Чырвоны цуд

Уразілі нашага Алёшку… звычайныя парэчкі...

Не новы лядовы палац, не старажытная белая вежа ратушы, не начынены сучаснай тэхнікай інфармацыйна-кампютарны цэнтр, нават не гарадскі кірмаш з яго стракатымі таварамі ўразілі Алёшу Цвічка. Не, зусім не яны. А што ж тады? Ды ніколі вы не здагадаецеся, хоць на любой кававай альбо чайнай гушчы пагадаеце… Ніколі, кажу я вам, ніколі!

Уразілі нашага Алёшку… звычайныя парэчкі, якіх, пэўна, як кажуць, навалам у вашай вёсцы альбо на дачы.

Запрасіў Алёшку да сябе ў госці даўнішні сябра яго бацькі Андрэй Міхалыч, альбо проста Міхалыч, які часта ездзіў да нас на рыбалку на возера Мокрае.

І вось Алёшка Цвічок у гасцях…

Жыў Міхалыч ва ўласным доме, які быў непадалёку ад цэнтра горада. Меў свой невялікі садок, дзе раслі яблыкі і грушы. Абапал садка, на працягу ўсёй агароджы, былі пасаджаны кусты парэчак. У першы ж дзень прыезду, апоўдня, запрасіў Міхалыч у свой садок Алёшку з сябрам. Зайшоў Алёшка і… рот раскрыў! Каля агароджы быццам бы агонь нейкі гарыць: чырвоныя-чырвоныя кусты!

— Што гэта?! — паказвае ён на кусты.

— А што, ты хіба не пазнаеш гэтых ягад? — шчыра здзівіўся Міхалыч.

— Не...

— Ну прыглядзіся, — прапанаваў Міхалыч.

— Здаецца, парэчкі... Дык яны тут нейкія чырвоныя! Яны ж… з-зялёныя…

— Га-га-га! — зарагатаў на ўвесь садок Міхалыч. — Га-га-га! Зялёныя — чырвоныя! Га-га-га!

Міхалыч здагадаўся, у чым справа. Яму неяк Алёшкін бацька расказваў: «А мой гарэзлівы хлапечы ўзвод (у Алёшкі было яшчэ пяць братоў) як высыпе ў садок, дык накідваецца на кусты — начыста яшчэ зялёнымі ўсе ягады абрывае! Ніколі не даюць ягадам нават кропельку пачырванець…»

Ехаў дамоў Алёшка, а перад вачыма яго тыя чырвоныя кусты парэчак стаялi.

— Братам раскажу — не павераць!..

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter