“Чорны лебедзь” ляціць?

Даволі хутка завяршыцца дзесяцігоддзе, якое пачало адмысловы адлік ад эканамічнага крызісу 2008—2009 гадоў. Яго разбуральныя наступствы сусветная гаспадарка адчувае дагэтуль: назіраецца марудны эканамічны рост, рэцэсія, фінансавая няўстойлівасць рынкаў, працягваюцца гандлёвыя абмежаванні ў рэгіянальным і міжнародным маштабе. Згодна з тэорыяй Кандрацьева эканамічныя цыклы паўтараюцца. Цяпер яны набліжаюцца да найвышэйшай фазы свайго росту.

Паводле прагнозаў Сусветнага банка (СБ), тэмпы росту сусветнай эканомікі ў 2017 годзе паскорацца да 2,7 працэнта, аднак у справаздачах Сусветнага банка перспектывы “азмрочваюцца сур’ёзнымі фактарамі рызыкі”.

Не сціхаюць страсці і сярод інвестараў. Адзін з іх амерыканец Джым Роджэрс у інтэрв’ю расійскаму RNS паведаміў аб магчымым надыходжанні сёлета альбо напачатку 2018 года новага глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу. Па словах бізнесоўца, крызіс магчымы ў любым месцы. Гэта можа быць канчатковы крах грэчаскай эканомікі ці пенсійныя планы ў ЗША. Яго чарговым Lehman Brothers, лічыць Роджэрс, можа стаць падзенне фінансавых інстытутаў у Еўропе ці Кітаі: людзі, запужаныя эканамічным спадам, пачнуць актыўна набываць амерыканскія долары, але тыя, узляцеўшы вельмі высока, пераўтворацца ў “бурбалку” і абваляцца. Па свеце ж пойдуць шматлікія “бурбалкі”.

Некаторыя эканамісты бачаць перадумовы для падобнага крызісу, указваючы на падзеі ў Кітаі, Еўропе, Злучаных Штатах. Так, аналітык Global FX Сяргей Карабкоў спасылаецца на нізкі ўзровень валацільнасці біржавых рынкаў, маржынальны доўг на фондавым рынку ЗША, на зніжэнне кошту фактычна ўсіх сыравінных актываў. Ён канстатуе: найбольш верагодна, што “чорны лебедзь” прыляціць з Кітая, дзе на фінансавым рынку ўзнікла “бурбалка” (улады КНР падаюць трывожны сігнал, што не плануюць ратаваць кампаніі, якія збанкруціліся). МВФ таксама папярэджвае — кітайскі доўг вырас да 253 працэнтаў ад ВУП у канцы 2016-га. Сюды трэба дадаць краіны, чый доўг перавышае 100 працэнтаў ад ВУП: Японія (211), Італія (136), Іспанія (100), Бельгія (109), Сінгапур (108), Грэцыя (176) і Партугалія (129). ЗША і Францыя — каля 100 працэнтаў.

Аднак усё ж большаць экспертаў упэўнены: новага крызісу ў наступным годзе не будзе.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter