Арганізатары пакуль не рас-крываюць усіх сюрпрызаў маючага адбыцца форуму

Чым здзівіць “Славянскі базар”

Арганізатары пакуль не рас-крываюць усіх сюрпрызаў маючага адбыцца форуму. Названы толькі галоўныя імёны і галоўныя навінкі. З сольнымі канцэртамі на сцэне амфітэатра выступяць зоркі расійскай эстрады, чыі імены на слыху і ў Беларусі. А ў традыцыйнай канцэртнай праграме, якая прысвечана Дню Саюзнай дзяржавы прымуць удзел і беларускія выканаўцы.  



Білеты сёлета пачалі прадаваць як ніколі рана — 20 сакавіка, цэны павялічыліся ў сярэднім на 15 працэнтаў.

У лідарах продажаў — нават без складу ўдзельнікаў! — канцэрт адкрыцця і самы дарагі сольнік Рыгора Лепса, які, дарэчы, упершыню выйдзе на сцэну віцебскага фестывалю.

Што яшчэ будзе ўпершыню?   Маладзёжны праект “Europaplus TV. LIVE ў Віцебску” і фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Першы пройдзе ў Летнім амфітэатры і, як прадказваюць мае калегі-журналісты, маладзёжнай аўдыторыі спадабаецца.  Другі праект ператворыць фестываль у сапраўдны карнавал: акцёры, мастакі, паэты, музыканты і спевакі будуць радаваць гледачоў пад адкрытым небам. Перформансы і спектаклі прывязуць калектывы з Беларусі, Расіі, Францыі, Украіны. Пра ўмовы ўдзелу можна і ў гэтыя дні даведацца на сайце fest-sbv.by.

Што датычыцца конкурсаў фес-тывалю, то адборачныя туры вакалістаў ужо прайшлі ў Македоніі, Мексіцы, Эквадоры, Літве, Эстоніі, Ізраілі. Назвалі імёны сваіх прадстаўнікоў   Расія і Беларусь. Журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2015” узначаліць Палад БюльБюль-аглы, спявак, кампазітар, народны артыст Азербайджана. Гран-пры складзе 20 тысяч даляраў, першая прэмія — 

15 тысяч, другая — 10, трэцяя — 5. Упершыню гледачы змогуць убачыць тэлеверсію паўфіналу, які адбудзецца ў канцэртнай зале “Віцебск”.

Ёсць змены і ў маленькім “базарчыку”. Беларусь, Украіна і Расія прадставяць не па два, а па адным удзельніку. Старшынёй журы дзіцячага конкурсу стане спявак і кампазітар Дзмітрый Малікаў. Пераможцам абодвух конкурсаў узнагароды ўручаць падчас урачыстага закрыцця фестывалю.

Вольга Кручанкова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter