І зноў пра грошы. Якіх, як вядома, шмат не бывае

Чым вымяраць дабрабыт

І зноў пра грошы. Якіх, як вядома, шмат не бывае. Але ці бывае дастаткова? І якую мерку тут прымяніць? Лепшая, як заўсёды, параўнальная.
Аказваецца, па парытэце пакупніцкай здольнасці наша краіна прыкметна вырываецца ўперад на фоне большасці нашых суседзяў. Ды і на сусветным фоне выглядае даволі трывала.

Нядаўняе даследаванне Міжнароднай арганізацыі працы паказала: у большасці краін свету людзі трацяць на харчаванне львіную долю свайго заробку — да 70 працэнтаў. У нас у структуры спажывецкіх расходаў доля харчавання складае 39,9 пра­цэнта. Прычым тэндэнцыя яе паніжэння даволі ўстойлівая і выразна прасочваецца на працягу сама меней гадоў дзесяці. Акрамя таго, на куплю нехарчовых тавараў сярэднестатыстычная хатняя гаспадарка Беларусі траціць 38,9 працэнта свайго даходу, а на аплату паслуг — 18,6. Калі параўноўваць гэтыя лічбы з паказчыкамі мінулых гадоў, можна зрабіць цалкам лагічную выснову: дабрабыт нацыі расце.

Зразумела, ёсць і малазабяспечаныя слаі насельніцтва. Хто да іх адносіцца? Паняцце “рыса беднасці” ва ўсіх дзяржавах мае свой крытэрый. У нашым выпадку малазабяспечанасць — гэта калі чалавек мае даходы ніжэйшыя за бюджэт пражытачнага мінімуму. З 1 лістапада гэтая сума складае 1 мільён 396 тысяч рублёў. Гэта значыць мінімум грошай, які неабходны для задавальнення самых сціплых патрэб. За апошнія паўтара дзесяцігоддзя колькасць беларусаў, якія ў нас адносяцца да малазабяспечаных, знізілася ў разы. Калі ў 2000 годзе да такіх адносілася амаль 42 працэнты насельніцтва, то ў 2005 годзе доля скарацілася амаль у тры разы і склала каля 13 працэнтаў. У 2010 годзе — 5,2 працэнта, у 2013-м — 5,5. Выключэннем стаў эканамічна складаны 2011 год, калі адбылося некаторае павелічэнне ўзроўню малазабяспечанасці, але пасля паказчык зноў стаў зніжацца.

Дарэчы, можна гаварыць, што Беларусь — адна з нямногіх краін свету, дзе вя­дзецца мэтанакіраваная палітыка па недапушчэнні значнага расслаення грамадства ў залежнасці ад узроўню даходаў.

Суадносіны даходаў 10 працэнтаў найбольш багатых і 10 працэнтаў найменш забяспечаных груп насельніцтва ў нас застаецца нязменным ужо больш за дзясятак гадоў. У сярэднім дыферэнцыяцыя ў дадзеным пытанні складае 5,6-5,9 раза. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у свеце. У Расіі, напрыклад, суадносіны грашовых даходаў багатых і бедных адрозніваюцца ў 16,7 раза, у ЗША — у 16 разоў, у Малдове — больш як у 12 разоў, Эстоніі, Латвіі і Літве — прыкладна ў 10 разоў, Польшчы і Францыі — у 9 разоў, у Германіі — у 7 разоў. У Нарвегіі — краіне, якую нядаўна ААН паводле свайго рэйтынга “Індэкс чалавечага развіцця” назвала лепшай краінай для жыцця, розніца даходаў беднякоў і заможных грамадзян адрозніваецца ў шэсць разоў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter