Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нас, як і раней, чырвоны дзень календара

Чырвоны дзень

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нас, як і раней, чырвоны дзень календара. Праўда, цяпер ён не адзначаецца на дзяржаўным узроўні з уласцівымі Вялікаму Кастрычніку ўрачыстымі мера-прыемствамі. Улады большасці рэспублік былога Савецкага Саюза ад Кастрычніцкай рэвалюцыі адмежаваліся, пастараліся забыць мінулае, нягледзячы на тое, што яна даволі моцна паўплывала на лёсы народаў...

Безумоўна, кожная рэвалюцыя ва ўсе часы, пад любымі ідэямі і заклікамі, ламаючы палітыка-эканамічныя асновы грамадства, не абыходзіцца без ахвяр і перагібаў. Часам вялікіх. Аднак і значных здабыткаў, як было ў СССР. Сёння стала відавочна: гэта не чыста палітычнае альбо ідэалагічнае свята, а гістарычная падзея, дзякуючы якой сучасная Беларусь упершыню атрымала дзяржаўнасць. Вытрымала і перамагла фашызм у Вялікай Айчыннай вайне разам з іншымі народамі СССР, стварыла моцную сістэму сацыяльных гарантый — бясплатныя  медыцыну, адукацыю, забеспячэнне жыллём, гарантавала кожнаму права на працу. З ускраіны царскай імперыі былы Паўночна-Заходні край ператварыўся ў індустрыяльна-аграрную краіну, якая, нарэшце, атрымала незалежнасць і суверэнітэт.

Звяртаючыся з традыцыйным віншаваннем 7 лістапада, наш Прэзідэнт падкрэсліў: “даступныя сацыяльныя здабыткі, ідэалы раўнапраўя, міру, міжнацыянальнай згоды, якія склаліся ў савецкую эпоху, актуальныя і зараз”.

Гэты дзень адначылі розныя палітычныя плыні. Кожная па-свойму. Прадстаўнікі левых рухаў — ускладаннем кветак да помнікаў дзеячам рэвалюцыі, правадыру сусветнага пралетарыяту. Апазіцыя — несанкцыянаваным пікетам у памяць пра ахвяры рэпрэсій савецкага перыяду. ЛДПБ наогул мусіць адмяніць святкаванне Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Не абышлося і без правакацый. Актам вандалізму можна назваць апаганьванне невядомымі зламыснікамі помніка Леніну на галоўнай плошчы Ліды і палітычную піяр-акцыю незарэгістраванай на Беларусі арганізацыі “маладафронтаўцаў”, якія спрабавалі сапсаваць цырымонію адкрыцця адноўленага помніка У.І. Леніну ў скверы “70 гадоў МТЗ”. Манумент правадыру быў перанесены сюды з унутранай тэрыторыі прадпрыемства па просьбе ветэранаў. Па сутнасці, скульптуру вярнулі на ранейшае месца, дзе яна і знаходзілася дваццаць гадоў таму.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter