Чым парадуе слухачоў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё ў новым сезоне?

Як расказаў дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон ВАСЮКЕВІЧ, у новым сезоне канал стане больш дынамічным.

Як расказаў дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон ВАСЮКЕВІЧ, у новым сезоне канал стане больш дынамічным.

“Шмат карыснага і цікавага змогуць узяць для сябе і даўнія нашы сябры, і новыя слухачы, — адзначыў Антон Барысавіч. — Аўдыторыя нашага радыё значна павялічылася пасля рэбрэндынгу, калі канал больш дакладна вызначыў сваю нішу ў інфармацыйнай прасторы краіны. Складнікі нашага поспеху — гэта, безумоўна, прафесіяналізм супрацоўнікаў, інфармацыйная насычанасць, а таксама тое, што канал мае самую шырокую сетку FM-УКХ-перадатчыкаў, што дазваляе ахопліваць амаль сто працэнтаў тэрыторыі краіны. Акрамя таго, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё адзіны ў краіне трансліруе ў лічбавым фармаце DVB-T. Эфірнае вяшчанне канала ў FM-дыяпазоне і анлайн у інтэрнэце вядзецца кругласутачна”.

Штодзень у 16.30 будзе выходзіць новая праграма “Такі дзень...”. Яе вядучыя ў прамым эфіры абмяркуюць розныя падзеі з жыцця краіны і свету. Яе аснову складуць каментарыі да матэрыялаў беларускіх і замежных медыя, інтэрнэт-рэсурсаў, друкаваных выданняў. Выказаць сваю думку наконт тых ці ішых падзей можна будзе, даслаўшы SMS на нумар 1062.

Яркай навінкай сезона абяцае стаць пазнавальная праграма “У свеце гукаў”. Кожную нядзелю ў 11.40 у кожным выпуску аўтары праекта будуць ствараць гукавыя карціны розных гарадоў і краін свету. Актуальныя пытанні прыродаахоўнай дзейнасці будуць узнімацца ў тэматычнай праграме “Экалагічны аспект” (нядзеля, 9.25). Праграма аб сямейных каштоўнасцях “Для тых, хто дома” зменіць назву на “Сямейнае радыё”. У начны эфір зноў вернецца музычна-забаўляльная перадача “Бяссонне”.

Шэраг праграм, што займелі шырокую аўдыторыю раней, будуць удасканалены. Папулярны дзённы праект “СМС-эфір” дапоўніцца вячэрнім выпускам, а эфір праграмы “Вітаем, віншуем, жадаем” будзе доўжыцца паўтары гадзіны. Так што ёсць сэнс дасылаць больш віншавальных паштовак!

Яшчэ адзін цікавы праект — другі рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”. Заяўкі на ўдзел у ім Першы нацыянальны канал Беларускага радыё атрымлівае з пачатку жніўня. Імёны лепшых выканаўцаў і лідараў творчых калектываў стануць вядомыя сёлета ў лістападзе. Пра ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу можна будзе прачытаць на старонках “НГ”.

Слухайце Першы нацыянальны канал Беларускага радыё ў рэжыме рэальнага часу на www.radio1.tvr.by, у FM-дыяпазоне: Мінск — 106,2 МГц, Брэст — 100,0 МГц, Віцебск — 100,5 МГц, Гомель — 105,1 МГц, Гродна — 103,0 МГц, Магілёў — 105,9 МГц, а таксама на хвалях, што трансліруюцца перадатчыкамі і радыёвузламі абласцей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter