Чырвоная нітка ткацтва

У Бярозаўскім цэнтры рамёстваў рэканструявалі ручнік свата

Ручнік — сапраўдная рэліквія. Ён суправаджаў нашых продкаў ад нараджэння да смерці. Да цяперашняга дня саматканыя і вышываныя ручнікі захоўваюцца ў кожным вясковым доме. Аднак сесці за ткацкі станок, узяць іголку і вышыць узор не кожнаму з нас пад сілу. У Бярозаўскім раённым цэнтры рамёстваў не толькі захоўваюць памяць, але і вяртаюць забытыя традыцыі ткацтва. Нядаўна тут рэканструявалі ручнік-«трапкач», той самы, які належала апранаць свату на вяселлі.

Фота БЕЛТА

Дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля Кавалевіч паказала тры арыгінальныя ручнікі:

— Усе яны створаны Марыяй Бруйло з вёскі Спорава. Што такое «трапкач»? Гэта ручнік з махрамі, што да яго прышываюцца. Лічылася, што чым даўжэй ручнік, тым лепей. Ён павінен быў даставаць да самай шчыкалаткі. «Трапкач» — так кажуць у нас на Бярозаўшчыне, ад слова «трапацца», значыць, калыхацца, калі гаворыць па-беларуску. 

Рэканструкцыяй такіх ручнікоў зараз займаюцца малодшы навуковы супрацоўнік цэнтра рамёстваў Анжэла Пракапчук і швачка Надзея Сіліч. 

Анжэла Вітальеўна разважае:

— Самыя першыя веды пра дыялог чалавека з прыродай нашы продкі пачалі пакідаць на тканінах не менш за пяць-сем тысячагоддзяў таму. Знакі радавой памяці перадаваліся нашчадкам мовай геаметрычных фігур. У сучасным ручніку ўжываем тую ж тэхніку ткацтва і вязання махроў, што і раней. Тыя ж арнаменты і колер, што і ў арыгіналах. 

Дарэчы, у гэтым годзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымалі ручнікі з Ліды. 

Наталля Кавалевіч кажа, што такія ручнікі ткалі і на Брэстчыне:

— Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння — калі каляровы ўзор, вытканы ці вышыты, ідзе толькі па краях вырабу альбо зусім адсутнічае. Сёння працэс белаўзорыстага ткацтва ручнікоў адноўлены нашымі калегамі — у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Адзначу, што вышэйзгаданая тэхніка была знаёма і ткачыхам Брэстчыны. Нядаўна да мяне ў рукі трапіў ручнік з вёскі Паўлінава Баранавіцкага раёна. Верагодна, Бохвіцы, уладальнікі сядзібы ў Паўлінава, жанчын адпраўлялі вучыцца ткацтву ў Гродзенскую вобласць. Вось думаем, а ці не паспрабаваць нам і такі ручнік аднавіць? 

Усе ручнікі, якія сёння ткуць у Бярозаўскім раённым цэнтры рамёстваў, можна купіць. Па словах Наталлі Кавалевіч, яны карыстаюцца попытам. Магчыма падумаць, што традыцыі вяртаюцца. 

Кацярына ЮДЧЫЦ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...