«Чорт»… у склепе

Гнядая кабыла Маша свайму дбайнаму, увішнаму гаспадару Яўсею Кісялю была ў радасць

Паслухмяная, рахманая, працалюбівая, яна дапамагала яму не толькі апрацоўваць свой гектар зямлі-карміцелькі, але і рабіць гэта аднавяскоўцам, якія выказвалі гаспадару вялікую ўдзячнасць словамі ды грашыма.

Неяк Яўсей вырашыў запрэгчы кабылку, кабпаехаць на другі канец вёскі падакучыць бульбу Піліпу Ляскаўцу. Пакрочыў на лужок, дзе тая пасвілася нават не стрыножаная, бо ніколі нікуды не збягала. Прыйшоў, а Машы  няма! Здзівіўся, захваляваўся. «Няўжо злодзеі забралі на мяса?» — падумаў. Такіх фактаў у наш неспакойны час хапае. Пачаў шукаць. Зазірнуў усюды, дзе яна магла быць, нават у недалёкі пералесак — не знайшоў.

Засмучаны, пашыбаваў дамоў. На падворку вырашыў зазірнуць у хлеў, дзе знаходзілася стойла. А раптам прыйшла, пакуль шукаў? Не, стойла аказалася пустым. Дзе ж яе шукаць? Убачыў расчыненыя вароты сваёй гаспадарчай пабудовы. Пайшоў туды. Дзверы яе другой палавіны таксама аказаліся расчыненымі. Там у яго, акрамя розных інструментаў ды сельгасінвентару, знаходзіўся склеп, накрыўка якога таксама была адкрыта. «Напэўна мая Ганна палезла туды за бярозавікам альбо варэннем», — зноў падумаў Яўсей. І вырашыў паглядзець. Нахіліўся, але замест жонкі ўбачыў… конскую галаву, якая заіржала так, што чалавек ледзве не страціў прытомнасць. У яго пацямнела ў вачах, ногі сталі ватнымі... Але праз хвіліну-другую нейкая невядомая сіла падхапіла і панесла цела так, што пазайздросціў бы любы спрынтар. Нібы вецер ляцеў Яўсей у той пералесак, з якога зусім нядаўна прыйшоў. І толькі там прыхіліўся да сасонкі, каб перавесці дух. Калі аддыхаўся, пачаў кумекаць што да чаго.

У чарцей, іншых д’яблаў ён, вядома, не верыў. Ды ўсё ж нездарма, напэўна, у народзе кажуць: «Чым чорт не жартуе…» Можа, ён на самай справе пажартаваў? Не, такога не можа быць! І раптам ад неверагоднага здзіўлення вочы ледзь не павылазілі на лоб, а рот адкрыўся на ўсю шырыню. Да перапалоханага мужыка нарэшце дайшло, што ў хатнім склепе апынуўся не чорт з конскаю пысаю, а невядома куды зніклая кабыла Маша! Птушкаю паляцеў ёй на дапамогу. Цяпер ужо без страху зазірнуў у склеп, з якога на яго зноў глядзела вільготнымі вачыма трапіўшая ў бяду кабыла, падаючы гаспадару сваё не такое ўжо гучнае і на гэты раз жаласнае іржанне. Ён, як умеў, супакоіў небараку, але вызваліць з такой глыбокай пасткі не змог.

Пайшоў да аднавяскоўцаў разам з жонкаю, каб паклікаць на выручку мужыкоў. Яна — у адзін бок вёскі, ён — у другі. Хутка сабралі з дзясятак дзябёлых хлапцоў і ўзяліся выручаць жывёліну. Валтузіліся з ёю доўга. Нават пераносную лябёдку з ланцугом замацавалі на бэльцы. Затое вызвалілі небараку са склепавага палону.

Калі празмерна цікаўная Машка стала на ўсе чатыры капыты і з яе знялі ланцуг з вяроўкамі, то страсянулася так, быццам скідвала з сябе конніка. Радасна заіржала, а потым кінулася ў галоп, адчуўшы волю!

Парадаваліся за кабылу, за тое, што ўдзячная гаспадыня запрасіла ў хату за багаты стол і ўсіх стомленых мужыкоў.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

г. Быхаў

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости