У лясах дзейнічае забарона на наведванне, а ўздоўж дарог прадаюць чарніцы. Ці караюць парушальнікаў?

«Чорныя» збіральнікі

Забарона на наведванне лясоў дзейнічае на большай частцы тэрыторыі краіны. Аднак сезонныя ягады ў продажы ёсць. Напрыклад, уздоўж трас стаяць табурэты не толькі з традыцыйнымі гуркамі, яйкамі і бульбай — у вёсках актыўна прадаюць і чарніцы. Карэспандэнт «Р» аб’ехала населеныя пункты Гомельскага раёна і папыталася,  дзе бралі, за колькі аддаюць і чаму не баяцца штрафаў мясцовыя жахары.

Уздоўж трас стаяць табурэты з традыцыйнымі гуркамі, яйкамі і бульбай, таксама ў вёсках актыўна прадаюць чарніцы.
Фото oodhouse.ru

Перад паездкай маніторым гомельскія рынкі. Чарніцы трапляюцца нячаста, але знайсці паўлітровы слоік за 2,5 і шклянку за 1,2 рубля можна. На пытанне, ці ведаюць яны пра забарону на наведванне лясоў, бабулі-прадаўцы хітра ўсміхаюцца:

— А мы там бяром, дзе можна!

Праўда, канкрэтныя месцы не раскрываюць, затое ўсе як адна прад’яўляюць даведкі: чарніцы правераныя, радыяцыі няма. Побач шмат ягад прадае сямейная пара.

— Шэсць рублёў за кілаграм. Прывезлі з Бабруйска.

Выпраўляюся ў падарожжа. Калі звярнуць ад М-10 у бок Пясочнай Буды, у гандлёвых пунктах пры дарозе недахопу не будзе. Па-першае, па гэтым шляху можна трапіць да ўкраінскай мяжы а па-другое, вёсачак па ходзе мноства: рух тут актыўны, а таму попыт нараджае прапанову. Дарэчы, цэны на сельгаспрадукцыю ўражваюць: агуркі і яйкі — па 2,5 рублі, у той час як у крамах і на рынках — амаль удвая танней. Наступны пункт прыдарожнага шопінгу — ягадны развал. Літровы слоік чорных парэчак — па тры рублі, палова слоіка маліны — за рубель. У Пясочнай Будзе падлетак з хітрымі вачыма па даручэнні дзядулі гандлюе чарніцамі.

— Шэсць за літровы слоік!

— Дзе збіраў?

— Ды вось тутай! — махае хлопец у бок бліжэйшага лесу. — У гэтых лясах ягады нямнога, больш — каля Грабаўкі і Хутаранкі.

— Дык цяпер жа забарона! Нельга па лясах хадзіць.

— Ды хто нам тут забароніць!

Нагадваю, што парушальнікаў проціпажарнай бяспекі чакае пакаранне. Для фізічных асоб — ад папярэджання да штрафу ў 25 базавых велічынь, для юрыдычных — да 50 базавых.

— Вось бачыце, як мы рызыкуем! Бярыце, калі ласка...

Рухаемся далей, каб параўнаць кошт, але вельмі хутка становіцца зразумела, што ў справе рэгулявання цэн навакольным вёскам роўных няма. Быў гэта агульны сход, сарафаннае радыё або аб'езд канкурэнтаў з Хутаранкі і Грабаўкі, невядома, аднак літр чарніц усе прапаноўваюць за шэсць рублёў.

У Хутаранцы чарніцамі ў рознай тары гандлюе работніца дзіцячага садка. У яе тры дачкі і пяцёра ўнукаў, па чарніцы яна ходзіць выключна ў выхадныя. Учора лівень быў, пад дажджом ягаду збірала, але ў гэтым годзе яе вельмі мала. Усе гэтыя звесткі ад гаманкой жанчыны ідуць у камплекце з інфармацыяй пра кошт. Цэннік не адрозніваецца: паўлітра — 3 рублі, літр — 6, трохлітровы слоік — 18. На заўвагу аб забароне на наведванне лясоў кажа:

— Дык я ж без цыгарэты, што я там спалю? Зайшла з краю, пазбірала ціхенька. А ўчора дожджык прайшоў, я думаю, у дожджык нам можна.

На самай справе пакуль нельга, пацвердзілі ў Гомельскім вопытным лясгасе. На дату збору і продажу забарона яшчэ дзейнічала. На зборшчыкаў чарніц уздоўж трасы работнікі лясгаса таксама звяртаюць увагу, пад’язджаюць, задаюць пытанні, аднак аштрафаваць іх складана — гэта не ў лесе за руку злавіць, тлумачыць галоўны ляснічы Аляксандр Дзямідка:

— З доказам, што збіралі менавіта ў гэтых лясах, цяжка. Скажуць: прывезлі здалёк! Нам застаецца праводзіць прафілактычныя размовы і нагадваць, наколькі небяспечным можа стаць несанкцыянаванае наведванне лясоў. Аднак зараз абмяркоўваецца пытанне аб часовым зняцці забароны, пакуль надвор’е спрыяе.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter