Как фест «Берагіня» вернул раковских аматоров к уникальным этнографическим истокам

Чорны пояс валожынскi

ВІЗІТНАЙ карткай Валожыншчыны адмысловыя паясы сталі нездарма. Такія раней былі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі, аднак з цягам часу тэхналогія іх пляцення, так званая “на ніту”, была страчана. Адрадзілі яе супрацоўнікі Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Менавіта туды і адправілася карэспандэнт “СГ”, каб пазнаць сакрэты вырабу ўнікальнай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці краіны.


УЗНАЎЛЕННЮ пояса абавязаны культработнікі цэнтра вядомаму фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, распавядае дырэктар Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Хрысціна Лямбовіч (на здымку):

— Мы рыхтавалі на фэст наш дзіцячы фальклорны гурт “Вянок”. “Берагіня” ставіць удзельнікаў у даволі жорсткія рамкі: трэба дэманстраваць і танец, і песню, і вусную народную творчасць, і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Базавая ўмова — паказаць мастацтва менавіта свайго рэгіёну. Таму мы і заняліся пошукам цікавага этнаграфічнага матэрыялу, які можна было б зрабіць брэндам нашай вёскі. Спыніліся на паясах — і гэта было сапраўднае адкрыццё. Дзякуй Богу, мы знайшлі носьбіта-энтузіяста Марыю Мікалаеўну Стасяловіч з Сакаўшчыны. Яна і паказала, як рабіліся паясы, пра якія ўжо пазабывалі. Трэба было тэрмінова пераняць тэхніку. На першым майстар-класе ў сакаўшчынскай майстрыхі, прызнаюся, зразумелымі сталі не ўсе тонкасці справы.

Хрысціна Станіславаўна прапануе і мне паспрабаваць сябе ў працы. Правільна называецца працэс — снаванне пояса. Для работы спатрэбіцца дошка, на якой зігзагам набіты цвікі. Трэба спачатку зрабіць аснову, таму на цвікі навіваем ніткі, прычым кожная няцотная нітка снуецца аналагічна першай, а цотная — у адваротным парадку. Узор складаецца з нітак асновы (звычайна белых адценняў) і непасрэдна нітак ўзора (традыцыйна барвовых, чырвоных адценняў). Перад тым як зняць з дошкі нарыхтоўку, дарэчы яе даўжыня залежыць ад таго, які менавіта нам патрэбны пояс, замацоўваем месца скрыжавання слаёў шпількай. Потым слаі раздзяляюцца так званымі падзельнікамі “конікам” і “кабылкай”. У гэтым і ёсць фішка ткацтва. Сэнс у тым, каб перамяшчаць ніткі верхняга слоя ўніз, а ніжняга ўверх. Пры кожнай змене зева пракладваецца папярэчная нітка (уток). Яна фіксуецца па краі і прыбіваецца пальцам правай рукі.

Цікавы спосаб замацавання падчас ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Гэта дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы. 

Спрабую ўправіцца з нялёгкай тэхналогіяй. На жаль, не атрымліваецца. Хрысціна Станіславаўна супакойвае:

— Калі ўпершыню пачула пра гэтую тэхніку, здавалася, што ўсё лёгка. Аднак уменне прыходзіла з кожным новым поясам. Няпроста было зразумець, як у выніку пачарговых рухаў “коніка” і “кабылкі” (гэта называлі ткачыхі: “Конік” і “кабылка” гуляюць”) ідзе сам працэс ткацтва. Цікава, што традыцыйна выкарыстоўваліся ніткі хатняй работы. Самі гаспадыні іх пралі і фарбавалі. Паясы ж рабілі з рэштак нітак ад вырабу вялікіх рэчаў — посцілак, ручнікоў. На Валожыншчыне асноўным колерам пояса быў чорны, а ўзоры – ружовымі, зялёнымі, чырвонымі. Цяпер выкарыстоўваем ніткі фабрычныя (баваўняныя і льняныя), а для ўзора ўжо ваўняныя. Гэта блізка да аўтэнтычных паясоў, адметнасць якіх у так званым тоўстым ткацтве.

Арсенал арнаментальных элементаў валожынскіх паясоў мае шмат агульнага з паясамі суседняй Гродзенскай вобласці (гісторыка-культурны рэгіён Панямонне), аднак ён  вузейшы. Канцы паясоў аздабляюцца прыгожымі кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі. Дарэчы, гэтая дэталь гардэроба была абавязковая ў адзенні валожынскіх сялян. 

ПАЧЫНАЮЧЫ менавіта з пояса, супрацоўнікі Ракаўскага цэнтра народнай творчасці вырашылі, што не пашкодзіць і ўзнавіць свой нацыянальны касцюм — ізноў адкрыццё. Аказалася, існаваў асабісты валожынскі строй.

Аўтэнтычных рэчаў, па якіх можна было аднавіць яго, засталося мала: касцюм з цягам часу проста выйшаў з натуральнага выкарыстання. Дапамаглі апісанні носьбітаў, каб стварыць калекцыю. Але цяжка было вызначыць час выкарыстання касцюма. У гэтым дапамог ракаўскім культработнікам граф Бенедыкт Тышкевіч, а дакладней сказаць, яго работы.

“СГ” ужо пісала, што ў Вялым быў паляўнічы домік графа, дзе ён абсталяваў сваю фоталабараторыю. Тышкевіч фатаграфаваў сялян, простых, багацейшых, у канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў.

— Аднойчы ў Мінску экспанавалі яго работы, — кажа Хрысціна Лямбовіч, — таму мы не раздумваючы наведаліся на выставу. І зразумелі: гэта той самы строй, які мы стараліся ўзнавіць. Асаблівасці яго ў стрыманасці і дэталях. Да прыкладу, валожынскія сялянкі абавязкова апраналі каптур — шапачку з вушкамі, паверх якой завязвалася хустка. Спадніцы насілі ці ў палоску, ці ў клетку. Павінен быў быць і гасэт — гэта спецыяльная камізэлька. Касцюм аздабляўся вышыўкай, але без вынаходстваў. Цяпер у касцюмах адноўленага строю выступаюць нашыя дзеці з гуртка “Вянок” — а гэтым, паверце, не кожны калектыў можа вылучацца.


А ТЭХНАЛОГІІ ткацтва пояса вясковыя дзеці асвойваюць на занятках гуртка “Ткачыкі”. Гурток “Чароўны паясок” працуе і ў Сакаўшчынскім доме культуры, адкуль родам ужо нябожчыца Марыя Стасяловіч. Кіруе ім майстрыха Наталля Хаванская, якая навучылася ўнікальнай тэхніцы ад сваёй дачкі:

— Мая Дар’я хадзіла ў клуб на заняткі да Марыі Мікалаеўны. Аднойчы вырашыла паказаць і мне гэтую тэхніку, якую можна лічыць сапраўдным брэндам нашага раёна — такога больш нідзе не ўбачыце. Я з асалодай уцягнулася ў гэтую справу… На жаль, паясы ў сённяшнім жыцці непапулярныя, хаця іх можна выкарыстоўваць як сувенір. А раней паясы былі важным атрыбутам сямейных абрадаў. Дзяўчыне перад вяселлем трэба было назапасіць многа паясоў (па словах Марыі Мікалаеўны, каля сотні). Калі сватаўся хлопец, на заручынах ён даваў нарачонай ляльку, якую яна павінна была падперазаць поясам. Паясамі маладая адорвала музыкаў, што гралі на вяселлі. Паясок яна вешала на дугу конскай вупражы, калі выязджала з дому да шлюбу.

Увогуле пояс лічыўся абярэгам маладой сям’і. Ён выкарыстоўваўся і ў радзільнай абраднасці: поясам (спавічом) спавівалі немаўлят, “каб ножкі роўненькія былі” На хрэсьбінах бабка-павітуха абвязвала поясам гаршчок з яешняй. А на Юр’е такім паяском абкручвалі рогі каровы, калі ў першы раз выганялі яе на пашу.

uskova@sb.by

Фота з архіва Хрысціны ЛЯМБОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter