Вялiкiя канiкулы і ДТЗ: чаму вадзiцелям не трэба давяраць школьнiкам

Чорная паласа зебры

Першы тыдзень летніх канікул паказаў: не ўсе дзеці засвоілі правілы дарожнага руху. З 1 па 7 чэрвеня ў здарэннях на дарозе пацярпелі чатыры школьнікі. Карэспандэнт «Р» праверыла, як дзеці выконваюць ПДР, пакуль бацькі знаходзяцца на працы.


Летам дзеці часта прадстаўленыя самі сабе. У школу не трэба хадзіць, з'яўляецца шмат вольнага часу, які яны бавяць на вуліцы. Адсюль усплёск колькасці ДТЗ. Аналіз аварыйнасці паказвае, што ў сярэднім 70% дзяцей атрымліваюць траўмы на дарогах менавіта ў шэсць цёплых месяцаў года — з мая па кастрычнік.

— У сувязі з адсутнасцю заняткаў маршрут руху школьнікаў па вуліцах горада летам кардынальна мяняецца. На незнаёмых для іх участках дарогі школьнікі могуць парушыць правілы і трапіць пад колы, — пра прычыны ўсплёску аварый з удзелам дзяцей напачатку канікул разважае старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска Віктар Багдановіч.

Пад'язджаем да Палаца дзяцей і моладзі. Тут заўсёды шмат школьнікаў. Хто на веласіпедах, хто на скейтах, хто пешшу... На нашых вачах хлопчык перабягае праезную частку.

Арганізаваная група школьнікаў у суправаджэнні выхавальнікаў вяртаецца з экскурсіі:
пачатак і канец калоны пазначаныя сцяжкамі чырвонага колеру. Пытанняў няма.

— Табе здаецца, што чым хутчэй ты яе перасячэш, тым хутчэй будзеш у бяспецы. Гэта памылкова, — павучае школьніка Віктар Багдановіч. — Трэба пераходзіць не спяшаючыся, асабліва на святлафорах з канфліктам левага павароту. Гэта дасць вадзіцелю час затармазіць.

Вучыць дзяцей можна колькі хочаце, але ад гэтага яны не перастануць быць дзецьмі. Таму інспектары ў апошнія два тыдні нястомна просяць вадзіцеляў быць гатовымі да раптоўнага з'яўлення школьнікаў на дарозе. Асабліва паблізу дзіцячых устаноў, паркаў і прыпынкаў грамадскага транспарту.

— Дзеці не заўсёды абдумваюць свае манеўры. Аўтамабілістам варта гэта ўлічваць. Таму, убачыўшы дзіця, трэба знізіць хуткасць нават у выпадку, калі няма рэальнай небяспекі, — так Віктар Багдановіч пракаментаваў рэзананснае ДТЗ, якое адбылося 3 чэрвеня ў Глыбоцкім раёне, дзе школьніца трапіла пад машыну, размаўляючы па мабільніку.

Паводле слоў вадзіцеля і пасажыраў аўто, да моманту аварыі дзяўчынка ішла па абочыне і размаўляла па тэлефоне, але раптам змяніла кірунак і выйшла на праезную частку. Вадзіцель паспрабаваў пазбегнуць сутыкнення, аднак усё ж зачапіў школьніцу. З траўмай галавы яе адвезлі ў бальніцу.

Асноўнымі прычынамі ДТЗ з удзелам дзяцей у гэтым годзе па-ранейшаму застаюцца пераход праезнай часткі ў неўстаноўленым месцы ці перад блізка ідучым транспартам і нечаканы выхад з-за прыпаркаванай у двары машыны. Загуляўшыся, дзіця можа выскачыць на праезную частку, напрыклад, за мячом. Таму ў жылых зонах хуткасць абмежаваная да 20 км/г.

Тым часам мы перамясціліся да дзіцячай гарадской паліклініцы № 2. Тут рух не менш ажыўлены. Большасць дзяцей ідуць з бацькамі. Ля прыпынку тармозіць аўтобус № 39. У гэты момант на супрацьлеглым баку заўважаем маму з сынам гадоў шасці. Яна вельмі хоча паспець на гэты аўтобус. Трымаючы дзіця за руку, хацела скараціць шлях і перабегчы дарогу ў некалькіх метрах ад «зебры». Толькі заўважыўшы інспектара, спынілася.

Пра тое, што на некаторых пешаходных пераходах трэба спачатку спешвацца, ведалі далёка не ўсе школьнікі на веласіпедах

Мяняем месца дыслакацыі. Каля сярэдняй школы № 37 дарогу пераходзяць Дзіма і Дзяніс. Адзін пойдзе ў шосты клас, другі — у пяты.

— Дзе катаешся? — цікаўлюся ў Дзімы, у якога, як аказалася, ёсць веласіпед.

— На прышкольнай тэрыторыі ці ў двары. На пешаходных пераходах я павінен не ехаць, а каціць яго ў руках, — кажа ён.

З размовы з Дзімам і Дзянісам робім выснову: элементарныя правілы дарожнага руху яны ведаюць. А вось наступны хлопчык, які пераязджаў гэты ж пешаходны пераход на веласіпедзе, пра неабходнасць спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі не ведаў. Чую, як Віктар Багдановіч яму тлумачыць, маўляў, пры адсутнасці тратуара, што асабліва актуальна для дач і вёсак, дзе многія дзеці правядуць гэтае лета, веласіпедысты могуць рухацца па дарозе не далей аднаго метра ад краю праезнай часткі. Дарэчы, дзеці да чатырнаццаці гадоў не могуць выязджаць на дарогу без суправаджэння дарослых. Што тычыцца язды ў цёмны час сутак, то на веласіпедзе павінен быць ліхтар і дзве фары: наперадзе белага колеру, ззаду — чырвонага.

— Дзяцей мы не штрафуем, — пазней Віктар Багдановіч патлумачыў асаблівасці працы з парушэннямі ПДР непаўналетнімі. — Інспектар фіксуе факт парушэння, паведамляе аб гэтым у школу і бацькам. У далейшым гэта парушэнне разглядаецца на камісіі па справах непаўналетніх па месцы жыхарства.

gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter