У новай рэдакцыі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" размяжоўваецца напісанне першых частак радыё- (з лац.radio — выпраменьваю, выпускаю промні radius — прамень) і радые-/я- (з лац. Radium, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы). Літара ё пішацца ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна. Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з`яўляецца злучальнай галоснай: радыебіял?огія, радыеакт?ыўнасць, радыеметр?ычны, радыеізат?оп і інш. У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца я: радыям?етрыя, радыях?імія, радыял?огія, радыяграфія.
Бачым, што частка складанага слова радые-/я- паходзіць ад слова радый, якое скланяецца і ў якім е, я выконваюць функцыю злучальных галосных. У рускай мове гэтыя часткі ў напісанні супадаюць: РАДИО...1 — начальная часть сложных слов, вносящая значение сл.: радио (радиофизика, радиопомехи, радиорубка, радиоинструктор, радиозавод, радиоинформация, радиокомментарий и т.п.); РАДИО...2 — начальная часть сложных слов, вносящая значение сл.: радиоактивный (радиоизотоп, радиойод, радиолюминесценция, радиоселекция, радиофосфор, радиофотография, радиохимический и т.п.).
Такім чынам, старое правіла не памянялася, а толькі было ўдакладнена. З часткай радыё- трэба пісаць: радыёаўтограф, радыё-акустычны, радыёапарат, радыёвяшчанне, радыёўзрывальнік, радыёбачанне, радыёхваля, радыёкамбайн, радыёкампанія, радыёкампаратар, радыёкомпас, радыёкампазіцыя, радыёкантакт, радыёкантроль, радыёканцэрт, радыёсетка, радыёсігнал, радыёсістэма, радыёслужба, радыёслухач, радыёспектраскапія, радыё-спецыяліст, радыёспорт, радыётэатр, радыётэлевізійны, радыётэлескоп, радыётэлефон, радыётэхніка, радыёкіраванне, радыёфестываль, радыёфікацыя, радыёэфір, радыёрэха і інш. З часткай радые-/я- трэба пісаць: радыеадчувальнасць, радыеактывацыйны, радыеактыўнасць, радыебіялогія, радыегеалагічны, радыеахоўны, радыеізатопны, радыекарбонны, радыелячэнне, радыелюмінесцэнцыя, радыенукліды, радыерэзістэнтнасць, радыесенсібілізацыя, радыевугляродны, радыеўстойлівасць, радыехірург, радыехімічны, радыетэрапія, радыеэкалогія; радыягенны, радыяграфія, радыялогія, радыялярыі, радыязонд.
У Руска-беларускім слоўніку (1998) рэкамендуецца пісаць: радыёметр, радыёметрыя; радыё-граф, радыеграфічны, радые-графія.
Арфаграфічны разнабой напісання прыведзеных слоў павінен ліквідавацца з увядзеннем Закона "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі".
Як паказвае пісьмовая практыка, на манер слова радыё стала пісацца яшчэ адно слова — аўдыё. У сучасных слоўніках знаходзім: аўдыёвізуальны і аўдыявізуальны, аўдыёкасета і аўдыякасета. Чаму так адбываецца? Гэтае запазычанае слова павінна засвойвацца паводле агульнага правіла, якое грунтуецца на фанетычнай асаблівасці нашай мовы: спалучэнне галосных іо ў сярэдзіне слова абазначаецца на пісьме літарамі іё (ыё) пад націскам, не пад націскам — ія (ыя): симбиоз — сімбіёз, физиолог — фізіёлаг, биолог — біёлаг, рацион — рацыён, пионер — піянер, радиатор — радыятар, пианино — піяніна, стационар — стацыянар і інш.; у пачатку слова пад націскам вымаўляецца і пішацца іо, не пад націскам — іа: іон, іанізацыя, іарданец і інш.; спалучэнне іа абазначаецца на пісьме літарамі ія (ыя) незалежна ад месца націску: аві?яцыя, лі?яна, гені?яльны, Ілі?яда, энтузі?язм, фартэпі?яна, піян?іст, сацыял?ізм, сацы?яльны, вары?янт, матэры?ял, матэрыял?ізм, ды?яметр, дыяпаз?он, дыяфр?агма.
Адзначым цікавую асаб-лівасць: словы аўдыя і медыя могуць губляць сваю лексічную самастойнасць і ператварацца ў так званыя прэфіксоіды — часткі слова, якія на сёння нельга лічыць ні прыстаўкамі, ні самастойнымі словамі. Гэта паўплывала на іх напісанне. Першыя часткі складаных слоў медыя-, аўдыя- пішуцца разам. Тое ж назіраем і ў "Рускім арфаграфічным слоўніку" (адказны рэдактар прафесар У. Лапацін). Пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Лапаціна ў 2000 годзе быў выдадзены новы звод правіл рускай арфаграфіі і пунктуацыі, які так і не быў прыняты ў Расіі. Прафесар Уладзімір Лапацін курыруе дзейнасцю расійскага партала gramota.ru. З імем гэтага аўтарытэтнага вучонага звязваецца развіццё сучаснай рускай арфаграфіі.
У новай рэдакцыі Правіл зафіксавана: часткі складаных слоў аўдыя- і медыя- пішуцца разам: аўдыятэкст, аўдыязала, аўдыяапаратура, аўдыябізнэс, аўдыядыск, аўдыяплэер, аўдыятэкст, аўдыявізуальны, аўдыялогія, аўдыяметрыя, аўдыяальбом, аўдыяматэрыялы, аўдыяпрадукцыя, аўдыязапіс, медыяпадзея, медыятэкст; медыябаінг, медыябаер, медыябізнэс, медыявайна, медыяіндустрыя, медыямагнат, медыяплан, медыяпланаванне, медыярэсурсы, медыярынак, медыяселер, медыясуполка, медыяхолдынг, медыяносьбіт і інш.
N.B.: Існуе невялікі шэраг слоў з пачатковым медые- : медыеваль (малюнак друкаванага шрыфту), медыевіст, медыевістыка, медыевальныя шрыфты.
l Зваротная сувязь Падкажыце, як правільна...Я частый пользователь Интернета. Без него уже не могу представить полноценной жизни, но как пишется это слово — с большой или малой буквы, не знаю. Как надо писать?
Леонид, г.Брест
— Слова “інтэрнэт” хутка ўвайшло ў наша жыццё, пазначыўшы сабой амаль усе сферы чалавечай дзейнасці. Заўважым, што любое запазычанне, якое трапляе ў мову, “паводзіць” сябе нязвыкла і толькі праз пэўны час можа цалкам падлягаць яе законам.
Інтэрнэт (з англ. Internet, ад Interconnected Networks) — аб’яднаныя сеткі, глабальная тэлекамунікацыйная сетка інфармацыйных і вылічальных рэсурсаў. Калі сёння мы ўжываем гэтае слова, то хутчэй за ўсё маем на ўвазе сусветнае павуцінне і даступную ў ім інфармацыю, а не саму фізічную сетку. Адсюль існуе разнабой у напісанні.
Лічыцца, што напісанае слова internet з малой літары абазначае проста аб’яднанне сетак (англ. interconnected networks) праз маршрутызацыю пакетаў даных. У гэтым выпадку не маецца на ўвазе глабальная інфармацыйная прастора. Аднак крыніцы паказваюць: у неангламоўным або нетэхнічным асяродку гэтыя паняцці не адрозніваюцца.
Арфаграфічны слоўнік рускай мовы Расійскай акадэміі навук пад рэдакцыяй У. Лапаціна рэкамендуе напісанне слова з вялікай літары: Интернет. Напісанне з малой літары выкарыстоўваецца ў якасці першай часткі складаных слоў і пішацца праз злучок: интернет-зависимость, интернет-пространство і інш. Апошнім часам такая рэкамендацыя не вытрымліваецца. Некаторыя расійскія выданні і парталы лічаць, што імя ўласнае сусветнага павуціння стала агульным і пішуць “интернет” з маленькай літары. Да іх адносяцца, напрыклад, “Коммерсантъ”, Яндэкс і інш.
У “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, зацверджаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года, слова “інтэрнэт” пішацца з малой літары. Гэтаму ёсць абгрунтаванне. Слова “інтэрнэт” стала ўспрымацца як электронны сродак сувязі, від СМІ. Яно мае высокую частотнасць ужывання, што таксама ўплывае на напісанне ва ўсіх значэннях гэтага слова. Такі ж лёс чакае і назвы айчыннай і рускамоўнай частак сусветнай сеткі інтэрнэта — байнэт, рунэт, якія належаць да нацыянальных даменаў.
Правільна напісаць масмедыя ці мас-медыя? Чым адрозніваюцца гэтыя словы?
Журналіст, г.Гродна
— Правільна: масмедыя. Гэтыя словы маюць аднолькавае значэнне, з’яўляюцца абсалютнымі сінонімамі або семантычнымі дублетамі: масмедыя = медыя. Некаторымі рускімі даведнікамі яны размяжоўваюцца стылістычна — паметай размоўнае. З маштабным пашырэннем выкарыстання слова медыя можна меркаваць, што яно выцесніць цяжкаважны і таўталагічны дублет — масмедыя.
З вашай рубрыкі вынікае, што кропкі над літарай ё абавязковыя. А над вялікай літарай трэба ставіць кропкі? А як быць з беларускім I вялікім?
Іванчанка Маргарыта, г. Бабруйск
— Над вялікай літарай Ё кропкі абавязковыя. Што датычыць пастаноўкі кропкі над і, то ў новай рэдакцыі Правіл канстатуецца: кропка над літарай і малой абавязковая. Над літарай І вялікай у друкаваных тэкстах кропка не ставіцца, а ў рукапісных тэкстах кропка абавязковая.
Здравствуйте! Скажите, как правильно писать “расставить все точки над и” или “поставить все точки над и”? Спасибо.
Валерия Степановна, пенсионерка
— Правільна: расставить точки над “и”. Магчымыя варыянты: расставить точки над i або расставить точки над “i”. Выраз пазначае: даць тлумачэнні, удакладніць. Калька з французскай мовы, з’яўленне ў рускай мове абумоўлена тым, што раней у рускай азбуцы існавала літара “и десятеричное”.
Дасылайце вашы пытанні поштай ці на электронную скрыню irina@ng.by