Чырвоны кут "Першым разам, добрым часам"... Сiмволiка "першага" ў традыцыйнай культуры беларусаў

Асаблiвасцi паводзiн цесляроў i аб'ём выкананай iмi працы ў першы дзень будаўнiцтва хаты цалкам суадносiўся з унiверсальным прынцыпам традыцыйнай культуры "ў першы дзень дазваляецца зрабiць толькi першае". Сярод славянскiх народаў асаблiвая ўвага надавалася ўсяму таму, што было пазначана статусам "першага". Яно абавязкова вылучалася сярод усяго астатняга, на iм абавязкова акцэнтавалася асаблiвая ўвага, адносiны да яго заўжды былi выключнымi, свяшчэннымi. Прывядзём некалькi паказальных прыкладаў, у якiх магiя пачатку выступае прадвызначальнай на блiжэйшую перспектыву, часцей за ўсё на будучы год.

У гадавым колазвароце падзей:

-- у народзе кажуць: "Як сустрэнеш Новы год, так яго i правядзеш";

-- хто першы прыйдзе ў хату ў новым годзе, такiм i ўвесь год будзе: калi мужчына -- шчаслiвым, калi жанчына -- не зусiм;

-- хто першым у новым годзе прынясе ў хату ваду, той увесь год ва ўсiх справах першым будзе;

-- сярод усходнiх славян бытуе прыказка "першы блiн комам". Гэты блiн абавязкова адкладвалi на асобную талерку i ставiлi на Масленiцу пад абразы -- яго пакiдалi продкам, а праз тры днi аддавалi хатняй жывёле або птушкам;

-- да гэтай традыцыi прымыкаюць паводзiны гаспадынi, якая выпякала птушак-"чырачак" на Саракi: адну "птушачку" абавязкова кiдалi назад у печ як ахвяру дамавiку;

-- у беларусаў iснуе правiла: перш чым наводзiць парадак на прысядзiбным участку, трэба пайсцi i навесцi парадак на магiлах сваiх продкаў (перад Радаўнiцай);

-- у першы дзень заворвання гаспадар праводзiў толькi тры баразны, а ў першы дзень засевак рассявалi толькi першую сявеньку;

-- у першы дзень жнiва зажыналi толькi адзiн сноп;

-- першыя яблыкi новага ўраджаю пасля асвячэння ў храме на Спаса жанчыны адносiлi на магiлы сваiх дзяцей;

-- асаблiвай пашанай i багаццем рытуальных дзеянняў суправаджаўся першы выган жывёлы на пашу. У жыццёвым коле чалавека сiмволiка "першага" таксама была вызначальнай.

У радзiнна-хрэсьбiннай абраднасцi i на першым годзе жыцця нованароджанага асаблiва важным лiчылiся:

-- першае купанне дзiцяцi, падчас якога ў лiтаральным сэнсе слова бабка-павiтуха iмкнулася (як магла i як ведала, а, магчыма, як гэтага патрабавала традыцыя i яе жыццёвы вопыт) змадэлiраваць будучыню немаўляцi;

-- першае прыкладванне дзiцяцi да грудзей (да правага боку, каб хутка расло i ўсебакова развiвалася);

-- значная ўвага надавалася таму, куды i як першы раз пакласцi дзiця спаць, у якi дзень мацi выйдзе з дзiцем на вулiцу, адкуль (знiзу цi зверху) пачне расцi першы зуб;

-- бадай што на адным узроўнi з першым купаннем знаходзiўся рытуал пераразання "пут" дзiцяцi, калi яно стала на ногi i збiралася зрабiць першы самастойны крок;

-- адным з залатых правiлаў народнай культуры з`яўляецца правiла выбару хросных бацькоў i першага хрэснiка. Яно гучыць наступным чынам: калi вас -- дзяўчыну або жанчыну -- упершыню запрасiлi быць хроснай мацi, то вы маеце права пахрысцiць толькi хлопчыка; а калi вас -- хлопца цi мужчыну -- упершыню запрашаюць стаць хросным бацькам, то вам дазволена хрысцiць толькi дзяўчынку!

Не менш выразна сiмволiка "першага" адлюстравана ў шматлiкiх падзеях традыцыйнага беларускага вяселля:

-- прыкмячалi: хто з маладых першым стане на ручнiк у час вянчання, той i будзе лiдэрам у сям`i;

-- залатое правiла нашага вяселля: першую чарку абавязкова выпiвай да дна -- не пакiдай слёз, бяды, гора. А далей -- нi слова, нiхто сiлком у рот не лiў;

-- тая дзяўчына, якой першай будзе перададзена фата нявесты, у гэтым годзе i замуж выйдзе;

-- а што ўжо казаць пра значэнне i важнасць першай шлюбнай ночы маладых!

Бадай што асаблiвай строгасцю паводзiн i дакладнасцю выканання абрадавых прадпiсанняў вылучалiся пахаванне нябожчыка i яго памiнанне:

-- надзвычай важным лiчылася патрабаванне, каб першым пасля пахавання з могiлак выходзiў самы стары сярод прысутных. Ён браў на сябе адказнасць: наступны -- я. Таму ён першы мыў рукi перад парогам хаты, першы заходзiў за жалобны стол i першы ўставаў з-за яго (памятаеце: "Не лезь паперад бацькi ў пекла").

-- а вось на ўсiх жалобных сталах першую чарку нiколi не дапiвалi да дна;

-- а самую першую чарку заўсёды "адлiвалi" нябожчыку.

Наўрад цi можна ўзгадаць тую незлiчоную колькасць сiтуацый, звязаных з працоўнай дзейнасцю чалавека, перш за ўсё з вядзеннем гаспадаркi. У якасцi iлюстрацыi прывядзём толькi некалькi прыкладаў:

-- першае цяля першацёлкi нiколi не гадавалi -- не будзе з яго прыбытку. Гэта скразная тэма Старога Запавету: першае зерне новага ўраджаю (або першага ўраджаю на новай зямлi) ахвяруй храму;

-- першы кош бульбы трэба занесцi ў пограб у той дзень тыдня, у якi ў гэтым годзе было Благавешчанне;

-- калi першы раз маладзiк убачыш з правага боку, будзе прыбытак увесь месяц;

-- калi пачуеш першы раз зязюлю, патрасi грошы ў кiшэнi -- год будзеш жыць у дастатку;

-- першы раз каня аб`язджалi ў дзень святога Уласiя...

Усе ўзгаданыя вышэй прыклады надзвычайна сакральных адносiн да лёсавызначальнай сiмволiкi першага прыводзяць нас да разумення таго, што ў першы дзень будаўнiцтва хаты цесляры "вязалi" толькi адзiн (першы) вянок. Прычым у аснову чырвонага кута звычайна клалi "ляжак" -- бервяно з самым тоўстым камлём, тым самым нават знешне iмкнулiся падкрэслiць яго выключную значнасць.

(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter