Аднайменны гурт з дзятлаўскай вёскі Студзераўшчына пад песні выпякае вясельны каравай

Чужыя жаніхі тут не ў пашане

Аднайменны гурт з дзятлаўскай вёскі Студзераўшчына пад песні выпякае вясельны каравай
Аднайменны гурт з дзятлаўскай вёскі Студзераўшчына пад песні выпякае вясельны каравай.

Ужо амаль 40 гадоў вёска Студзераўшчына, што ў Дзятлаўскім раёне, гэта не толькі населены пункт, але і адметны народны фальклорны калектыў. Ён быў створаны яшчэ ў 1975 годзе тагачасным кіраўніком сельскага клуба Антонам ГУЗАРЫКАМ, які і даў яму неадмысловую назву «Вёска Студзераўшчына». Мясцовыя жыхары збіраліся і спявалі двухгалоссем народныя, тыповыя толькі для гэтай мясцовасці, вясельна-бытавыя і абрадавыя песні.

— Некалі нас было болей за два дзясяткі чалавек, а зараз усяго сямёра, — распавядае старэйшая ўдзельніца хору 79-гадовая Яўгенія Ляўкевіч.

Менавіта гэтыя жанчыны, якія чулі, як спявалі іх маці і бабулі, і з’яўляюцца апошнімі носьбітамі студзераўшчынскага двухгалосся. Яны не толькі памятаюць аўтэнтычныя тэксты і матывы, але і могуць паўтарыць манеру выканання, якой карысталіся пяцьдзясят, а магчыма, нават сто гадоў таму.

— Здаецца, што можа быць незвычайнага ў двухгалоссі. Але да нас прыязджалі з іншых рэгіёнаў, спрабавалі спяваць нашы песні, але ўсё роўна атрымоўвалася не тое. Для гэтага трэба жыць і гадамі чуць гэтыя спевы, — кажа сучасны кіраўнік калектыву Аліна Мішчук.

Адметнасць хору адзначаюць і на розных конкурсах і фестывалях — куды б ні адправіліся студзераўшчынскія спевакі, адусюль вяртаюцца з прызавымі месцамі. Але ўлічваючы сучасную сумную тэндэнцыю, калі ў вёсках амаль не застаецца моладзі, а значыць, і народным мастакам няма каму перадаваць свае ўменні, наўрад ці доўга будзе існаваць і гэты хор. Каб хоць неяк захаваць адметную культуру вёскі, Аліна Мішчук запісала тэксты мясцовых абрадавых спеваў. Нават ёсць думка выдаць асобны зборнік.

Пакуль жа спявачкі час ад часу збіраюцца разам у мясцовым цэнтры фальклору, каб узгадаць свае спевы ці падрыхтавацца да чарговага фестывалю. На адну з такіх рэпетыцый, падчас якой жанчыны выканалі песні для абраду выпякання вясельнага каравая, пашчасціла знаходзіцца і карэспандэнтам «СГ».

— Гэта аўтэнтычны абрад. Менавіта так, з гэтымі песнямі выпякалі каравай у Студзераўшчыне на працягу доўгага часу, — знаёміць Аліна Мішчук.

Перад тым як расказаць пра сам абрад, нельга не сказаць пра яшчэ адну адметнасць. Справа ў тым, што студзераўшчынскія бацькі не адпускалі сваіх дачок выходзіць замуж за хлопцаў з іншых вёсак. У выніку сёння амаль усе мясцовыя жыхары даводзяцца адзін аднаму сваякамі, і амаль палова носіць фамілію Ляўкевіч. Вось чаму такія цікавыя і непаўторныя студзераўшчынскія абрадавыя песні для выпякання вясельнага каравая.

— Калі вырашалі ладзіць вяселле, маладая з дазволу маці ішла па вёсцы і клікала каравайніц. Звычайна гэты былі жанчыны з сям’і нявесты. У пэўны час яны збіраліся ў хаце маладой — прыходзіла каля дваццаці чалавек. Мужчынам пры гэтым прысутнічаць не дазвалялася, — распавядае Яўгенія Ляўкевіч.

Выключэнне рабілася так званаму маршалку, які дапамагаў ставіць каравай у печ. Ім звычайна быў хросны бацька ці родны дзядзька маладой.

Перад тым як расчыніць цеста, старэйшая каравайніца тройчы пыталася ў бацькоў маладой дазволу: «Дазваляюся і покуці свянцонай у ліцэ маткі разумнай, ці дазволіце гэты божы дар расчыніць?» На гэта бацькі тройчы адказвалі: «Пан Бог дазваляе, і мы дазваляем». Дазвол быў патрэбен і для таго, каб пачаць мясіць цеста. Для кожнага моманту была асобная песня — перад тым як ставіць каравай у печ, перад тым як дастаць яго і калі ляпілі для каравая ўпрыгожванні.

Пасля печы каравай хавалі ў кладоўцы, накрыўшы рушніком. Даставалі яго напрыканцы вяселля і дзялілі паміж гасцямі.

Дарэчы, студзераўшчынскія спявачкі — мастачкі на ўсе рукі. Яны і вышываюць, і вяжуць, і ткуць, і выцінанку робяць. Касцюмы для сваіх выступленняў яны таксама вышывалі сабе самі. Шкадуюць жанчыны толькі, што няма каму перадаць гэтыя традыцыі. Кажуць, час такі — нецікавы і нават іншы раз абыякавы да культурнай спадчыны.

Яна МІЦКЕВІЧ, «СГ»
mizkevich@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter