжання. У тэхрэгламентах Мытнага саюза ёсць паняцце «краіна паходжання», таму што вытворца можа знаходзіцца, напрыклад, у Германіі, а тавар вырабляецца ў Кітаі. Павялічваецца тэрмін на правядзенне гарантыйнага рамонту з 14 да 30 дзён, калi спажывец згодны. Мяркуецца ўвесці абавязак гарантыйных майстэрняў ажыццяўляць па заяўцы прадаўцоў праверку якасці на працягу ўсяго трох дзён. Прапрацоўваецца яшчэ адна норма — змяненне парадку скасавання дагавора на куплю тэхнічна складанага тавару. Зараз гэта можа адбывацца ў любым выпадку пры праяве вытворчага недахопу. Але надалей прапануецца абменьваць тавар або патрабаваць грошы, калі любы недахоп праявіць сябе на працягу 30 дзён. Пазней толькі пры выяўленні істотнага недахопу. Гэта калі затраты на ліквідацыю перавышаюць трэць кошту тавару альбо рамонт зойме больш за месяц.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter