Чужыя брамы фiрменнай крамы

Чаму  “Паўлiнцы” на  галоўным праспекце беларускай сталiцы  не  месца,  а  магазiну з  нямецкай   вопраткай на плошчы Перамогi — месца?..

Чаму  “Паўлiнцы” на  галоўным праспекце беларускай сталiцы  не  месца,  а  магазiну з  нямецкай   вопраткай на плошчы Перамогi — месца?..

З’явiлася ў мяне шчаслiвая нагода з’ездзiць да сваякоў у далёкую Волагду. Горад, “где резной палисад”, славiцца на ўвесь свет сваiмi карункамi i маслам. Сувенiр — такi, дзеля адчэпнага, у якасцi падарунка там не зразумеюць. Трэба нешта наша, нацыянальнае. Дзе ж калi не ў любай сэрцу кожнага мiнчанiна “Паўлiнцы” ля ГУМа яго i не купляць, тым больш што там нядаўна ўжо скончыўся рамонт, значыць, i я пабачу “Паўлiнку” ў новым выглядзе. 

...Аддзел, дзе гандлююць iльнянымi вырабамi, заўсёды прыцягвае позiрк жанчын. I на гэты раз я не памылiлася – выбрала шыкоўны, адмыслова вышыты спальны гарнiтур для сястры i стылёвыя сурвэткi для яе маладой нявесткi. Падарункi куплены – гара з плячэй, можна i агледзецца. Божачкi, а што ж гэта з нашай “Паўлiначкай” здарылася? На першы погляд, усё быццам бы так, як i раней: тут — керамiка, там — нацыянальныя строi, сувенiры... I ўсё ж, як кажуць, няма таго, што раней было. Вачам не веру: палiцы са спiртным, а ўвесь другi паверх, дзе некалi выбiрала сукеначкi для дачок, займае музычная крама з хай-тэкаўскiмi радамi CD ды DVD дыскаў. 

З нейкiм сумам i расчараваннем зачынiла я дзверы некалi славутай крамы. Глянула на шыльду i вачам не паверыла – “Купалiнка”. Вярнулася ў гандлёвую залу. “Дзяўчаты, а куды “Паўлiнка” падзелася?” Прыветная ўсмешка на твары прадаўшчыцы ў момант знiкла: “Теперь здесь совсем другой магазин, а “Паўлiнка” переехала. Куда? Не знаю!» 

Не толькi журналiсцкая цiкаўнасць, а i нейкiя чыста чалавечыя пачуццi прымусiлi ўзяцца за гэтую тэму. Што разумеем мы пад вызначэннем “гарадское асяроддзе”? Архiтэктуру, помнiкi, лiхтары, дрэвы i кветкi? Несумненна. Гламурныя вiтрыны, крыклiвыя шыльды, зiхатлiвую рэкламу? Вiдаць, таксама, бо ўсё гэта ёсць на галоўнай вулiцы Мiнска. А што робiць яго адметным, вызначае яго непаўторнаць i надае нацыянальны каларыт? Так, i магазiны таксама. Цяжка ўявiць сабе сталiчны праспект без “Цэнтральнай кнiгарнi”, “Лянка”, “Мастацкай галерэi”, якiя надаюць яго воблiку нейкую асаблiвую духоўнасць i iнтэлiгентнасць. Да таго ж гэта i правераныя часам брэнды, якiя пакупнiк паважае i якiм давярае. 

“Паўлiнка” адчынiлася ў далёкiм 1952 годзе. Яшчэ на стадыi будаўнiцтва планавалася, што тут будуць гандляваць вырабамi беларускiх майстроў, што магазiн стане своеасаб-лiвым цэнтрам рамёстваў i промыслаў, якiмi славiцца Беларусь. Невыпадкова i назву выбралi. Паўлiнка – любiмы ў народзе купалаўскi вобраз летуценнай i вострай на язычок дзяўчыны. Па сутнасцi, “Паўлiнка” стала малодшай сястрой гандлёвага гiганта ГУМа. У пяцiдзесятыя гады пляцоўка ля гэтых магазiнаў была самым бойкiм месцам у горадзе. Мая свякроўка Аляксандра Пятроўна любiць успамiнаць, як тагачасныя студэнткi, абутыя ў гумовыя паўбоцiкi i апранутыя ў палiто, перашытыя з салдацкiх шынялёў, прыходзiлi сюды любавацца “красивой жизнью”. У гады маёй маладосцi было добрай прыкметай назначаць на гэтым месцы спатканнi. Карацей кажучы, “Паўлiнка” для мiнчан i для многiх гасцей горада ўжо нешта большае, чым проста крама. 

Але вернемся да прозы жыцця. У 1992 годзе працоўны калектыў выкупiў свой магазiн. Па сутнасцi, прыватызацыя распаўсюджвалася толькi на самую назву, бо гандлёвыя плошчы засталiся ў камунальнай уласнасцi горада. У 2000-м  рашэннем Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў уласнiкам аб’ектаў прыватызацыi гарантавалася права на заключэнне доўгатэр-мiновых дагавораў арэнды займаемых памяшканняў. Апошнi такi дагавор “Паўлiнка” заключыла ў лютым 2000-га. Праз год памяшканне змянiла ўласнiка, i “Паўлiнка” пераехала ў шкляны павiльён ля метро, на плошчы Незалежнасцi. Гараджане ў большасцi сваёй думалi, што скончыцца рамонт i ”Паўлiнка” зноў вернецца на абжытае месца. Не вярнулася... 

Чацвёрты нумар трамвая давёз мяне да вулiцы Чарвякова, дзе на першым паверсе жылога дома размяшчаецца сёння “Паўлiнка”. Знакавы для горада магазiн, такiм чынам, апынуўся ў спальным раёне, дзе нават выпадковы навед-вальнiк ужо запраграмiраваны на празаiчныя пакупкi гастранамiчнага i бытавога кшталту. Тут, праўда, ёсць цудоўна аформленыя, але такiя невялiчкiя аддзельчыкi, якiя нагадваюць лепшыя часы, але ў большай частцы гандлёвай залы — моцныя напоi, пральныя параш-кi, ...туалетная папера. 

— Колькi начэй не спалi, колькi плакалi, пакуль змiрылiся з сённяшнiм статусам магазiна, — прызнаецца галоўны бухгалтар Нiна Прымакова. – Але жыць трэба, i мы проста вымушаны гандляваць тым, што патрэбна пакупнiку з суседняга дома. Распрадаём тое, што засталося з былога асартыменту i, баюся, больш тавару, якiм гандлявалi паўстагоддзя, заказваць не будзем. Падарункi i сувенiры людзi прывыклi купляць у цэнтры. Памятаеце сумную гiсторыю магазiна “Школьнiк”, якi некалi размяшчаўся ля паштамта? Якая цудоўная была крамачка, вельмi папулярная сярод  вучняў i студэн-таў, дэмакратычная i гасцiнная. А пераехала некуды на вулiцу Маякоўскага i пагубляла пакупнiкоў, памяняла асартымент. Цi не такi лёс чакае i нас? 

У “Купалiнцы” сёння вiруе гандлёвае жыццё. I ўсё ж страчана нешта тое няўлоўнае i таямнiчае, што сёння называюць фiласофiяй фiрмы. Гэта тонкая матэрыя, яна, на жаль, не перадаецца ў спадчыну. Клоны здольныя толькi капi-раваць. Гаспадар магазiна, канцэрн “Беларускiя мастацкiя промыслы”, выбiраючы назву для сваёй крамы, не паклапацiўся нават аб тым, каб яна была адметнай, каб не ўводзiла ў зман пакупнiка. Лiтаральна за пару крокаў на вуглу вулiцы Янкi Купалы i праспекта, ля цырка, знаходзiцца магазiн... “Купалiнка”. Тут гандлююць прадуктамi харчавання... А на
праспекце Пераможцаў фiрменны магазiн з такой назвай прапануе трыкатажныя вырабы. 

Сусветныя гандлёвыя брэнды непадуладны часу i людзям. Перажылi iмператараў i рэвалюцыянераў,  мянялi гаспадароў, але заставалiся сабой. Таму i ў мяне ўсё ж цеплiцца  надзея, што калi-небудзь няхай не яны, канкрэтныя людзi, а “Паўлiнка” ўсё ж зойме сваё  пачэснае, вызначанае часам i зацверджанае людской любоўю месца. Надзея гэтая небеспадстаўная: былыя пакупнiкi i народныя майстры з усiх куткоў Беларусi тэлефануюць, непакояцца лёсам крамы мастацкiх промыслаў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter