Чорнае балота вясны 1944-га

Канстанціна Куніцкага добра ведаюць у Глускім раёне...

Канстанціна Эдуардавіча Куніцкага добра ведаюць у Глускім раёне. Перш за ўсё як аўтакранаўшчыка. У МПМК-249 ён адпрацаваў амаль 30 гадоў. Аднак мала хто ведае пра такі эпізод з яго дзяцінства.

…У сакавіку 1944 года дзевяцігадовага Косцю разам з маці Лідзіяй Іванаўнай і бабуляй Домнай Фёдараўнай гітлераўцы схапілі ва ўрочышчы Чорнае балота. Там, непадалёку ад роднага пасёлка Акцябрскі, старыя людзі, жанчыны і дзеці хаваліся ад ворага. Тое, што рабілі фашысты з мірным насельніцтвам, нават цяжка ўявіць. У падпаленым фашыстамі пасялковым клубе ў агні жыўцом загінулі сотні чалавек, у тым ліку тры родныя цёткі Косціка.

Спачатку палонных адправілі ў Ляскавічы, а потым у лагер смерці пад Азарычамі. Пляц сярод балота быў абнесены калючым дротам, а па кутах стаялі вышкі з кулямётамі. У варотах гітлераўцы праводзілі «сартыроўку»: дарослых — у адзін бок, дзяцей — у другі. Разлучылі і Косцю з роднымі. Але ў нейкі момант хлопчык кінуўся ўслед за імі.

…Зняволеныя, якія ўтрымліваліся пад адкрытым небам, ляжалі проста на снезе. Паліць вогнішчы строга забаранялася. Кармілі зрэдку хлебам, які кідалі з машын. Галодныя вязні абгрызалі на дрэвах кару.

Дзякуючы бабулі і маме, якія сагравалі і кармілі Косцю, ён застаўся жыць. Выжылі і яны, бо 19 сакавіка 1944 года воіны Першага Беларускага фронта вызвалілі вязняў Азарыцкага лагера.

З той жудаснай пары прайшло 68 гадоў. За гэты час выраслі дрэвы ля пабудаванай Канстанцінам Эдуардавічам хаты, сталі на ногі сыны, нарадзіліся ўнукі… Вось толькі не даюць спакою хваробы — вынік халодных і галодных дзён і начэй, праведзеных у лагеры смерці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter