Народны мастак Туркменістана Ізат Клычаў прайшоў дарогамі Беларусі

Чырвоны колер любові

Народны мастак Туркменістана Ізат Клычаў прайшоў дарогамі Беларусі


Вялікая Айчынная вайна, бясспрэчна, пакінула ў лёсе народнага мастака СССР і народнага мастака Туркменістана Ізата Клычава самы глыбокі след.



Салдатам асобнай роты сувязі Ізат Клычаў ваяваў пад Варонежам. Прайшоў дарогамі Беларусі. Фарсіраваў Віслу і Одэр
На фронт ён пайшоў добраахвотнікам. У 1942 годзе. Салдатам асобнай роты сувязі ваяваў пад Варонежам. Прайшоў дарогамі Беларусі. Фарсіраваў Віслу і Одэр. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Вось радкі аднаго ўзнагароднага ліста на І. Клы­чава: “Яфрэйтар Клычаў, знаходзячыся на пасадзе старшага лінейнага наглядчыка, не раз паказваў мужнасць і бясстрашнасць у рабоце на баявых лініях сувязі. Пры абслугоўванні лініі сувязі ў раёне Хотча-Дольна-Гнядкуў, дзе былі частыя парывы, шмат разоў яму даводзілася выпраўляць парывы пад агнём праціўніка ў мінімальныя тэрміны. Асабліва вылучыўся т. Клычаў уначы 22 кастрычніка 1944 г. Участак пераходу пастаяннай лініі праз р. Вісла быў падвергнуты арт. абстрэлу праціў­нікам. Адзін провад быў перабіты асколкам снарада. Тав. Клычаў са сваім таварышам выйшаў на пашкоджанне. Па плечы ў халоднай вадзе, пад разрывамі снарадаў здолеў у кароткі тэрмін устраніць парыў устаўкай кабельнага проваду, чым садзейнічаў бесперабойнай сувязі…” Узнагарода за подзвіг — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Іншыя франтавыя ўзнагароды — ордэн Чырвонай Зоркі, медаль “За адвагу”.

Нараджэннем з 1923 года, ён быў і ўсё сваё творчае жыццё заставаўся такім жа салдатам, як і яго беларускія равеснікі-мастакі, якія прайшлі праз горан вайны: Міхаіл Савіцкі (нарадзіўся ў 1922 годзе), Леанід Шчамялёў (нарадзіў­ся ў 1923-м, фарсіраваў Прыпяць, быў цяжка паранены пад Мазыром), Віктар Грамыка (нарадзіўся ў 1923-м), Аляксандр Салаўёў (нарадзіўся ў 1926-м, ваяваў у Прыбалтыцы, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі)…

Беларусы шмат і плённа працавалі па ваеннай тэме. Напэўна, гэтаму спрыялі не толькі ўдзел у вайне, асабісты перажыты досвед, але і агульная атмасфера рэспублікі, краю, дзе літаральна ўсё нагадвала пра вайну.

У Туркменістане, у Ашгабаце мне давялося многія карціны, партрэты Ізата Клычава ўбачыць на свае вочы. Вядома ж, яго любімы чырвоны колер мастаку навеяла родная туркменская старонка. Лёс ніколі не песціў гэтую яркую адораную асобу. Нямала выпрабаванняў і ўзрушэнняў давялося яму перажыць з самага ранняга дзяцінства. Бацька Ізата — Анаклыч — мула, адукаваны чалавек. Яшчэ да рэвалюцыі ён як настаўнік паказваў дзецям дзеючую мадэль Сонечнай сістэмы з вярчэннем вакол Свяціла Зямлі і Месяца. У 1933 годзе Анаклыч быў рэпрэсаваны і разам з сям’ёй высланы ў халодны Паўночны Казахстан. У лагеры на вачах у дзесяцігадовага Ізата бацька і маці памерлі. Хлапчуку дапамагаў стаць на ногі старэйшы брат — Рашыд.

У 1938 годзе Ізат Клычаў прыйшоў у школу-інтэрнат пры Ашгабацкім мастацкім вучылішчы. Першай сапраўднай настаўніцай для яго стала выкладчыца — руская мастачка Юлія Пракоф’еўна Данешвар. Пасля Вялікай Айчыннай — вучоба ў Ленінградзе. У майстэрні Барыса Уладзіміравіча Іагансона стварыў дыпломную працу “У пустыні Каракум”. Што характэрна: каб выканаць яе, Ізат пайшоў простым рабочым у геадэзічную экспедыцыю па Каракумах. Пракладаючы трасу будучага канала цэлае лета на пяцідзесяціградуснай гарачыні, знаходзіў час рабіць малюнкі, накіды, эцюды.


“Малады Сар΄ян у Туркменіі”

“Я з’яўляюся выхаванцам рускай культуры, атрымліваў там адукацыю і ў сталыя гады дыхаў духоўнай атмасферай Расіі. Але люблю Туркменію, люблю свае Каракумы. Тое і другое для мяне неразрыўнае”, — пісаў Ізат Клычаў.

Мастак, для якога Каракумы — родны край, вырас у прафесіянала найвышэйшага класа. У яго, пачынаючы з 60-х гадоў, пачалі вучыцца. Пра яго жывапіс спрачаліся. Нехта шукаў у яго работах небяспечны па тых часах фармалізм. Але былі і шчаслівыя моманты. Падтрымка калег, высокія ацэнкі… У 1964-м Ізат Клычаў — ужо народны мастак Туркменістана. У 1973-м — народны мастак СССР. У 1967 годзе за серыю “Мая Туркменія” яму прысвоілі званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. 15 гадоў (!) Ізат Клычаў прадстаўляў родную рэспубліку ў саюзным парламенце. У 1983 годзе стаў Героем Сацыялістычнай Працы.

І сёння, узіраючыся ў “Дываншчыц” вялікага майстра (работа адносіцца да 1975 года), я думаю пра сілу колеру, фарбаў, выбраных Ізатам Клычавым. Іншай Туркменію я не бачу. Зведаўшы на сабе прыцягненне гэтага гарачага пустыннага краю, дзе чалавечыя сэрцы мясцовых жыхароў з’яў­ляюцца аазісамі дабрыні, душэўнай сілы, я заўсёды з любоўю разглядаў арыгіналы, рэпрадукцыі “Дзяўчынкі з вішнямі”, “Асенняй песні”, “Пустыні”, “Легенды”, “Нявесткі”, “Белуджы”, “Вышывальшчыцы”… Немагчыма адвесці погляду, немагчыма разглядаць карціны мімаходам!..


“Перад стартам”

Сярод партрэтаў Ізата Клычава — выявы добра знаёмых мне пісьменнікаў Каюма Тангрыкуліева і Сейітніяза Атаева. У апошняга з іх, франтавога разведчыка, які прайшоў Айчынную на самых перадавых яе рубяжах, я неяк спытаў: “У чым жа таямніца прыцягнення такога вялікага жывапісца, як Ізат Клычаў?” І вось што некалькі дзесяцігоддзяў назад, цэлую вечнасць ад мяне цяперашняга, адказаў камандзір батальёна франтавой разведкі Сейітніяз-ага: “А ты ведаеш, як пахне пустыня? Ты бачыў цюльпаны ў перадгор’ях Капетдага? Ты чуў трапятанне лісця ў Фірузе? А якімі кветкамі ў тваіх вачах паўстае бавоўна?.. Адказы мастака на ўсе гэтыя пытанні — толькі ў гэтым таямніца прыцягнення вялікага Ізата, яго мастацкіх адкрыццяў, яго прачытання Туркменіі і туркменаў…” І сёння, знаходзячыся ў дзівосным полі прыцягнення фарбаў Ізата Клычава, я не перастаю верыць словам, ацэнкам разведчыка 1-га Беларускага фронту, Ганаровага старэйшыны народа Туркменістана Сейітніяза Атаева.

Паверце і вы… Наведайцеся ў музеі і галерэі, адгарніце старонкі альбомаў і манаграфій — і, гледзячы на работы любімага мною Ізата Клычава, вы атрымаеце зарад сілы і энергіі. І вы таксама палюбіце Туркменістан.

Сяргей Заламай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter