Фантан, гранітныя лесвіцы і падземны лабірынт: што зараз аднаўляюць у Косаўскім замку

Чырвоная дарожка для палаца

Косаўскі палацава-паркавы ансамбль адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у лістападзе мінулага года, але работы па яго аднаўленні яшчэ шмат. Стаяць дзверы, вокны з незвычайнымі вітражамі, зроблены фасады, вядуцца работы ў падвале, а звонку працуюць над шыкоўным фантанам. Дваранскі род Пуслоўскіх, які некалі гаспадарыў на гэтых землях, быў бы рады такому аднаўленню. Карэспандэнт «Рэспублікі» пабывала на месцы і даведалася пра ўсе падрабязнасці рэстаўрацыйных работ.


Мы пад'язджаем да ўжо адбудаванай новай пляцоўкі для паркоўкі. Позірк прыцягвае белы палац, які стаіць на ўзгорку. Мы ва ўрочышчы Марачоўшчына, што побач з Косавам. Пашпарт аб'екта, працуюць будаўнікі — усё кіпіць. Тут жа і турысты, якія прыехалі ў Івацэвіцкі раён паглядзець менавіта на гэты будынак.

На працягу некалькіх стагоддзяў уладальнікамі гэтых зямель былі такія дынастыі, як Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі. Прыкладна ў 1821 годзе землі набывае граф Войцех Пуслоўскі — багаты прамысловы магнат. У 1838 годзе ён перадае іх у спадчыну сыну — Вандаліну. Менавіта той і пачынае будаўніцтва палаца. Буйны прамысловец, аматар мастацтва, ён прывозіць з Еўропы самыя новыя і свежыя ідэі для свайго дома. Асноўным стылем палаца стала англійская неаготыка.

— Звярніце ўвагу: палац сіметрычны, ён складаецца з двухпавярховага цэнтральнага корпуса, двух бакавых крылаў, — Вольга Пархута, старшы навуковы супрацоўнік, праводзіць нам экскурсію. — Па некаторых даных, у адным крыле былі мастацкая галерэя і бібліятэка, у якой налічвалася больш за 10 тысяч рэдкіх кніг і рукапісаў. У другім крыле — жылыя пакоі. Больш за сотню, прычым кожны меў сваю назву і афармленне.



Блакітны, ружовы, люстраны, чорны... Але галоўны — белы, дзе гасцей Пуслоўскія здзіўлялі тым, што пад іх нагамі была двухслаёвая шкляная падлога, пад якой плавалі сотні экзатычных рыбак. Так яно было ці гэта казкі — дакладна невядома, але ўражвае такое апісанне дакладна.

— Дарагія габелены, дываны, карціны, практычна кожны пакой упрыгожвалі каміны. І хоць апошнія былі дзеючымі, менавіта Пуслоўскія сталі выкарыстоўваць першымі на гэтай тэрыторыі паравое ацяпленне, — працягвае аповед Вольга Пархута. Там, куды мы спусцімся пазней — у падвал, раней усталёўвалі велізарныя рэзервуары з вадой, якія слугі падагравалі, пара па трубах паступала ўверх і абагравала палац.

Аб палацы ходзіць мноства легенд. Напрыклад, ад яго да Ружанскага замка праходзіў падземны ход. А ля цэнтральнага ўвахода ў зімовым садзе жыў прыручаны леў, які ноччу ахоўваў палац. Добра, што зараз яго няма, жартуем, бо мы ўжо падышлі да ўвахода. Па якім і не скажаш, што яшчэ некалькі гадоў таму тут было ўсё разбурана... А чаму?

Пасля Вандаліна атрымаў у спадчыну маёнтак яго сын Леон. Той жыў у Еўропе, рэдка сюды прыязджаў. Любіў ён азартныя гульні, у якіх і прайграў вялізную суму. Зямельны банк забраў палац, прадаў. Ён пераходзіў з рук у рукі, у выніку ўсіх гэтых перыпетый дом застаўся без гаспадара. Падчас Першай сусветнай вайны палац часткова быў разбураны, тут жа пасля з'явілася мясцовая польская школа садаводаў і пчаляроў. Вольга Пархута рэзка пераходзіць на сумны тон:

— Жахлівае адбылося ў 1944 годзе. Палац згарэў. 7 дзён палаў пажар, яшчэ месяц расцілаўся дым... З таго часу да 2006 года ён так і стаяў.

У 2008 годзе нарэшце сталі весці археалагічныя і рэстаўрацыйныя работы. Пачалася работа не толькі над аднаўленнем былой велічы, але і па стварэнні паўнавартаснага культурна-турыстычнага цэнтра з кафэ, музейнымі экспазіцыямі, шматфункцыянальнымі заламі (для шлюбу, канферэнцый і іншага), а таксама гасцініцай. Ужо цяпер гасцям даступныя пяць залаў на першым паверсе.

Што тут можна ўбачыць на часовай экспазіцыі? Знойдзеныя элементы кафлі, керамікі, камінаў, скульптур, грошы, посуд, інфармацыйныя стэнды аб зямлі, Пуслоўскіх і тым, што тут зробяць да канца рэканструкцыі. Можна зайсці ў вежу, убачыць сапраўдную старажытную сцяну. Хутка тут з'явіцца і парк, які некалі займаў амаль 40 гектараў, будуць і скульптуры, і незвычайныя дрэвы.


Сёлета, у Год малой радзімы, на рэканструкцыю палаца выдаткавалі з брэсцкага бюджэту 800 тысяч рублёў, рэспубліканскага — 354, з фонду Прэзідэнта — 500 тысяч. Прараб філіяла «Брэстрэстаўрацыя» ААТ «Белрэстаўрацыя» Вячаслаў Кучаравы выдае мне каску і праводзіць туды, куды яшчэ не ступала нага журналіста:

— Паглядзіце на гэтыя велічныя фасады, вось мы зрабілі агароджу верхняй тэрасы, узяліся за фантан — вы яго бачылі прама перад уваходам. Лесвіцу мы яшчэ зробім з граніту — будзе сапраўдны палац.

— За вясну праклалі інжынерныя сеткі, зрабілі пляцоўку для паркоўкі, аднавілі старыя ўезды да замка. Глядзіце, аднавілі скразныя вежы, трэба яшчэ правесці газаправод і вадаправод, пабудаваць кацельню... — Вячаслаў Кучаравы заводзіць нас у самую вялікую залу другога паверха і адчыняе дзверы балкона — неверагодная прыгажосць вакол і від на возера!


— Вакол будзе парк. Нават з тыльнага боку плануецца зрабіць дарожкі праз лес, акультурыць там усё, каб госці маглі прайсціся ў бок Ружанскага замка, — Вячаслаў Кучаравы накіроўваецца ў самае патаемнае месца — падвал.

Ён доўгі і падобны на лабірынт. Тут цяпер працуюць над сценамі. Што плануецца размясціць? Бар, більярдную залу і іншыя забавы для гасцей.

Мы выходзім, робім фота гэтага велічнага месца, у якога такая ж вялікая будучыня, як і яго мінулае. Чуем галасы турыстаў: «Уаў! Мы сапраўды ў Беларусі? Неверагодна!» А што будзе пасля аднаўлення палаца, уяўляеце!

kasel@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter