Човен з пяццю веслярамі

У латвійскай Краславе на працягу стагоддзяў у сяброўстве і згодзе жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей.

У латвійскай Краславе на працягу стагоддзяў у сяброўстве і згодзе жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей.

Гісторыя невялічкага мястэчка Краслава, што знаходзіцца амаль у трыццаці кіламетрах ад беларуска-латвійскай мяжы, даволі вобразна і адначасова дакладна характарызуе людзей, якія жывуць на латвійскай зямлі. Вядома, што горад заснавала полацкая князёўна Рагнеда. На краслаўскім гербе змешчаны човен з пяццю вёсламі. Яны сімвалізуюць пяць нацыянальнасцей, якія, шчыра сябруючы, у згодзе ды ладзе плывуць у адным кірунку на працягу многіх вякоў. Пачэснае месца сярод нацыянальных супольнасцей Краславы займаюць і беларусы — іх каля 30 працэнтаў жыхароў.

Краслава — другі асноўны пункт паездкі кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў, артыстаў і калектываў нацыянальных дыяспар Беларусі і Латвіі.

У гэты дзень, 14 красавіка, у жыхароў мястэчка быў добры настрой... Вядома, госці з Беларусі, сумесна з Пасольствам Беларусі ў Латвіі, Генеральным Консульствам Беларусі ў Даўгаўпілсе, Саюзам беларусаў Латвіі, латвійскай грамадскасцю і кіраўніцтвам Краславы падрыхтавалі для іх сапраўднае свята мастацтва. Падчас святочнага канцэрта ў Краслаўскім гарадскім цэнтры  культуры прагучалі песні народаў свету. Мовай танца артысты здолелі выказаць на сцэне самыя розныя пачуцці, стварыць арыгінальныя вобразы, прадставіўшы пры гэтым сапраўднае прафесійнае майстэрства.

Зала была поўнай. Першыя акорды, пранікнёныя песні і кампазіцыі  беларускіх выканаўцаў, што прадстаўлялі розныя дыяспары Беларусі, выклікалі шчырыя эмоцыі гледачоў. Артыстаў доўга суправаджалі апладысментамі. Сярод фаварытаў сцэны былі квартэт “Краяны” Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”, Артур Брокас і Ізабэла Броканэ, вучні Рэзекненскай 6-й сярэдняй школы, творчы калектыў “Арыранг” Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя беларускіх карэйцаў” (Беларусь), фальклорны ансамбль “Эрэбуні” Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан”, ансамбль “Івянчанка” грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў у Беларусі” (г. п. Івянец, Мінская вобласць Беларусі), Лілія Грышчанка, салістка беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”, Рынад Хакімаў, саліст міжнароднага грамадскага аб’яднання “Татара-башкірская культурная спадчына “Чышма” (Беларусь), Марк Войтка, выканаўца беларускага грамадскага аб’яднання грэкаў “Пелапанэс” (Беларусь), Надзея Тулінава, артыстка мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан”. Узрушыў краслаўскую публіку сваім пранікнёным словам і паэт Станіслаў Валодзька (член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Латвіі) з патрыятычным вершам “Беларусы свету”, які прагучаў па-беларуску.

Пасля канцэрта кіраўніцтва Саюза беларусаў Латвіі (СБЛ) і Краславы, дэпутаты латвійскага парламента ўручылі кнігі і памятныя сувеніры з эмблемай форуму “Культура аб’ядноўвае народы” мясцовым актывістам СБЛ і прадстаўнікам беларускай дэлегацыі.

У гэтыя дні культура па-сапраўднаму яднала народы суседніх краін, а  мова сяброўства, безумоўна, не патрабуе ніякага перакладу. Іншага нам не дадзена, паколькі мы жывём па-суседску і поруч крочым па жыцці. Так і павінна быць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter