У Мінску знайшлі вырашэнне праблемы застаўленых машынамі двароў: як гэта працуе

Чужым тут не месца

Сёння, напэўна, няма ў горадзе аўтааматара, якога не хвалявала б праблема парковачных месцаў. Часам паміж тымі, хто жадае прымасціць сваё аўто на зручны пятачок, успыхваюць сваркі і нават сапраўдныя бойкі. Пілотны праект, які рэалізуецца ў раёне вуліц Варанянскага – Чкалава – Авакяна, прызваны ўпарадкаваць стыхійныя паркоўкі і знайсці кампраміс паміж прыезджымі і жыхарамі двароў. Ён прадугледжвае стварэнне платных месцаў на вуліцы і кантроль за становішчам на ўнутрыдваровай тэрыторыі. Карэспандэнт «Р» разбіралася ў нюансах паркоўкі па новых правілах. 

— Жыхары дамоў, размешчаных у межах названых вуліц, самі звярнуліся да нас па дапамогу, — уводзіць у курс Алег Ляшчынскі, дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы». – У гэтым раёне знаходзяцца шматлікія ўстановы і арганізацыі, куды прыязджае шмат наве­д­вальнікаў: Палац чыгуначнікаў, магазін, загс, паліклініка. Усе яны стараюцца паставіць свае машыны ў дварах, а мясцовым жыхарам не застаецца месца для паркоўкі, што, зразумела, людзей не задавальняе.   

Дакладнасць працы модуля аналітыкі і распазнавання рэгістрацыйных знакаў — 98 працэнтаў.

Праект, прапанаваны ДУ «Пар­коўкі сталіцы», рэалізуюць з дапамогай сродкаў фота- і відэафіксацыі, а таксама модуля аналітыкі і распазнавання рэгістрацыйных знакаў. На ўездзе ў двары ўжо зараз устаноўлены знакі «Рух забаронены». Праўда, яны не тычацца мясцовых жыхароў. Як адрозніць «свайго» ад «чужака», растлумачыў Уладзіслаў Чэчэт, дырэктар па тэхнічных пытаннях ТАА «Інтэлектуальныя гарадскія сістэмы»:

— Жыхарам кватэр мы пра­панавалі скласці так званыя спісы доступу, у якія яны могуць уключыць рэгістрацыйныя нумары сваіх аўтамабіляў і машын  частых гасцей або родных. Прыватныя або грамадскія арганізацыі, дзяржаўныя ўстановы, якія тут знаходзяцца і таксама маюць патрэбу ў месцах для стаянкі, атрымаюць пэўныя квоты – у залежнасці ад парковачных магчымасцей двара. Пасля праверкі і ўзгаднення спіс атрымаюць інспектары «Парковак сталіцы», ён будзе ўнесены таксама ў модуль аналітыкі і распазнавання рэгістрацыйных знакаў. Гэтая сістэма адразу выключыць з ліку прэтэндэнтаў на спагнанне штрафу нумары машын спецслужбаў – міліцыі, МНС, «хуткай дапамогі», а таксама грамадскага транспарту. 

На вуліцы Варанянскага вызначаны платныя парковачныя месцы, устаноўлены відэа камеры, размешчаны інфармацыйныя стэнды.

Спісы доступу не з’яўляюцца статычнымі і пастаяннымі. Пасля таго як рэзідэнцтва чалавека ў гэтай зоне паркоўкі будзе пацверджана, ён можа зарэгістравацца на сайце parkouka.by, зайсці ў «Асабісты кабінет» і ўнесці нумар машыны госця з указаннем часу, на які той плануе заставацца. 

Наведвальнікам мера­пры­емстваў у Палацы чыгунач­нікаў хвалявацца не варта: пры набыцці білета на канцэрт або абанемента ў размешчаную там спартыўную залу трэба толькі паведаміць нумар свайго аўто, і яго ўнясуць у базу рэзідэнтаў на тэрмін дзеяння білета або абанемента. Гэтак жа сістэма працуе ў дачыненні да тых, хто прыязджае ў загс. 

«Чужакоў» у два­рах спачатку будуць выяўляць інспектары, пазней гэтая фун­кцыя цалкам пя­рой­дзе да аўтаматыкі. 

Па выніках ме­сяца сфармі­руец­ца спіс асабліва ўпартых пару­шальнікаў патра­баванняў дарож­нага знака, які накіруюць у ДАІ. Іх могуць папярэдзіць або нават накласці штраф у памеры да дзвюх базавых велічынь (49 рублёў). 

Па словах Алега Ляшчынскага, інспектары «Парковак сталіцы» штрафаваць парушальнікаў не могуць: 

— Калі наш супрацоўнік уба­чыць аўтамабіль, які знаходзіц­ца на тэрыторыі двара незакон­на, ён пакіне пад дворнікамі чырвоную картку. Такім чынам уладальнік аўто інфармуецца, што ён знаходзіцца ў зоне дзеян­ня забараняльнага дарожнага знака. У картцы ўказваецца час, няправільна прыпаркаваная машына фіксуецца на фота пры дапамозе электроннага планшэта – абавязкова з прывязкай да мясцовасці і ўказаннем каар­дынат GPS, каб потым не ўзнікла пытанняў. 

На вуліцы Варанянскага вы­значаны платныя парковачныя месцы, устаноўлены відэакамеры, якія дазваляюць фіксаваць факт знаходжання аўтамабіляў на паркоўцы, размешчаны інфар­ма­цыйныя стэнды. Тыя, хто праязджае па вуліцы транзітам, маюць у запасе 15 хвілін. Уладзіслаў Чэчэт лічыць, што гэтага часу дастаткова не толькі для таго, каб пераадолець паўтара кіламетра, але і каб высадзіць або забраць пасажыраў. 

 Зараз сярод жыхароў двароў, якія прылягаюць да вуліцы Вара­нян­скага, праводзіцца інфармаван­не, складаецца электронная ба­­за даных аб уладальніках транс­партных сродкаў, якія жывуць або працуюць на гэтай тэрыторыі. 

— Пакуль не пераканаемся, што сістэма працуе ў патрэбным рэжыме, без збояў, паркоўка ў поўным аб’ёме функцыяна­ваць не будзе, — запэўніў Алег Ляшчынскі. – Платнай яна стане толькі з 8 гадзін раніцы да 8 вечара. За стаянку ў двары плаціць увогуле не патрэбна, можна толькі штраф атрымаць за парушэнне патрабаванняў дарожных знакаў. 

А што думаюць з гэтай нагоды аўтааматары?

— Даўно пара! – эма­цыя­нальна рэагуе на пы­тан­не вадзіцель бардовага «Фольк­свагена». – Куды гэта варта – з-за прыезджых ва ўласным двары не магу машыну паставіць! Бывае, даводзіцца паркавацца за квартал, проста на вуліцы, дзе і падрапаць, і зачапіць могуць!

— Не, я тут не жыву, але часта прыязджаю да Палаца чыгу­начнікаў па асабістах справах, — расказвае пажылы ўладальнік шэрага «Сітраена Бярлінга». – Інфар­мацыйныя стэнды з ука­заннем кошту паркоўкі ба­чыў, але ніякіх патрабаванняў аплаціць пакуль не было. Ці буду паркавацца за грошы? Мабыць, давядзецца… 

Дарэчы, прадугледжана шмат спосабаў аплаты за паркоўку. Зрабіць гэта можна праз СМС-паведамленне, АРІП, спецыяльную мабільную праграму або проста набыўшы картку паркоўкі ў кіёсках «Мінсктранс», «Белсаюздрук». 

Калі новая сістэма кантролю сябе апраўдае, яе магчымасці бу­дуць прымяняць пры абста­ля­ван­ні новых аўтамабільных парковак. 

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter