Член Белорусского союза художников Лариса Журавович: человек возле своего дома — как птица возле гнезда

Член Беларускага саюза мастакоў Ларыса Журавовiч: «Чалавек каля свайго дома — як птушка ля гнязда»

Нацюрморты, партрэты, пейзажы бялынiцкай мастачкi Ларысы ­ЖУРАВОВIЧ упрыгожваюць многiя музеi Беларусi i замежных краiн. Выпускнiца Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытута за нiзку каляровых афортаў «Восень», «Зямля i людзi» вярнулася з Усесаюзнай выставы дыпломных работ з бронзавым медалём Акадэмii мастацтваў ­СССР.


Творчая дзейнасць мастачкi адзначана медалём «За працоўныя заслугi», памятнымi знакамi «2000 гадоў хрысцiянства», «За ўклад у развiццё культуры Беларусi», дыпломам, медалём i прэмiяй iмя В. К. Бялынiцкага-Бiрулi. За культурна-асветнiцкую дзейнасць уганаравана званнем «Чалавек года Бялынiцкага раёна». Пастаянна ўдзельнiчае ў пленэрах памяцi В. К.  Бялынiцкага-Бiрулi, аўтар герба i флага Бялынiч.

Ларыса Вiктараўна — лаўрэат у намiнацыi «Найлепшы твор графiкi патрыятычнай тэматыкi» рэспублiканскага конкурсу, прымеркаванага да Года народнага адзiнства.

Да Дня беларускага пiсьменства, якi ладзiўся ў Бялынiчах, пры падтрымцы Мiнiнфарма выйшаў з друку альбом, створаны ў гонар творчасцi мастачкi.

Квiтнеючыя разгалiстыя яблынi акружаюць дом Ларысы Журавовiч. У прасторным пакоi з вялiкiмi вокнамi, што глядзяцца на цiхi куточак Бялынiч, творчая майстэрня гаспадынi. Памятаю, як падчас здымак тэлепраграмы пра мастачку, нашу творчую групу моцна ўразiлi кранальныя нацюрморты. Не маглi адарваць вачэй ад выкананых акварэллю з гуашшу прадметаў сялянскага побыту, быццам жывых букетаў палявых кветак, кампазiцый з гароднiны. Кожная рэч у творы нясе свой сэнс: збан — напоўненасць штодзённага iснавання, кветкi — прыгажосць, часнок — горыч. Усё настолькi гарманiчна падабрана, прадумана.

А яшчэ мастачка бязмежна любiць родны Бялынiцкi край, якi пакiдала толькi на час вучобы ў сталiцы.

— Тут майму сэрцу ўсё дорага, кожны куточак натхняе на творчы настрой, — шчыра прызнаецца Ларыса Вiктараўна. — Адсюль мае каранi. Бацька сваiмi рукамi дабудоўваў дом. Мацi агарод даглядала. У сакавiку яе не стала. Балюча звыкацца з такой стратай, удзячна мужу Вячаславу за падтрымку. Чалавек ён вясковы, з залатымi рукамi. Працаваў трактарыстам у калгасе. За што нi возьмецца, усё ў яго ладзiцца. У маёй творчай дзейнасцi ён таксама добры дарадчык. Па яго iнiцыятыве захапiлiся гiстарычным праектам «Вяртанне».

— Якое дачыненне гэты праект мае да вашай творчасцi?

— Самае прамое. На тэрыторыi Бялынiцкага раёна засталося няшмат культавых пабудоў. Падмуркi многiх храмаў цяжка было адшукаць. Гэтыя святынi былi сапраўднымi цэнтрамi культуры ў вёсцы. Тут спалучалася ўсё — i жывапiс, i архiтэктура, i нават адукацыя. Дзейнiчалi царкоўнапрыходскiя школы. Такiм насычаным было вясковае жыццё! Звычайна сваё мiнулае ўяўляем па асобных фактах, пачутых ад сваякоў, па савецкiх фiльмах пра калгасы. Поўнасцю карцiну не ведаем. Гiсторыя нашых вёсак значна багацей. З мужам вырашылi капнуць глыбей, паспрабаваць даведацца больш пра мiнулае. Вандравалi па ўсiх вялiкiх i малых бялынiцкiх вёсках i высвятлялі гiсторыю храмаў, якiя там некалi стаялi. Праект назвалi «Вяртанне». Апыталi ўсiх людзей сталага веку, краязнаўцаў, журналiстаў, настаўнiкаў. Абышлi школьныя музеi, аблазiлi ўвесь iнтэрнэт, перагарталi энцыклапедыю Анатоля Кулагiна па архiтэктуры Беларусi. Большасцi храмаў, якiя намалявала, там не знайшлося нават у раздзеле «Страчанае».

Вынiкам праекта сталi 30 работ, прысвечаных былым вясковым святыням раёна. Гэтыя карцiны экспанавалiся ў музеях Мiнска, Магiлёва i Бялынiч. Наш праект у Год народнага адзiнства перамог у рэспублiканскiм конкурсе ў намiнацыi «Найлепшы твор графiкi патрыятычнай тэматыкi».

— А што для вас значыць Год гiстарычнай памяцi?

— Многае. Важна, што на дзяржаўным узроўнi ў нас ахоўваецца ўсё, што здабыта продкамi. Недапушчальна забываць iх гiстарычны вопыт. Ведаць мiнулае сваёй краiны неабходна кожнаму, асаблiва моладзi. Гэта наша агульная спадчына, за якую пакаленнi да нас дорага заплацiлi. Нам пашчасцiла жыць пад мiрным небам. Толькi па ўспамiнах бацькоў i дзядоў ведаем, што давялося перанесці iм у гады Вялiкай Айчыннай вайны.

Мой дзядуля па матчынай лiнii Пятро Курыльчык адразу пасля нападу фашысцкай Германii пайшоў на фронт. Бабулi Матруне Радзiвонаўне прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Аўдавелая, засталася яна з двума малымi дзецьмi. У пачатку вайны маёй мацi было шэсць гадкоў. Расла сiратою.

Нялёгкiм было пасляваеннае дзяцiнства бацькi. Васьмiгадовым ён хадзiў за плугам, выконваў iншую сялянскую працу. Пра вайну мае сваякi скупа ўзгадвалi: давiў цяжар перажытага. У нашых лясах базiравалiся партызанскiя атрады. Народныя мсцiўцы не толькi значны ваенны ўрон наносiлi ворагу, але i падрывалi яго маральны дух, умацоўвалi ўпэўненасць савецкiх людзей у перамозе. Усё гэта важна не забываць.

У Год гiстарычнай памяцi iмкнуся папоўнiць цыкл «Землякi» партрэтамi вяскоўцаў старэйшага пакалення, якiм давялося перажыць пасляваенны нялёгкi час. У iх лёсах адлюстраваны гiсторыя, традыцыi людзей, для якiх праца на зямлi — сэнс жыцця, iх асноўнае прызначэнне. Усе тыя, каго намалявала для цыкла, мелi розныя прафесii, але ў душы засталiся сялянамi. Кожны з iх пакiнуў свой след у гiсторыi. Спадзяюся, што партрэты iх будуць цiкавымi для будучых пакаленняў.

— Дакладнымi дэталямi, якiя адлюстроўваюць характар чалавека, уражваюць работы гэтага цыкла. Якi быў крытэрый выбару асоб для стварэння партрэтаў?

— У асноўным гэта людзi, якiх добра ведаю або з якiмi сутыкалася ў жыццi. Адчуваю iх характары, настрой. За некаторымi нават нейкi час назiраю. Як правiла, яны для мяне не чужыя. У кожнага свой лёс, якi адбiўся на характары i знешнiм выглядзе. Адлюстроўваю кожнага паасобна. Адзiноцтва — тыповая прыкмета пасляваеннага часу. У нашых вёсках у тыя гаротныя гады засталося шмат удоў франтавiкоў. Вайна пакiнула моцны адбiтак на асiрацелых сем’ях. Не хапала мужчын, падлеткi i жанчыны старэйшага ўзросту замянялi iх на цяжкiх сялянскiх работах.

Адзiноцтва нiкога не пакiдае раўнадушным. Для мяне такi чалавек каля свайго дома — як птушка ля гнязда.

— Вам яны пазiруюць цi ствараеце вобразы па памяцi?

— Iмкнуся маляваць землякоў у звыклым для iх асяроддзi. Пачынаю працу над чарговым партрэтам з натуры, а потым самастойна яго даводжу. Цаню дарагi для вяскоўцаў час. А потым у сваёй майстэрнi перад мальбертам магу i паразважаць, прыкiнуць варыянты, вызначыць найбольш значныя дэталi.

— Вашы работы змяшчаюць на розных выставах. Гэта, безумоўна, садзейнiчае выхаванню ў моладзi пачуцця патрыятызму, любовi да Бацькаўшчыны, да нашай гiсторыi.

— Расце пакаленне людзей, якiя не засталi альбо мала ведаюць беларускую вёску мiнулага стагоддзя. Сучасныя сельскiя населеныя пункты знiвелiраваны да катэджных пасёлкаў, дзе карова цi конь — рэдкасць. Голас пеўня не ўсюды пачуеш. Змянiўся ўклад жыцця сялян. Iм сёння не трэба сена сушыць, i не ўбачыш на вясковым падворку драўляныя граблi, плуг цi барану. Няма кароў — знiклi i глiняныя гарлачы, маслабойкi i iншыя рэчы сялянскага побыту. Замест коней агароды апрацоўваюць мотаблокi. Ранiцай з падворкаў даносiцца гук механiзаваных касiлак, а не кляпання кос. Люблю наведвацца ў вёскi, дзе захавалiся дамы з вянцовай забудовай. Гэта кранае мяне. Хочацца праз свае творы перадаць нашчадкам павагу да такiх вёсак, да iх жыхароў. Многае змянілася. Сучаснымi катэджамi забудоўваюцца аграгарадкi. Тое, што раней было звычным укладам, здзiўляе моладзь. Iмкнуся адлюстроўваць побыт беларускай вёскi канца мiнулага тысячагоддзя.

Нацюрморты, партрэты, пейзажы — галоўныя ў маёй творчасцi. Кранае сэрца ўсё, што звязана з роднымi мясцiнамi. Страта сувязi з прыродай прыводзiць да вычварэння паняцця аб прыгажосцi i гармонii. Сваёй дзейнасцю iмкнуся звяртаць увагу сучаснiкаў, асаблiва моладзi, да народнага побыту, традыцыйнай культуры, працы на зямлi, абуджаць любоў да родных мясцiн. Якiя непаўторныя краявiды на нашай рэчцы Друцi!

— Узгадваюцца радкi Генадзя Бураўкiна, якiя сталi песняй: «…дзе ў вячэрнiм чароце плешча цiхая Друць».

— Да Дняпра нясе яна крынiчныя воды. З малых гадоў Друць дарагая майму сэрцу. Калi працавала ў Бялынiцкай дзiцячай школе мастацтваў, з выхаванцамi часта хадзiлi палюбавацца прыбярэжнымi краявiдамi. Юныя творцы пiсалi там эцюды. Мастацтва — магутная сiла, якая аказвае на чалавека ўсеабдымны ўплыў, тым больш на маладых, калi ў iх толькi фармiруецца светапогляд. Безумоўна, мастак пачынаецца з таленту. З таго, што даецца нам Богам. Важна гэта дараванне адчуць i развiваць.

Творчасць выхоўвае маральны iдэал, абуджае пачуццi да цудоўнага. Калi сам не адчуваеш гэтага, не зможаш перадаць праз свае творы iншым. У мяне шмат работ прысвечана незвычайна прыгожым наваколлям Друцi. Гэты экалагiчна чысты куток Магiлёўшчыны вабiць турыстаў, дачнiкаў. Многiя гараджане набываюць сядзiбы ў нашых вёсках, уладкоўваюць падворкi, ажыўляюць iх.

— Напiсаныя вамi работы пераклiкаюцца з вядомымi палотнамi земляка, беларускага i рускага, савецкага пейзажыста Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi. Генiяльны Леанарда да Вiнчы лiчыў жывапiс адной з важнейшых навук. А як вы да гэтага ставiцеся?

— Гэта думка бясспрэчная. Свой шлях у мастацтве пачынала з нацюрмортаў i партрэтаў. Пейзажамi занялася пазней. Гэты мастацкi жанр адлюстроўвае пэўны час, жыццёвы ўклад людзей. Ён стаў для мяне крынiцай новых адчуванняў i перажыванняў. Адны з першых работ такога кiрунку — «У жнiўнi» i «Вясновае неба». Неаднойчы ўдзельнiчала ў пленэрах, прысвечаных памяцi слыннага мастака. Прыемна было атрымлiваць дыплом, медаль i прэмiю iмя В. К. Бялынiцкага-Бiрулi.

Малой радзiмай вядомага творцы лiчыцца бялынiцкая вёска Крынкi. Даследчыкi адшукалi царкоўныя дакументы, у якiх пазначана месца яго хрышчэння — аднайменная вёска побач з Оршай. У канцы XIX стагоддзя Бялынiчы ўваходзiлi ў Аршанскi павет Магiлёўскай губернi Расii. Так што ўсё роўна мы з iм землякi.

— Гэты куток Беларусi шчодры на таленты. Непадалёк ад Бялынiч талачынская вёска Звянячы — малая радзiма Героя Беларусi, народнага мастака Мiхаiла Савiцкага. Вам даводзiлася з iм сустракацца?

— Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытута па размеркаваннi адпрацавала належны тэрмiн у Брэсце i вярнулася ў Мiнск, каб прадоўжыць адукацыю ў Творчых акадэмiчных майстэрнях жывапiсу, графiкi i скульп-туры пры Мiнкультуры. Маiм настаўнiкам быў акадэмiк Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi i Акадэмii мастацтваў ­­СССР народны мастак Георгiй Паплаўскi.

Ганаруся знаёмствам з выдатным творцам Героем Беларусi Мiхаiлам Андрэевiчам Савiцкiм. Бывала ў яго творчай майстэрнi, дзе Маэстра ствараў тэматычныя карцiны, прысвечаныя эпахальным падзеям, сведкам якiх яму выпала быць: вайне, абароне Севастопаля, канцэнтрацыйнаму лагеру. Нiкога не пакiдае абыякавым яго класiчны цыкл карцiн «Лiчбы на сэрцы», дзе генiяльна адлюстравана перажытае iм у ваенны час. А як кранае душу «Партызанская мадонна»!

Творца быў i майстрам сельскай карцiны. З прыемнасцю ўзгадваю кожную сустрэчу з iм. Не магу сказаць, што вучылася ў яго. У Мiхаiла Андрэевiча iншы пласт жыцця. Як грамадзянiн i патрыёт, ён сваю любоў да Бацькаўшчыны таленавiта адлюстраваў у шматлiкiх творах. Канечне, знаёмства з такой асобай — вялiкi набытак. Мне выпала жыць у мiрны час. Iмкнуся ў сваiх работах дэталямi вызначаць шчымлiвае адчуванне ад дарагiх сэрцу мясцiн. Мая душа застаецца ў палоне вёсак малой радзiмы.

— Якiя творчыя задумы?

— Складана прагназаваць. Як кажуць: не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш. Але адно непахiсна: i надалей у маёй творчасцi галоўнай застанецца тэма беларускай вёскi.

— Дзякуй за размову, шаноўная Ларыса Вiктараўна! Няхай ваша скарбнiца поўнiцца новымi творамi, здароўя i творчага натхнення вам!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter