XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лiстапад” сёння адкрываецца карцінай Барыса Хлебнікава «Арытмія»

Чырвона-жоўтыя стужкі лістапада

«Лістапад» кожны год розны. І сёлета ён будзе не падобны на папярэдні. Не толькі таму, што праграма іншая і госці новыя. Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю дваццаць чатыры – узрост не дзіцячы, пошукі формы і стылю ўжо скончаны. Але нішто не замінае эксперыментаваць, прыдумваць новыя хады і зноў і зноў здзіўляць прыхільнікаў добрага кіно. Таму ўсе на «Лістапад»! А мы дапаможам вам не заблудзіць у віры разнастайных праграм.

У конкурснай праграме сёлета амаль сто фiльмаў i яшчэ каля пяцiдзесяцi па-за ёй.

Паглядзець больш за сто фільмаў, якія сёлета прадстаўлены ў розных конкурсах і па-за імі, наўрад ці хтосьці здолее. Але ў сапраўдных кінаманаў заўсёды ёсць праграма-мінімум: хоць адна стужка ў дзень. Вось вам забава на тыдзень.

Сёлетні «Лістапад» варта пачынаць з «Арытміі». Прэм’ерны паказ фільма адбудзецца ў рамках цырымоніі адкрыцця 3 лістапада ў кінатэатры «Масква». Гэтую карціну зняў Барыс Хлебнікаў, адзін з лідараў рэжысёрскага пакалення «новых ціхіх», намінант і лаўрэат прэстыжных расійскіх кінапрэмій «Белы слон» і «Ніка». «Арытмія» — гэта «вытворчая» драма пра работнікаў «хуткай дапамогі», сямейная меладрама і займальны экскурс у штодзённасць, дзе хапае месца сарказму, гумару і пяшчоце. Галоўную ролю ў карціне сыграў пастаянны акцёр Хлебнікава Аляксандр Яцэнка. Пасля чатырох месяцаў кастынгу рэжысёр спыніў свой выбар на ім, зразумеўшы, што «ніхто іншы гэта проста не зможа сыграць». Рашэнне было правільным: акцёра адзначылі ўзнагародамі і на «Кінатаўры», і ў Карлавых Варах. Карціна знайшла водгук не толькі ў журы: у Сочы, дзе «Арытмія» заваявала Гран-пры, яна таксама атрымала прыз глядацкіх сімпатый, набраўшы рэкордныя 9,1 бала ў галасаванні.

На фільм «Рахманая» трэба схадзіць не толькі таму, што яго зняў Сяргей Лазніца — двухразовы ўладальнік «Золата Лістапада», але і таму, што цяперашняя яго стужка значна адрозніваецца ад папярэдніх работ. Фільм з’яўляецца капрадукцыяй Францыі, Украіны, Германіі, Літвы, Нідэрландаў і Расіі. Сцэнарый Лазніца напісаў сам па матывах аднайменнага апавядання Фёдара Дастаеўскага. Маладая жанчына жыве на ўскраіне невялікага гарадка. Пасылка, якую яна адправіла свайму мужу, што знаходзіцца за кратамі ў іншым горадзе, вярнулася з пазнакай «адрасат невядомы». Разгубленая і спалоханая жанчына адпраўляецца ў далёкі шлях, каб даведацца пра лёс мужа. Так пачынаецца падарожжа, поўнае прынiжэнняў і гвалту, гісторыя абсурднай бітвы з непранікальнай крэпасцю. У ролях: Васіліна Макаўцава, Лія Ахеджакава, Барыс Каморзін і іншыя.

«Лістападзік» ужо даўно не проста фестываль дзіцячага кіно. Практычна ўсе фільмы там для сямейнага прагляду, бо яны ўздымаюць праблемы, з якімі новае пакаленне сутыкаецца, уступаючы ў дарослае жыццё. Іранскі «Подых жыцця» з гэтай жа серыі. Дзяўчынка не можа жыць без кніжак, бо для яе гэта адзіны спосаб змірыцца з жорсткасцю свету. Яна сплятае казкі з рэальнасцю, а вакол яе разгортваецца гісторыя сучаснага Ірана, жыццё, уціснутае паміж рэвалюцыяй і вайной. І хоць Бахар імкнецца не надаваць гэтаму занадта шмат увагі, заплюшчыць вочы на жахі вайны нельга. Дарэчы, Іран у гэтым годзе вылучае «Подых жыцця» на «Оскар».

Памятаеце музычны фільм Леаніда Нячаева «Прададзены смех», зняты на «Беларусьфільме» ў 1981-м? Праз шмат гадоў гэтую ж гісторыю па матывах казкі Джэймса Круса вырашыў зрабіць па-свойму нямецкі рэжысёр Андрэас Дрэзэн. Якім будзе яго галоўны герой Цім Талер? Убачыць і параўнаць — ці гэта не нагода схадзіць на фільм? Дарэчы, у яго ўжо ёсць узнагарода Міжнароднага фестывалю фантастычнага кіно ў Паўднёвай Карэі: свой прыз яму аддало дзіцячае журы.

«Апошні вальс» Юліі Бабковай — адзін з фаварытаў конкурсу дакументальнага кіно. Галоўны герой яе фільма кампазітар Алег Каравайчук адпраўляецца ў сваё апошняе падарожжа па дачным пасёлку Камарова, у якім ён правёў усё жыццё і напісаў большую частку музычных твораў. Апошнім творам кампазітара-пустэльніка стаў «Вальс Камарова», які прагучыць у фільме ўпершыню. Гэта развітанне мастака са слухачамі, яго пасланне і напамін пра вечныя каштоўнасці: любоў да першароднай прыроды і чалавека.

Беларусь упершыню будзе прадстаўлена ў праграме «Маладосць на маршы». Юлія Шатун, нядаўняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, пакажа свой дэбют — фільм «Заўтра». У ім яна разважае пра «тленнасць жыцця». Яе галоўны герой, былы настаўнік англійскай мовы з маленькага горада, раскідвае рэкламныя лістоўкі па паштовых скрынках. У яго ёсць жонка, сын, які вучыцца ў Мінску, няскончаны рамонт і святочны латарэйны білет. Але што чакае яго заўтра?

11 лістапада ў кінатэатры «Масква» адбудзецца эксклюзіўны паказ адной з галоўных кінасенсацый года — арт-трылера Ёргаса Ланцімаса «Забойства свяшчэннага аленя». Сусветная прэм’ера карціны адбылася на Канскім кінафестывалі гэтага года, дзе фільм атрымаў узнагароду за лепшы сцэнарый і быў намінаваны на «Залатую пальмавую галіну». У сусветны пракат стужка выйдзе толькі ў студзені.

Таленавіты кардыяхірург Стывен (Колін Фарэл) шчасліва жыве з жонкай Ганнай (Ніколь Кідман) і двума цудоўнымі дзецьмі. Гэтай сямейнай ідыліі пагражае прывід з мінулага, якое Стывену больш не пад сілу ўтойваць.

Рэжысёр карціны — майстар псіхалагічнага трылера і стваральнік нашумелага «Лобстэра» Ёргас Ланцімас. Грэчаскі акцёр, рэжысёр і сцэнарыст за сваю кар’еру зняў усяго пяць поўнаметражных карцін, і ўсе яны былі аблашчаныя гледачамі і крытыкамі. Сярод іх сенсацыйны фільм 2009 года «Iкол», які быў намінаваны на «Оскар» як найлепшы фільм на замежнай мове і стаў пераможцам праграмы «Асаблівы погляд» Канскага фестывалю, фільм таксама быў удзельнікам пазаконкурснай праграмы 19-га Мінскага МКФ «Лістапад».

— «Забойства свяшчэннага аленя» — гэта, бясспрэчна, адзін з галоўных фільмаў года: яму гарантаваныя культавы статус, фанатычная любоў адных гледачоў і нянавісць іншых. І справа тут не ва ўдзеле сапраўды бліскучага дуэта — Коліна Фарэла і Ніколь Кідман (для яе гэтая роля лепшая гадоў за 10 як мінімум), а ў жорсткім, абсурдным, невытлумачальным змесце, заключаным у радыкальную форму. Цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць, што на карце найважнейшых рэжысёраў XXI стагоддзя Грэцыя прадстаўлена лідарам так званай новай дзіўнай хвалі Ёргасам Ланцімасам, — так адазваўся пра фільм расійскі кінакрытык Антон Долін.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter