Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чым кірмаш багаты

Супляменнікі з Даўгаўпілса ў чарговы раз шырока, з удзелам шматлікіх гасцей зладзілі яскравае свята ў беларускім народным стылі

У кожнай з беларускіх суполак замежжа ёсць прыярытэты ў працы. І з гадамі кожная суполка прыхарошваецца традыцыямі — нібы ёлкі навагоднія. Да нажытага раней дадаецца нешта новае. Так і ў нас добрай традыцыяй стаў Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”: ён прайшоў 24-25 лістапада 2017 года, і ўжо сёмы раз. Удзельнічалі ў ім беларускія аматарскія гурты з Латвіі, Літвы, Эстоніі ды Беларусі. Культурны форум, як заўсёды, быў салідным: уключаў канферэнцыю, майстар-клас рамеснікаў, кніжную акцыю, выставу восеньскіх дароў, гала-канцэрт, дабрачынны канцэрт у пансіянаце, выставу карцін. Раскажу пра ўсё патроху.

На гала-канцэрце ў Даўгаўпілсе жартавалі, спявалі, танцавалі

Канферэнцыя

Кірмаш, які ладзіў Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры, адкрываўся канферэнцыяй “Культурны мост: Латвія — Літва — Эстонія — Беларусь”. Мы прымалі гасцей у новым офісе: па вуліцы Алеяс, 68-1А. Дарэчы, так супала, што ў той жа дзень дэпутаты гарадской думы аднагалосна вырашылі прадаставіць тыя памяшканні ЦБК у пастаяннае, доўгатэрміновае карыстанне. На сустрэчы выступалі кіраўнікі дэлегацый Бабруйска і Браслава (Беларусь), Маарду (Эстонія) і Вісагінаса (Літва). Госці падарылі нам традыцыйныя сувеніры сваіх гарадоў і краін. Мы расказалі пра сваю дзейнасць, буйныя праекты, прэзентавалі кнігу “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Самае галоўнае: на фэст-канферэнцыях ідзе абмен ідэямі, ёсць жывыя зносіны, абмеркаванне праблем зберажэння беларускай культуры ва ўмовах жыцця за межамі Бацькаўшчыны, устанаўленне новых кантактаў. Скажам, летам 2017-га наш гурт “Пралескі” быў у Бабруйску на фестывалі “Вянок дружбы”, а восенню ўжо ЦБК прымаў на кірмашы танцавальны гурт “Альянс” з Бабруйска.

Рамесная выстава і кніжная акцыя

У фае Дома Адзінства разгарнулася кірмашова-рамесная выстава з майстар-класамі. Майстрыха Браслаўскага музейнага аб’яднання Ларыса Дарафейчык паказвала, як робяцца свістулькі з гліны, а Людміла Рулевіч майстравала снегіра з нітак. Рамеснікі Клуба народных майстроў “Крыніца” Глыбоцкага раёна Ала Галай, Алена Альшэўская і Аляксандр Плігаўка прадставілі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: вырабы з лямцу, вышыўку, саломапляценне, ручнікі. Алена Балаш, рамесніца з Мёрскага раёна, таксама прывезла шмат цікавага: плеценыя ваўняныя паясы, ільняныя й саламяныя абярэгі, шытыя з тканіны лялькі, драўляную разьбяную ключніцу, вязаныя сумачкі...

А вось і даўгаўпілскія рукадзельніцы: Ядвіга Гарбунова асвоіла валеныя шкарпэткі і вязаныя вырабы, Вікторыя Іванова робіць плеценыя з лазы рэчы, Наталля Алейнікава — сувеніры. А побач гаспадыні суполкі “Уздым” дзяліліся сакрэтамі вырошчвання гародніны, ягад, садавіны і хатніх нарыхтовак на зіму. Прадоўжылася на чарговым кірмашы й дабрачынная кніжная акцыя. Бібліятэка ЦБК папоўнілася дзясяткам новых кніг, а дароўцы за тое атрымалі фірмовыя сувеніры — “Гузікі шчасця”. А пакуль рыхтаваўся гала-канцэрт, святочную атмасферу ў Доме Адзінства стваралі спевы беларускіх аматарскіх гуртоў Латгаліі ды Эстоніі.


Гала-канцэрт у Доме Адзінства

У канцэртнай зале — аншлаг: няма свабодных месцаў. Радуемся, што нашы беларускія справы карыстаюцца такой папулярнасцю ў латвійскім горадзе. Удзельнікаў і гасцей свята віталі старшыня Камітэта па пытаннях адукацыі ды культуры Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі, першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі Аляксей Васількоў, консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская, консул-саветнік Генконсульства Расіі ў Даўгаўпілсе Наталля Пуставалава. Беларускія дыпламаты выканалі прыемную місію: уручылі ЦБК узнагароды конкурсу “Культура” для беларусаў замежжа, які праводзіў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Мінкультуры Беларусі. Дарэчы, “кірмашовы праект” ЦБК увайшоў у групу пераможцаў! І консул Антаніна Струнеўская пажадала “Беларускаму кірмашу ў Даўгаўпілсе” дасягнуць размаху “Славянскага базару ў Віцебску”. Будзем старацца!

Сёлета тэмай кірмашу было Каханне. Пра высокія пачуцці спявалі песні ўсе гурты, прадставіла мініяцюры наша Тэатральная студыя “Паўлінка”. Вясёлай чарадой прайшлі праз наш кірмаш хітраватая баба і яе падатлівы дзед, скупы муж і яго шчодрая жонка, сварлівая кабета з мужам-падкаблучнікам, дабрак-выпівоха з цярпліваю жонкай, пляткаркі-суседкі на лавачцы... І ў такіх жыццёвых варунках абавязкова ёсць месца каханню. Пра тое спявалі гурты ЦБК — ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі”, харавая капэла “Спадчына”. Тэматычныя кампазіцыі выканаў танцавальны ансамбль “Лянок”.

Потым на сцэну выйшлі госці з Балтыі. Вясёлыя, гарэзлівыя песні пра каханне чаргаваліся з настальгічнымі, філасофскімі. А іх прадставілі гурты беларускіх суполак: “Аколіца” (Дагда), “Завіруха” (Екабпілс), “Узоры” (Ліваны), “Сузор’е” і “Пралескі” (Рэзэкнэ), “Сузор’е” і Сяргей Шабадалаў (Вісагінас, Літва), “Купава” (Маарду, Эстонія). Гледачы не шкадавалі апладысментаў. Авацыямі сустрэлі артыстаў з Беларусі, якія выканалі народныя песні (ансамбль “На панадворку”, Браслаў), лірычныя песні (Ігар Мятла і Марыя Артымёнак, Мёры), беларускія сцэнічныя танцы “Святочная”, “Кросны” і народны “Лявоніха”  (фольк-шоу-балет “Альянс”, Бабруйск).

Тры гадзіны гала-канцэрта праляцелі незаўважна. Потым кожны калектыў атрымаў дыплом удзельніка, у падарунак — кнігу “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, каляндар да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі, сувеніры, прысмакі. Вялі гала-канцэрт і ўручалі ўзнагароды кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская і арганізатар культурных мерапрыемстваў ЦБК Ірына Апэйнанэ. І яшчэ было ўшанаванне пераможцаў штогадовага конкурсу даследчых работ “Беларусы Латвіі: мінулае і сучаснасць”. Ініцыятар конкурсу, дэпутат Сэйма Алена Лазарава і старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова віншавалі пераможцаў, сярод якіх — 12 прадстаўнікоў Латгаліі! Паездкай у Брусэль узнагароджаны лаўрэаты конкурсу, актывісты дыяспары.

Заўважу: якраз фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” фактычна завяршаў восеньскі марафон Дзён беларускай культуры ў Латвіі. А сам фэст па традыцыі завяршыўся спяваннем песні-гімна “Беларускі дом”. Зала падпявала стоячы, і ў многіх на вачах блішчалі слёзы.

Дабром падзяліцца

Суботняй раніцай 25 лістапада гасцявыя гурты “Беларускага кірмаша ў Даўгаўпілсе” наведалі Даўгаўпілскі тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання пенсіянераў, далі там дабрачынны канцэрт. На працягу гадзіны фольк-шоу-балет “Альянс”  і дуэт з Беларусі, вакальны жаночы гурт “Купава” з Эстоніі радавалі сваімі песнямі, танцамі гледачоў, якія цёпла сустрэлі артыстаў. Кіраўніца культурных праектаў пансіяната Валянціна Плонэ дзякавала ўсім за выдатнае выступленне, а нашаму ЦБК — за плённую супрацу. Потым для замежных гасцей Даўгаўпілса была экскурсія па горадзе і яго беларускіх мясцінах, яны наведалі Арт-цэнтр М. Роткі.

Маюць гонар мастакі

25 лістапада ў нашым ЦБК у плыні фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” адкрылася выстава карцін Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. Гэта жывапісныя і графічныя работы, фота і аб’ёмны лубок. Усяго дэманструюцца творы 16 прафесійных мастакоў. Хто яны? З Латвіі — Вячка Целеш, Анатоль Ермаковіч, Надзея Ізянёва, Ірына Караль, Алена Лаўрыновіч, Аліна Літвіненка, Васіль Малышчыц, Ганна Пэйпіня, Алена Раманенка, Алена Ціхамірава, Ірына Трумпель-Сабалеўская, Галіна Жалабоўская і Пётр Худабчонак. Са Швецыі — Кацярына Озберга. З Эстоніі — Маргарыта Астраумава і Людміла Прыбыльская. Дарэчы, пяцёра з тых творцаў былі на адкрыцці выставы.

Нагадаю: у 2016-м суполка “Маю гонар” да свайго юбілею зладзіла выставу ў Даўгаўпілскім мастацка-краязнаўчым музеі, а цяпер — і гасцінны Цэнтры беларускай культуры прымае знакавы праект. Пра тое казаў Вячка Целеш, нязменны кіраўнік суполкі, кавалер Ордэна Трох Зорак Латвіі, заснавальнік Беларускай школы ў Рызе й першага ў Латвіі Таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Ён высока ацаніў наш гала-канцэрт, станоўча гаварыў пра інтэграцыйную палітыку Латвіі, пажадаў ЦБК далейшых поспехаў — і развіцця. У прыватнасці, ён пажадаў нам, каб стала явай Беларуская школа ў Даўгаўпілсе. Што ж, ідэя — цудоўная, да таго ж мы й самі пра такое думаем, так што ёсць над чым працаваць.

Вячка Целеш піша кнігу пра мастакоў беларускага паходжання, якія працавалі ў Латвіі ў розныя гады. Інфармацыя пра Пятра Мірановіча, Аркадзя Салаўёва, Аляксандру Бяльцову, Дзмітрыя Гадзіцкага-Цвірко і Міхаіла Калініна прадстаўлена — асобным стэндам — на выставе. Многія з названых мастакоў звязаны з Латгаліяй, Даўгаўпілсам. Як выказаўся аўтар будучай кнігі, “хай дух мастакоў мінулых гадоў лунае ў гэтых сценах”. Адкрыццё выставы завяршылася віншаваннем мастакоў, выступаў вакальны гурт “Купалінка”. Цяпер экспазіцыя мастацкай суполкі “Маю гонар” яшчэ адкрыта ў Цэнтры беларускай культуры: да 25 студзеня.

На заканчэнне гэтых нататкаў варта нагадаць, што VII Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” ладзіў наш Цэнтр беларускай культуры ў супрацы з Упраўленнем культуры, Цэнтрам латышскай культуры, Генконсульствам Беларусі ў Даўгаўпілсе і Амбасадай Беларусі ў Латвіі. Наш фэст засведчыў, як хораша працуе народная дыпламатыя на ўзроўні гарадоў-пабрацімаў Даўгаўпілса і Бабруйска і заключаных пагадненняў аб супрацы паміж ЦБК і аддзеламі культуры беларускіх гарадоў Браслава, Мёраў, Глыбокага, Беларускім культурным цэнтрам “Крок” літоўскага Вісагінаса. Мы дзякуем за падтрымку ўсім добрым людзям, у супрацы з якімі свята ў нас атрымалася такім яркім, пазітыўным. Сюжэт навін ЛТВ пра “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” можна пабачыць у інтэрнэце: https://youtu.be/oSm-2RYctBY Асаблівыя словы падзякі адрасуем артыстам і адданым гледачам: некаторым жа давялося прастаяць канцэрт! Выбачайце, сябры, за нязручнасці. Сёлета мы плануем з нашым кірмашом вярнуцца ў звыклую і прасторную залу Палаца культуры, дзе месца хопіць усім. Там і правядзем фэст пад знакам 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі на тэму “Куфар беларускіх скарбаў” .

Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2018 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...