Незвычайная паслуга ў Мiнску: цi адносiцiся вы генетычна да славутых магнацкiх сямей

Глядзі у корань — знаёмы выраз. І, здаецца мне, што ў нашых суайчыннiкаў будзе магчымасць зазірнуць досыць далёка. У краіне павінен з'явіцца генетычны тэст, які дапаможа ўстанавіць сваяцтва з самімі Радзівіламі. Карэспандэнт «Р» даведаўся, як гэта магчыма і якія яшчэ незвычайныя даследаванні можна ў нас правесці.

Зорнае сваяцтва

Каб такі тэст мог зрабіць кожны беларус, прыйшлося патурбаваць вечны спакой славутых Радзівілаў. Але падрабязнасці крыху пазней, не спяшайцеся. Зараз я іду ў прыватны цэнтр генетыкі. Нясу матэрыял для будучых даследаванняў. Але слова «матэрыял» гучыць надта ўжо моцна. На справе – звычайныя валасы. Затое колькі валасяная цыбуліна змяшчае ў сабе інфармацыі. Навукоўцы здолелі «прачытаць» нават ДНК сібірскіх мамантаў, выдзеленую з воўны. Перад гэтым спецыялісты патлумачылі мне, што біяматэрыялы не варта змяшчаць у пакет. Лепшы варыянт – загарнуць у паперу.

Любы з нас можа быць нашчадкам Радзівілаў
bel-en.by

Спецыяліст-кансультант па генетычных даследаваннях Святлана Кірыленка бярэ канверт, запісвае мае даныя:

— Матэрыял будзе захоўвацца ў сухім месцы, пры хатняй тэмпературы да адпраўкі на даследаванне.

Я ўся ў прадчуванні – глядзіш, даведаюся аб зорным сваяцтве. Але дырэктар па развіцці Аляксандр Свірыдовіч стрымлівае мой запал: з вынікамі прыйдзецца пачакаць, пакуль навукоўцы на этапе разгадкі генаў знакамітых Радзівілаў:

— Тэст на сваяцтва праз шмат пакаленняў павінен з'явіцца да канца года. Мы ўжо вылучылі ДНК муміі аднаго з ўладальнікаў Радзі-вілаўскага замка. Праца пачалася яшчэ ў мінулым годзе. Сёння ў крыпце пры Фарным касцёле знаходзіцца 70 саркафагаў. Там ляжыць уся нясвіжская галіна, пачынаючы з Мікалая Сіроткі. Так атрымалася, што саркафагі не раз ўскрывалі, каб даведацца «рэцэпт» бальзамавання — настолькі ідэальным быў стан мумій. Цяперашняе кіраўніцтва музея занепакоілася: ці не адбылося якой-небудзь памылкі пры гэтых мерапрыемствах, ці адпавядае асоба чалавека надпісу на саркафагу? Таму звярнуліся да нас па дапамогу ў ідэнтыфікацыі пахаванняў вядомага роду. Пасля гісторыкі паставілі яшчэ больш амбіцыйныя мэты: даведацца, чым хварэлі вялікія продкі.

Тэст на роднасць

Нервова глытаю: а чым чорт не жартуе, можа, у мяне сваяк — знакамітая асоба? Вой, буду ганарыцца! Кожны беларус хоць нешта ведае пра Радзівілаў. Адзін чуў пра дзівацтвы Пане Каханку, другі — пра значнасць Радзівілаў Сіроткі і Рыбанькі, трэці перажываў гісторыю няшчаснага кахання Барбары Радзівіл... Усяго на генеалагічным дрэве роду, якое вядуць іх нашчадкі, 448 імёнаў. Уражвае! Але сапраўднымі ўражаннямі дзеліцца Аляксандр Свірыдовіч, які стаў сведкам адкрыцця скляпоў з астанкамі Радзівілаў:

— Гэта павольны працэс. Адзін саркафаг адкрывалі тры гадзіны. Хоць каманда археолагаў была вялікая – каля 20 чалавек. А ўсё чаму? Бяруць труну — і аналізуюць кожную плямку, пацёртасць, шурпатасць на ёй, усё гэта дакументуюць. Памятаю, узнялі века — і слуп пылу зайграў у святле лямпаў. Мумію паклалі на стол, пад асвятленне. Уя-віце, на высушаным целе захавалася не толькі скура, але і кафтан. Па ім, дарэчы, спецыялісты вызначылі, у якім стагоддзі жыў чалавек, яго ўзрост, пол. Але што адзенне! На скуры захаваліся сляды воспы. Усяго для даследавання адкрылі 10 скляпоў, бралі ўзоры пазногцяў, косткі. Пакуль ДНК з патрэбнай інфармацыяй выдзелілі толькі ў аднаго — клеткі ж адміраюць.

ДНК сярод нас

Генетыка ступіла так далёка, што ўжо складана раскласці ў галаве па паліцах магчымасці будучага. Сёння можна зрабіць тэст на этнічнае паходжанне. Або прынесці кавалачак пазногця дзіцяці і даведацца, ці зможа ён паўтарыць славу Пеле. Ці лепш хай ён крочыць па слядах Джокавіча.

Нашы знакамітыя продкі ўмелі жыць прыгожа
21.by

Ёсць даследаванне для бацькоў, якія мучаць сябе сумненнямі. Гэта калі сын або дачка актыўна заяўляюць, што не ўжываюць наркотыкі, а ў мамы ўсе роўна недзе «свярбіць». Што ж, можна зрабіць спецыяльны тэст, які вызначыць нават аднаразовае ўжыванне наркотыку за некалькі гадоў з дакладнасцю ў адзін месяц. Дастаткова пасмы валасоў. Ці не дзіва? Больш таго, Аляксандр Свірыдовіч сцвярджае, што ў якасці матэрыялу падыдуць  нават камп’ютарная мыш, запальнічка, ручка, смартфон або планшэт.

Дрыжыце і тыя, хто схільны да адзюльтэру. Сёння вас лёгка можна вывесці на чыстую ваду. Аляксандр Свірыдовіч паніжае голас – пытанне ж інтымнае:

— ДНК-тэст на здраду вызначае, ці ёсць чужародныя клеткі на дадзеным матэрыяле — сподняй бялізне, прасціне, посудзе, выкарыстаных сурвэтках. Мы параўноўваем знойдзеную ДНК з ДНК заказчыка.

А цяпер інфармацыя для сельскіх гаспадарак: геномныя тэхналогіі ўкаранёны ў жывёлагадоўлю. Аляксандр Свірыдовіч малюе наглядную схему:

— У малацэ ёсць бялкі – капа-казеін і бэта-казеін. Адзін з іх можна ўжываць дыябетыкам, другі – нельга. Мы можам адсартаваць статак, каб каровы давалі малако з пэўным казеінам. Наогул, з дапамогай геннай інжынерыі можна стварыць статак па нейкай карыснай прыкмеце: па тлустасці малака, па здольнасці цялiцца... Згадзіцеся, гэта знаходка для фермераў.

Здаецца, яшчэ некалькі гадоў таму мы чулі толькі пра тэст на бацькоўства. А цяпер вунь якая разнастайнасць. Праўда, і сёння гэты «бацькоўскі» тэст застаецца самым папулярным сярод беларусаў.

azanovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter