Юрый Папоў прэзентаваў ваенна-гістарычную кнігу “Гара і манастыр”

Чырвоныя макi Монтэ-Касiна

Напярэдадні 70-годдзя Перамогі журналіст Юрый Папоў прэзентаваў ваенна-гістарычную кнігу “Гара і манастыр”
НАПЯРЭДАДНІ 70-годдзя Вялікай Перамогі беларускі журналіст Юрый Папоў прэзентаваў ваенна-гістарычную кнігу “Гара і манастыр”, прысвечаную жорсткай бітве ў маі 1944 года за італьянскую гару Монтэ-Касіна, дзе ў інтэрнацыянальным корпусе пад камандаваннем польскага генерал-лейтэнанта Уладзіслава Андэрса змагаліся і беларусы.


Беларусы на ваенным мемарыяле ў Монтэ-Касіна.

КОРПУС генерала Андэрса фарміраваўся на тэрыторыі СССР у адпаведнасці з савецка-польскай дамоўленасцю ад 12 жніўня 1941 года. Штаб размяшчаўся ў арэнбургскім мястэчку Бузулук. Сярод ваеннаслужачых былі і беларусы, таму што перад пачаткам вайны Заходняя Беларусь знаходзілася пад Польшчай.

Як адзначае аўтар, у час фарміравання польскай арміі на тэрыторыі СССР узніклі супярэчнасці паміж польскім эміграцыйным і савецкім урадамі. Першапачаткова прызыў у польскія часці ажыццяўляўся незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Але ў хуткім часе савецкі бок стаў выказваць недавер польскаму ўраду ў тым, што ён можа выкарыстаць беларусаў і ўкраінцаў у спрэчках аб ўсходняй мяжы Польшчы. Дзяржаўны камітэт абароны СССР выдаў загад, які забараняў прымаць у польскае войска прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей. Дазвалялася займацца мабілізацыяй толькі савецкім ваенкаматам, змешаныя савецка-польскія прызыўныя камісіі былі ліквідаваны.

Так ці гэтак, але ўжо ў сярэдзіне 1942 года ў ваенным корпусе Андэрса налічвалася звыш 75 тысяч байцоў, якіх пераправілі ў Іран, дзе яны перайшлі ў падпарадкаванне брытанскага камандавання. Далей шлях ляжаў праз Ірак, Паўночную Афрыку — там яны змагаліся супраць італа-германскіх войскаў. Тагачасны польскі пасол у СССР Станіслаў Кот характарызаваў нашых землякоў у ваенным корпусе генерала Андэрса, як найлепшых воінаў. Ім выпала змагацца ў жорсткай бітве не толькі за італьянскую гару-крэпасць Монтэ-Касіна, але і за вызваленне Балонні, прымаць удзел у баявых аперацыях на Адрыятычным узбярэжжы. І ўсюды нашы суайчыннікі праяўлялі ўзоры самаадданасці і гераізму. У баях за Монтэ-Касіна асабліва вызначыўся стралок 13-га батальёна “Рысь” 5-й дывізіі Рыгор Булак, які, рызыкуючы жыццём, праклаў шлях праз міннае поле баявым сябрам. Адважны воін страціў у гэтым баі руку, нагу і вока.

Стралок першага батальёна Уладзімір Кішко быў акружаны фашыстамі і апынуўся ў палоне, але змог уцякчы і далучыцца да войска. 

Двойчы паранены ў баі за Монтэ-Касіна працягваў змагацца падпаручык пятай крэсавай дывізіі Пётр Сыч, які ва ўспамінах пісаў, што беларусы шчодра амылі сваёю крывёю скалы каля манастыра.

Амаль тысяча байцоў ваеннага корпуса генерала Андэрса засталіся навечна ляжаць у падножжа гары Монтэ-Касіна. На могілках ля сцен манастыра ляжаць і 177 нашых землякоў. 

За ўдзел у італьянскай кампаніі многія выхадцы з Беларусі адзначаны брытанскімі і польскімі баявымі ўзнагародамі. Дзякуючы пошуку сталі вядомы прозвішчы сарака пяці нашых суайчыннікаў — кавалераў “Бронзавага Крыжа Заслугі з мячамі”, сямі — “Сярэбранага Крыжа Заслугі з мячамі”. Нямала землякоў узнагароджана брытанскімі медалямі — “Зорка Італіі” і “Зорка за вайну 1939—1945”. Не менш васьмідзесяці беларусаў узнагароджана “Крыжам Храбрых”.

АСОБНА ў кнізе расказваецца пра мужнасць і гераізм Якуба Конана з Маладзечаншчыны, які цудам застаўся жывым пасля жорсткіх баёў і ў пасляваенныя гады вярнуўся ў Беларусь. Ён не лічыў сябе героем. Але перажыць давялося шмат. Беларускаму журналісту Віктару Корбуту ўдалося запісаць ваенныя ўспаміны Якуба Конана, які ў складзе ваеннага корпуса генерала Андэрса штурмаваў Монтэ-Касіна. Вось радкі з тых успамінаў: “Да нас звярнуўся англійскі генерал Мантгомеры: “Салдаты, вы не ведаеце, якая сёння чорная ноч наступае на нас. Многія з вас застануцца тут назаўсёды. Вы ведаеце, якія немцы дужыя, але мы павінны іх зламаць”. І завяршыў сваю прамову словамі: “З Богам, у шлях!” І пасля яго слоў па даліне панеслася салдацкае рэха і не відаць нічога было з-за ствалоў узнятай зброі”. У тым паядынку наводчык гарматы Конан ад выбухаў часткова страціў слых. За сем начных гадзін зрабіў амаль 800 выстралаў. На месцы італьянскага гарадка Касіна пасля начнога бою раніцай засталося чыстае поле, а сярод абгарэлых камянёў чырванелі макі…

Дзень Перамогі Якуб Конан сустрэў на поўначы Італіі, дзе і застаўся на нейкі час. Авалодаў італьянскай мовай і закахаўся ў італьянскую дзяўчыну. Але не лёс быў застацца з ёю. Трапіў у Англію, адкуль праз два гады вырашыў вярнуцца ў родную вёску Міхалова Маладзечанскага раёна. Вясною 1951 года яго разам з іншымі былымі салдатамі арміі генерала Андэрса выселілі ў аддаленыя раёны СССР. Адабралі ўзнагароды. Толькі пасведчанні паспеў схаваць на гарышчы. Аднавяскоўцы разбіралі яго хату, знайшлі дакументы і вярнулі Якубу Канстанцінавічу, які амаль праз восем гадоў зноў вярнуўся ў родныя мясціны. 

Вярхоўны суд БССР перагледзеў справу байца Конана і рэабілітаваў. У красавіку 1995 года салдат Другой сусветнай вайны Якуб Канстанцінавіч Конан ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны юбілейным медалём “50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”

А на мемарыяльных могілках каля падножжа гары Монтэ-Касіна пахавана звыш тысячы салдат і афіцэраў 2-га Польскага корпуса генерала Андэрса. На мемарыяльных плітах дзясяткі прозвішчаў нашых землякоў з Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Аўтар выдання змяшчае перапісаныя з надмагільных пліт у Монтэ-Касіна звесткі пра кожнага пахаванага там беларуса. Хочацца спадзявацца, што кніга дапаможа знайсці іх родных і блізкіх. Вялікую Перамогу набліжалі ўсе разам.

Уладзімір СУБАТ, “СГ”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter