Чыстая, светлая Вербнiца

Заўтра католiкi Беларусi адзначаць Вербную нядзелю

Заўтра, якое б надвор’е нi было, да каталiцкiх храмаў Беларусi выстраяцца ўрачыстыя чэргi прыбраных людзей. У руках у кожнага будуць упрыгожаныя яркiмi кветкамi галiнкi вярбы — сiмвал тых самых пальмавых галiн, якiмi дзве тысячы гадоў назад вiталi жыхары Ерусалiма ўязджаючага ў iх горад прарока, якi расказваў усiм аб любовi да блiжняга, аб тым, што засмучаныя суцешацца, мiласэрныя пазнаюць мiласэрнасць, а мiратворцы назавуцца сынамi Божымi. Людзi яшчэ не ведалi, што гэты прарок праз некалькi дзён узыдзе на крыж, каб выкупiць усе iх грахi, каб выратаваць усiх iх. Яны проста ў тым жорсткiм свеце цi не ўпершыню чулi пранiкнёныя словы аб справядлiвасцi, дабрынi, любовi як аб вызначаючых iснаванне паняццях. I гэта было падобна на светлую мару, якой, сам таго не ведаючы, жыў кожны, на Валадарства Нябеснае, якое наступiць i на зямлi, калi такiя простыя рэчы, якiя Ён прапаведаваў, стануць вялiкай праўдай у жыццi кожнага... Людзям хацелася ў гэта верыць, i таму яны вiталi таго, хто ўязджаў у iхнi  вечны горад на белым асле, i махалi Яму пальмавымi галiнамi, i крычалi яму славу... Праз колькi дзён тыя самыя людзi хорам будуць крычаць “Распнi  яго!”, але ў той момант урачыстай сустрэчы яны сапраўды верылi, яны хоць на некалькi хвiлiн былi лепшымi, i гэта, бадай, i ёсць апраўданне i сэнс Яго найвялiкшай ахвяры.
Ахвяра была недарэмнай. Хаця б таму, што нават праз дзве тысячы год мiльёны людзей увесну, якое б нi было надвор’е, стаяць са святочнымi галiнкамi ля храма. Вiтаючы Яго ў сваёй душы. Паўтараючы ў думках словы, якiя чулi ад Яго тыя, хто стаяў ля ерусалiмскай брамы: “Блаславёныя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Блаславёныя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну... блаславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць... Блаславёныя галодныя i прагнучыя справядлiвасцi, бо яны насычаныя будуць”... Верачы ў гэтыя словы, як у найвялiкшую праўду iснавання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter