Доктор технических наук, профессор Анатолий Лихацевич убежден: мелиорация в Беларуси жизненно необходима

Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар Анатоль Ліхацэвіч: «Меліярацыя для краіны жыццёва неабходна»

Амаль паўвека займаецца экалогіяй сельскай гаспадаркі выпускнік гідрамеліярацыйнага факультэта Беларускай сельгасакадэміі Анатоль ЛІХАЦЭВІЧ. Гэтай важнай народнагаспадарчай тэме прысвяціў і паспяхова абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. За значны ўклад у развіццё меліярацыйнай навукі абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і замежным членам Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук. Па распрацаванай вучоным тэорыі вызначаецца эколага-эканамічная аптымізацыя воднага рэжыму ў глебе. На яго тэорыі заснаваны многія сучасныя рэсурсазберагальныя тэхналогіі эксплуатацыі гідрамеліярацыйных сістэм у аграпрамысловым комплексе рэспублікі.

Анатоль Паўлавіч умее спаўна браць на сябе ўсю адказнасць за даручаную справу. Дзесяць гадоў узначальваў РУП «Інстытут меліярацыі» НПЦ па земляробстве НАН Беларусі, нават і зараз плённа займаецца даследаваннямі на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка. Аўтарству яго належаць звыш чатырох соцень артыкулаў, у тым ліку сем манаграфій, вучэбныя падручнікі і метадычныя дапаможнікі для студэнтаў аграрных вышэйшых навучальных устаноў. Як рацыяналізатар, ён атрымаў 11 патэнтаў і пасведчанняў на вынаходніцтва. Творча супрацоўнічае з навукоўцамі Расіі. Пад кіраўніцтвам прафесара абаронены кандыдацкія і доктарская дысертацыі.

Навукова-практычная дзейнасць аграрнага вучонага адзначана ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, іншых ведамстваў, прэстыжнымі ўзнагародамі Мінсельгаса Расіі, дыпломам лаўрэата прэміі Нацыянальнай акадэміі навук. Ён уладальнік звання «Ганаровы меліяратар».

Працоўны кабінет Анатоля Ліхацэвіча ў Інстытуце меліярацыі Нацыянальнай акадэміі навук застаўлены шафамі са спецыяльнай літаратурай. На шырокім стале — сучасны камп'ютар, без якога вучоны сваю дзейнасць не ўяўляе. Праз электронную пошту падтрымлівае сувязь з замежнымі калегамі, абменьваецца прафесійнай інфар­мацыяй. Навуковыя рас­працоўкі яго знайшлі шырокае прымяненне на прасторах былой нашай вялікай краіны і ў замежжы. 

— Мая электронная пошта штодзённа папаўняецца прапановамі рэдакцый спецыялі­заваных навуковых выданняў на супрацоўніцтва, — Анатоль Паўлавіч пераводзіць позірк на манітор, на экране якога дзясятак такіх паведамленняў. — Наш вопыт эфектыўнага гаспадарання акультураных зямель выклікае цікавасць у замежжы. Пачатак маёй працоўнай дзейнасці пасля заканчэння гідрафака Бел­дзяржсельгасакадэміі выпаў на перыяд масавай меліярацыі ў рэспубліцы. З таго часу займаюся абгрунтаваннем экалагічнай небяспекі і акупнасці эксплуатацыйных тэхналогій у гэтай важнай народнагаспадарчай галіне.

— З чаго пачаўся ваш шлях у навуку?

— Здаецца, павінен быў працягваць справу бацькоў-настаўнікаў, але на сямейнай нарадзе было вырашана, што буду вучыцца на меліяратара. У тыя далёкія гады не самая прэстыжная прафесія. Бацька, былы франтавік, хацеў, каб адзіны сын працаваў на зямлі. Пасля заканчэння сямі класаў Зэльвенскай сярэдняй школы мяне адправілі паступаць у Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. У школе вучоба давалася лёгка, таму без асаблівага напружання здаў уступныя экзамены. Вярнуўся дамоў і хутка па пошце атрымаў паведамленне, што залічаны ў навучэнцы. Старажытны Пінск уразіў сваёй прыгажосцю: архітэктурныя помнікі сівой даўніны, акуратна выкладзеная пліткамі набярэжная ракі Піны. Наш інтэрнат сусед­нічаў з базарам, на ім па выхадных бурліў гандаль. У тыя гады на пінскіх вулачках сустракаліся абутыя ў лапці палешукі з па­латня­нымі на­плеч­нікамі. З аддаленых вёсак многія вяскоўцы дабіраліся ў Пінск на параходзе, які рэгулярна курсіраваў па Прыпяці: толькі так можна было трапіць у горад. 

Пойму паўнаводнай ракі з абодвух бакоў акружалі балоты. За­помнілася першая практыка на пінскіх балотах: стаіш на куп'і, а пад нагамі ўсё трасецца. Нам паказалі, як працуе на сланях экскаватар, пакідаючы за сабою роўны канал. Так засвойваліся мелія­рацыйныя аб'екты. Па векавой багне такая тэхніка інакш не пройдзе. Бачылі і роўныя, як стол, акультураныя плошчы. Палескія хлебаробы атрымлівалі на іх высокія ўраджаі — на ўсю краіну грымела слава. 

З гісторыі вядома, што наступ на палескія балоты пачынаўся стагоддзе таму. Выпускнік Пецярбургскага інстытута інжынераў шляхоў зносін генерал Іосіф Жылынскі ў канцы ХІХ стагоддзя ўзначаліў Заходнюю экспедыцыю па асушэнні балот. Ставілася задача  вызваліць гэтыя абшары ад лішкаў вады, праект не меў аналагаў у свеце. Работы па асушэнні Палесся ў той перыяд вяліся амаль два дзесяцігоддзі, і ад першай спробы акультурвання палескай нізіны да нашага часу мала што засталося. Масавая меліярацыя ў нас пачалася ў канцы 1960-х.

— Бацька быццам усё гэта прадбачыў, вызначаючы ваш жыццёвы шлях. Пасля заканчэння вучобы куды атрымалі накіраванне на працу?

— У Галынкаўскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне, што базі­равалася ў Слонімскім раёне. Канешне, мог далей вучыцца, але юнацкі максімалізм падштурхнуў паспрабаваць сябе ў працы. Хацелася матэрыяльна дапамагчы сям'і: дома падрасталі сёстры Тамара, Раіса і Валянціна. Адразу заўзята ўзяўся за справу. У калектыве заўважылі маё старанне. Хутка атрымаў прызначэнне майстрам меліярацыйнага ўчастка, што знаходзіўся ў аддаленым ад райцэнтра Свіслач паўночным ускрайку Белавежскай пушчы. Мы акультурвалі балоты і няўдобіцы ў свіслацкім калгасе імя Кастуся Каліноўскага, днямі, акрамя балота, нічога не бачылі. Мае падначаленыя экскаватаршчыкі і бульдазерысты працавалі вахтавым метадам, праз тыдзень, а мне трэба было пастаянна прысутнічаць на аб'екце. Часцей бачыў розных звяроў, што выходзілі з пушчы, чым людзей. У выхадныя ляцеў у родную Зэльву да бацькоў і сясцёр. Так жыў і працаваў да прызыву ў армію. 

— А дзе выпала служыць?

— На двойчы Чырвана­сцяжным Балтыйскім флоце. У вучэбцы засвоіў прафесію радыётэлеграфіста, у першы год атрымаў званне старшага матроса. У сямейным альбоме захоўваю фотаздымкі з сябрамі ў марской форме. Балтыка дапамагла загартаваць характар, сілу волі. Адслужыў і вярнуўся дамоў, але без справы доўга не затрымаўся. Працаваў інжынерам па кадастры зямель у Ашмянскім міжраённым упраўленні асушальных сістэм. Мы абслугоўвалі меліярацыйныя аб'екты ў Ашмян­скім, Астравецкім, Іўеўскім і Смаргонскім раёнах, даводзілася шмат ездзіць. Настройваўся атрымаць вышэйшую адукацыю. Многае са школьнай праграмы за гады службы на флоце забылася. Паступіў на двухмесячныя падрыхтоўчыя курсы ў Горкі, хутка ўзнавіў веды. Уступныя экзамены на гідрамеліярацыйны факультэт Беларускай сельгасакадэміі здаў паспяхова і стаў студэнтам. Аднакурснікі выбралі мяне камсамольскім важаком. Паспяваў слухаць лекцыі, займацца гра­мадскімі справамі, спортам. На нашым курсе вучылася амаль дзве сотні студэнтаў, лекцыі чыталі вопытныя выкладчыкі. З першага курса мяне захапіла навукова-да­следчая работа. Пасябраваў з загадчыкам кафедры меліярацыі прафесарам Піліпам Васільевічам Ігнацёнкам. Менавіта дзякуючы яму абраў далейшы шлях у навуку. Дапамагаў мне рэдагаваць навуковыя артыкулы, якія друкаваліся ў спецыялізаваным выданні «Мелиорация и водное хозяйство». Цёплымі вечарамі адпраўляліся з сябрамі на залітую бетонам пляцоўку ў аддаленым кутку акадэмічнага гарадка, дзе пад гармонік ладзіліся танцы. 

— А якая ж маладосць без кахання! Калі яно вас агарнула?

— Адразу на першым курсе. Запала ў сэрца статная дзяўчына Галіна, якая вучылася на эканамічным факультэце, жыла з бацькамі ў Горках. Сталі сустракацца, і хутка справа дай­шла да вяселля. Як роднага сына прынялі мяне маці і тата нявесты, радаваліся кожнаму нашаму поспеху. Ад усяго сэрца віншавалі, калі даведаліся, што мне на трэцім курсе прызначылі Ленінскую стыпендыю. Выдатна вучылася і Галіна. Пасля заканчэння сельгасакадэміі мы абое атрымалі дыпломы з адзнакай. Свайго першынца назвалі Віктарам. 

— Вам, як выдатніку вучобы, была прапанова займацца навукай у аспірантуры?

— Сур'ёзна прыступіў да яе ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце меліярацыі і вод­най гаспадаркі, куды атрымаў на­кі­раванне на працу. Мы з жонкай адправіліся ў сталіцу, а сына пакі­нулі на выхаванне бабулі і дзядулі, у Горках ён і жыў да самай школы. Нам выдзелілі пакой у маладзёжным інтэрнаце, нарадзілася дачка Надзея. У інстытуце мяне прызначылі старшым інжынерам аддзела арашэння. У тыя гады меліяратары штогод перадавалі беларускім хлебаробам тысячы гектараў абноўленых ніў. Асаблівы размах атрымала наступства на палескія балоты. На акультураных масівах узводзіліся саўгасы. Важна было наладзіць эфектыўнае выкарыстанне зямель, вялікая адказнасць ляжала на плячах вучоных. Узнікалі складаныя сітуацыі. На папярэджванні навукоўцаў, што меліярацыя не заканчваецца асушэннем, многія гаспадарнікі мала рэагавалі: максімальна выка­рыстоўвалі прыродны патэнцыял абноўленых масіваў, не дбаючы пра будучае. 

Да пачатку новага тысячагоддзя вернута да жыцця больш за тры мільёны гектараў беларускай цаліны, але ў пагоне за колькасцю часам забываліся пра якасць. На многіх аб'ектах склалася крытычная сітуацыя: замест разумнай меліярацыйнай сістэмы двухбаковага дзеяння прымянялі аднабаковае асушэнне. Гэтай праблеме прысвяціў чвэрць стагоддзя. Для неабходнага воднага рэжыму на палях трэба пастаянна трымаць спраўнымі інжынерныя вод­ныя збудаванні. Каналы павінны быць чыстымі і дзеючымі, як і водакрыніцы. Таму ёсць патрэба ў рэсурсах і высокакваліфікаваных спецыялістах. Галоўны фактар — чалавек, які працуе на зямлі. Важна ўмела размясціць сістэму севазваротаў: на тых плошчах, куды складана падаць вільгаць, высяваць засухаўстойлівыя культуры, а на тых, дзе лішняя вада, — падабраць адпаведныя. 

— Напрыканцы мінулага стагоддзя над Палессем сталі ўздымацца буры пылу. Гэта прымусіла задумацца: ці ўсё правільна ў выкарыстанні такіх зямель? 

— Навукоўцы раяць прымяняць на абноўленых землях травяныя севазвароты, а вырошчваюць там прапашныя культуры, таму так і атрымліваецца. Праслойка паміж торфам і вільготнай глебай хутка высыхае, і атрымліваюцца пясчаныя буры. Губяць наваколле дрэнныя адносіны да справы, а не меліярацыя. 

Аднабаковае асушэнне выконвалася пры меншых фінансавых і фізічных затратах. Ад вытворчых калектываў патрабавалі тэмп і аб'ём работ. Палеская артэрыя Прыпяць ледзьве паспявала несці да Дняпра патокі вады з меліярацыйных каналаў. Лішкі яе павінны акумуліравацца і ў патрэбны перыяд поўніць глебу. Дзеля стварэння аптымальнага рэжыму падача вады павінна пільна дазіравацца. Важна трымацца навуковых распрацовак. 

— Анатоль Паўлавіч, амаль паўвека вы нязменна зай­маецеся імі. Звычайна ў гас­падарках для арашэння выкарыстоўвалася савецкая тэх­ні­ка. Мала дзе захаваліся «Вал­жанкі», «Фрэгаты», «Дняпры» і іншыя палівальныя машыны. А ці наладжана зараз іх вытворчасць?

— ПДМ-2500, -3000 сталі масава выпускаць дзесяцігоддзе таму, распрацоўкай іх займаліся спецыялісты Беларускага інстытута механізацыі і электрафікацыі. У савецкія часы пільна даследаваў тэхналогію паліву меліяраваных зямель на базе Палескай балотна-доследнай станцыі ў Лунінецкім раёне, у доктарскай дысертацыі вызначыў разліковыя мадэлі рэжыму арашэння шматгадовых траў і гародніны ў нашых умовах. Удалося шмат зрабіць карыснага для паляпшэння эксплуатацыі такіх зямель. Сёння з агульнай плошчы сельгасугоддзяў кожны трэці гектар абноўлены. Умела выкарыстоўваючы навуковыя распрацоўкі на гэтых плошчах, можна стабільна атрымліваць высакаякасную прадукцыю.

— Які перыяд вашай навуковай дзейнасці найбольш плённы?

— У мяне склаўся адзінаццаці­гадовы цыкл творчых узлётаў: у 1960 годзе паступіў у Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, у 1971-м ажаніўся. Праз 11 гадоў абараніў кандыдацкую, а праз такі ж прамежак — доктарскую дысертацыі. На абароне асаблівых цяжкасцей не адчуў. Перакананы: поспех залежыць на 95 працэнтаў ад працавітасці, усё астатняе — ад таленту. На жаль, апошнім часам упаў прэстыж навуковай дзейнасці, няма матывацыі. Раней старшы навуковы супрацоўнік атрымліваў на ўзроўні міністра, а зараз заробак у прафесара такі, як і сярэдні па краіне. У навуцы застаецца менш адданых справе. 

Рэспубліцы пашанцавала на апантаных і высокапрафесійных кіраўнікоў у меліярацыйнай галіне. Складана прыйшлося пасля распаду СССР: не ставала своечасовага фінансавання, сродкі паступалі ў канцы года, калі не было часу засвойваць. Дэпартамент меліярацыі ўзначаліў Анатоль Булыня. Дзякуючы яго аўтарытэту і глыбокаму прафесіяналізму ўтрымліваліся тэмпы работ на аб'ектах. 

Залатымі літарамі ў гісторыю галіны ўпісаны імёны Аляксандра Аляксанкіна, Уладзіміра Паўлю­чука, Аляксея Шахновіча, Васіля Сталярова, Леаніда Бердзі­чаўца, Анатоля Булыні і іншых. Кожнага з іх можна ацаніць па ўкладзе ў справу. Кіраўнікі Інстытута меліярацыі папаўнялі скарбонку напрацовак. Але паціху змяншаецца колькасць прафесіяналаў. Зусім нядаўна развітаўся з калегамі прафесар Меяроўскі. Дактароў тэхніч­ных навук Рыгора Афанасіка, Пятра Закржэўскага, Уладзіслава Карлоўскага, Васу Шэбека ведалі ў Расіі і дальнім замежжы. На прыкладах такіх асоб трэба выхоўваць маладую змену.

— Анатоль Паўлавіч, меліяра­цыя мае перспектыву?

— Яна для нас жыццёва неабходна. Прэзідэнт нездарма падымае пытанні меліярацыі і рэкультывацыі зямель. Лічу, што гэта пазіцыя мудрага кіраўніка дзяржавы. Кожны кавалачак зямлі павінен выкарыстоўвацца дзеля агульнага дабрабыту. Вёскі становяцца аграгарадкамі, дзе ствараюцца спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы людзей. 

— Нашы балоты называюць лёгкімі Еўропы. Маштабы іх скараціліся, і гэта выклікае занепакоенасць. Як быць?

— Нам неабходны акультураныя плошчы, каб стварыць інфраструктуру для развіцця сельскагаспадарчай галіны. Якім было Палессе да сярэдзіны мінулага стагоддзя? Асобныя кавалачкі зямлі, адваяваныя ў дрыгвы. Ні сучасных пасёлкаў, ні дарог. На вачах аднаго пакалення стаў інакш выглядаць гэты край. У перадавых гаспадарках атрымліваюць добрыя ўраджаі сельгаскультур. Змянілася жыццё людзей. І гэта ўсяго за паўвека! Вырасла культура земляробства, і аддача зямлі стала больш высокай. Калі яе не апрацоўваць, атрымаецца пустыня. Для навядзення парадку на зямлі і падтрымання яго на пэўным узроўні патрэбны рэсурсы. Не толькі важна, дзе якую культуру вырошчваць, якія севазвароты прымяняць, а яшчэ і забяспечанасць удабрэннямі. Без іх выніку не будзе. Гэта і ёсць канчатковая меліярацыя. Прымяненне ўдабрэнняў дае да 80 працэнтаў прыбаўкі ўраджаю. Немалаважныя фактары — вільгаць і цяпло. Ад іх уплыву ўраджай, незалежна ад нашай волі, па гадах мяняецца ў два разы: вышэй ці ніжэй. 

— Вашы думкі пра аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Каб год быў стваральным, трэба кожнаму на сваім працоўным месцы спраўляцца з даручанай справай. Маё жыццё пабудавана на стварэнні чагосьці новага, патрэбнага для грамадства. Імкнуся не фальшывіць, працаваць так, каб дзецям і ўнукам, якіх у мяне двое, не было сорамна. З самаадданай працы і складаецца патрыятызм. Важна любіць малую радзіму. Для мяне вялікая радасць бываць у бацькоўскай хаце ў Зэльве: там душа адпачывае. 

— Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца?

— Ад занадта моцнай асця­рожнасці, хоць у жыцці гэта мяне не аднойчы выратоўвала.

— Кім хочаце бачыць унукаў?

— Яшчэ рана пра гэта думаць. Няхай растуць добрымі людзьмі. Мне пашчасціла жыць пад мірным небам, зычу і ўнукам такога веку. Гэта самае галоўнае на зямлі. 

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter