Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чым запомніўся мінулы год? Мы запыталі пра тое ў чытачоў “Голасу Радзімы”

Таццяна Ніжнік, кіраўніца беларускай суполкі “Лёс”, г. Талін, Эстонія


“На 20-годдзе суполкі “Лёс”, якое мы адзначалі ў маі, у Талін з’ехаліся беларусы з розных гарадоў Эстоніі. Былі й госці з Бацькаўшчыны: народны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Сеніца” з Сеніцкага дома культуры Мінскага раёна, мастакі ды пісьменнікі. Па талінскім тэлебачанні ў праекце “Госць у доме” мы знаёмім эстонцаў з беларускімі традыцыямі, абрадамі, вучым гатаваць нацыянальныя стравы.

Сама я родам з вёскі Балонаў Сялец Быхаўскага раёна Магілёўшчыны, і ўжо болей за 40 гадоў жыву ў Эстоніі. Вельмі сумую па Беларусі! Аднак мне пашчасціла: я часта бываю на Радзіме. Працую ў сферы турызму і штомесяц важу групы з Эстоніі ў Беларусь. Прыбалтыйскія госці адпачываюць у санаторыях “Беларусачка”, “Нарач”, “Спутнік”, “Крыніца”, “Белая Русь”. Напрыканцы года мы заключылі дамову з санаторыем “Юность”, што пад Мінскам. Ахвочых прыехаць у Беларусь заўсёды шмат. Мы паказваем турыстам Мінск, Нясвіж, Мір. У 2017-м пачалі вазіць талінцаў на экскурсіі на кандытарскую фабрыку “Камунарка”, піўзавод “Крыніца”. У планах — пабываць і на знакамітым Мінскім трактарным заводзе”.

Ірына Рогава, прэзідэнт Фонду садзеяння расійска-беларускаму супрацоў­ніцтву “Белыя Росы”, г. Санкт-Пецярбург, Расія


“У 2017-м “Белыя Росы” ў Санкт-Пецярбурзе распачалі новую традыцыю: адзначылі ў паўночнай сталіцы Расіі Дзень горада Мінска. Наладзілі вялікую выставу “Мінску — 950 год!”. Дзеля таго піцерскія мастакі прыязджалі ў Мінск, пісалі-малявалі горад такім, якім бачылі. З’явіліся ў нас і чатыры філіялы ў Ленінградскай вобласці: у гарадах Сасновы Бор, Усевалажск, Прыазёрск, Воласава. Працы пабольшала, але й столькі людзей далучылася да нашага руху! А колькі моладзі крэатыўнай прыйшло!

Штомесяц ладзім кірмашы, у якіх удзельнічаюць да 20 беларускіх прадпрыемстваў. Вельмі шырока прадстаўлена прадукцыя мінскіх і гродзенскіх малаказаводаў. Прадаўжаем і праект “Пабрацімства школ”. Сёння сябруюць з беларускімі ўжо 32 піцерскія ды 24 школы з Ленінградскай вобласці. І гэта, на маю думку, найлепшы наш праект, бо ён звязаны з дзецьмі, з будучыняй”.

Віталь Бартохаў,
старшыня суполкі “Сябрына”, г. Алушта, Расія

“Летась ажыццявілася мая мара: я не толькі ўлетку пабываў у роднай вёсцы Струкі Буда-Кашалёўскага раёна, але й упершыню наведаў маляўнічы куток Маладзечаншчыны — вёску Ракуцёўшчыну. У Алушце, дзе жыву ўжо больш за 30 гадоў і працую ў курортнай сферы, лета — сапраўды гарачая пара... Таму шмат год запар у Беларусь прыязджаў толькі зімою. На свяце ў гонар Максіма Багдановіча, што традыцыйна праходзіць у музейным комплексе “Фальварак Ракуцёўшчына”, я чытаў вершы любімага паэта, вытрымкі з яго паэмы “Вераніка”, якая была напісана там улетку 1911-га, калі паэт гасцяваў у шляхціца Вацлава Лычкоўскага.

У 2017-м споўнілася 25 гадоў, як я працую на ніве Беларушчыны. І пуцяводнаю зоркай свеціць мне на шляху імя Максіма Багдановіча. Штогадовым стаў фэст “Разам ляцім да зор”, які мы ладзім у Ялце да Дзён славянскага пісьменства ў канцы мая. А ў ноч з 24 на 25 мая 1917-га памёр паэт, і таму на гэтым свяце заўсёды гучаць яго вершы. Вялікую выставу твораў выяўленча-прыкладнога мастацтва правялі летась у Ялце. Былі там карціны мастакоў-беларусаў Крыма, ювелірныя вырабы вядомага творцы Пятра Якубука, рэчы з саломкі, самаробныя ручнікі, дываны... А студэнты аддзялення выяўленчага мастацтва Нацыянальнай акадэміі выяўленчага мастацтва і архітэктуры Крыма зрабілі ілюстрацыі да твораў Максіма Багдановіча”.

Марыя Томчук, дырэктарка пачатковай школы з дадатковым вывучаннем беларускай мовы, гміна Орля, Польшча


“Напрыканцы года стала вядома: вучні пачатковай школы з дадатковым вывучаннем беларускай мовы ў польскай гміне Орля прайшлі юбілейны, 50-ы адбор конкурсу “Родная мова”, які праходзіць на Беласточчыне. Заснавальнікам яго — Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Здаўна вучні нашыя, па заяўках бацькоў, вывучаюць родныя мову і літаратуру. Закранаем таксама пытанні гісторыі падляшскай зямлі, геаграфіі ды традыцыі продкаў. Урокі праходзяць у інтэрактыўнай форме. Мы ездзім на экскурсіі ў розныя месцы Беларусі. Сябруем са школамі ў Свіслацкім раёне Беларусі, але ж я мару таксама знайсці партнёрскія навучальныя ўстановы і ў Мінску, і ў іншых вялікіх беларускіх гарадах”.

Голас Радзімы № 2 (3554), чацвер, 11 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter