Фактаў нападу на хрысціян сёння дастаткова

Чэрці ў душы

Днямі ў сірыйскім Алепа быў забіты прэс-сакратар “Ісламскай дзяржавы”. Сам па сабе факт даволі банальны: падчас ваенных дзеянняў загінуў чарговы тэрарыст, хаця і высокапастаўлены. Аднак за 39 гадоў свайго жыцця ён усё ж паспеў пасеяць сярод аднадумцаў па ўсім свеце зерне зла і нянавісці, паколькі горача заклікаў забіваць няверных паўсюдна.

Фактаў нападу на хрысціян сёння дастаткова. Апошні інцыдэнт адбыўся ў прыгарадзе Марсэля: невядомыя зламыснікі моцна пабілі юнака за каталіцкі крыжык на шыі.

А ў Егіпце раз’юшаны натоўп сарваў адзенне з састарэлай хрысціянкі, прымусіўшы яе ў такім выглядзе прабегчы па вуліцы. Падстава для гэтага дзікунства — чуткі, што яе сын сустракаецца з мусульманкай.

Неўзабаве, ужо на глебе нацыянальнай нецярплівасці і з-за бяздзейнасці мясцовых уладаў, ва ўкраінскай вёсцы Лашчынаўка Адэскай вобласці адбыліся пагромы. Індыкатарам трагічных падзей паслужыла забойства 20-гадовым маладым чалавекам з цыганскай дыяспары маленькай дзяўчынкі. На жаль, падобных выпадкаў у многіх краінах і па розных прычынах становіцца ўсё болей — у людзей ажываюць сапраўдныя “чэрці ў душы”.

Адсюль і стаўленне ў Еўрасаюзе да мігрантаў як патэнцыяльных лайдакоў, злодзеяў і экстрэмістаў. Яны, на думку карэнных жыхароў, не толькі эканамічна, але і духоўна разбураюць Стары Свет. Атрымліваецца,  палітыка славутай еўрапейскай мультыкультурнасці не прайшла выпрабаванне жыццём.

З нагоды я ўзгадаў рэзервацыі індзейцаў, якія мне давялося бачыць у Канадзе. Там адрынутыя грамадствам людзі ізалявана жывуць на дапамогу дзяржавы альбо на вуліцах буйных гарадоў публічна паляць марыхуану і просяць міласціну.

Еўропе цяпер усё цяжэй стрымліваць уцекачоў: гучныя заявы ў тэму ўсё часцей гучаць з вуснаў еўрапейскіх лідараў. Так, урад Нарвегіі мае намер выслаць з краіны палову бежанцаў, што прыбылі летась (гэта 15 тысяч чалавек). Прэм’ер Віктар Орбан заклікае будаваць другую антыміграцыйную агароджу на поўдні Венгрыі. Яго падтрымлівае кіраўнік Чэхіі Мілаш Земан, упэўнены ў поўным закрыцці ад бежанцаў знешніх межаў ЕС.

Днямі ў “міграцыйную” статыстыку трапіла і Беларусь, дзе дзве сотні чачэнцаў пад выглядам бежанцаў спрабавалі пранікнуць у Польшчу з нашай тэрыторыі.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter