У пераможаным Берліне Аркадзю Бляхеру, які не піў да вайны, немагчыма было не выпіць за перамогу

Чатыры словы на Рэйхстагу

АД АБАРОНЫ Сталінграда да пераможанага Берліна з артылерыйскай зброяй прайшоў франтавымі шляхамі маёр у адстаўцы Аркадзь Маісеевіч БЛЯХЕР. Дваццацігадовым разведчыкам 370-га артылерыйскага Сталінскага палка, 230-й стралковай Сталінскай дывізіі вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Данбас, у саставе Трэцяга Украінскага фронту прымаў удзел у Яска-Кішынёўскай аперацыі, змагаўся за вызваленне Варшавы, фарсіраваў Віслу і Одэр. Баявыя заслугі адважнага франтавіка адзначаны двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені і ордэнам Айчыннай вайны II ступені, а таксама ордэнам Чырвонай Зоркі, васямнаццаццю медалямі, у тым ліку «За абарону Сталінграда», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»



Пасляваеннае мірнае жыццё Аркадзь Маісеевіч прысвяціў газетнай справе. Завочна закончыў аддзяленне журналістыкі Бел- дзяржуніверсітэта. Асвятляў жыццё заходняга рэгіёна Беларусі ў Брэсцкай абласной газеце «Заря» і раённай «Заря над Бугом», друкаваўся на старонках «Сельской газеты». Удастоены звання «Ганаровы ветэран горада Брэста», а таксама «Заслужаны журналіст Беларусі». Узнагароджаны медалём савецкага камітэта ветэранаў вайны.

Чэрвеньскім суботнім днём 1941 года выпускнікам мінскіх сярэдніх школ выдалі атэстаты сталасці, і па ўсталяванай традыцыі юнакі і дзяўчаты сабраліся сустракаць свой першы самастойны світанак на былой Савецкай вуліцы (цяперашнім праспекце Незалежнасці), каля маста праз раку Свіслач. Маладыя дрэўцы гарадскога парку, які цяпер носіць імя Максіма Горкага, чулі пра мары моладзі, перад якою адкрываўся жыццёвы прастор. 

Большасць аднакласнікаў Аркадзя Бляхера з 10-га «А» сярэдняй школы № 7 настройваліся працягваць вучобу. Ён марыў стаць архітэктарам. Старэйшы на трынаццаць гадоў Яўхім, які ўжо самастойна працаваў на мінскіх новабудоўлях, заўважаў схільнасці малодшага брата да чарчэння, матэматыкі і раіў паступаць у політэхнічны інстытут. У кожнага з дваццаці двух аднакласнікаў Аркадзя былі планы на будучыню. Назаўтра моладзь дамовілася сустрэцца на адкрыцці рукатворнага Камсамольскага возера. Па радыё паведамілі аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі. У другой палове дня над Мінскам ужо крумкачамі кружылі варожыя самалёты — узрывалі жылыя дамы, заводскія карпусы. Бацькі Аркадзя працавалі на станкабудаўнічым заводзе імя Варашылава, які адным з першых руйнавалі бамбардзіроўшчыкі. Мінчане кінуліся з горада ў напрамку Масквы. Разам са збянтэжанымі людзьмі пакідала горад і сям’я Маісея і Бэлы Бляхераў. Спадзяваліся на часовы адыход і хуткае вяртанне. 

Пехатой дабраліся да чыгуначнай станцыі Смалявічы і там ледзьве ўбіліся ў таварны цягнік, што адпраўляўся ў бок Масквы. Састаў ляцеў на ўсход без прыпынкаў. Змарнелыя, устрывожаныя бежанцы ехалі ў невядомы свет, пакінуўшы родныя мясціны. У Маскве ўвесь састаў накіравалі ў Саратаў, адкуль далей параходам па Волзе дабіраліся да Казані. Па радыё пастаянна перадавалі звесткі Саўінфармбюро пра ход баёў. Паміж Казанню і Ульянаўскам тысячы чалавек капалі супрацьтанкавыя рвы, каб затрымаць наступленне варожых войскаў. З раніцы да вечара не выпускалі з рук рыдлёўкі браты Яўхім і Аркадзь. Выкарыстаўшы часовыя перавагі з пачатку вайны, нямецка-фашысцкія войскі летам і ўвосень акупіравалі значную тэрыторыю еўрапейскай часткі СССР, блакіравалі Ленінград, выйшлі на блізкія подступы да Масквы, прарваліся да Растова. Фашысцкае камандаванне мроіла аб парадзе перад Крамлём. Патрыятычны лозунг «Усё для фронту!» адгукаўся ў сэрцах жыхароў краіны. Беларускіх бежанцаў прынялі рускія сем’і, дзяліліся ўсім, што мелі.

Перад новым, 1942 годам прыйшлі першыя прыемныя весткі з ваенных франтоў. Чырвоная Армія адкінула ворага ад Масквы і пачала контрнаступленне, якое перарасло ў агульнае зімовае наступленне на фронце ад Ленінграда да Чорнага мора.

— Як толькі мне споўнілася васямнаццаць гадоў, — адзначае Аркадзь Маісеевіч Бляхер, — па накіраванні ваенкамата я паступіў у Сталінградскае артылерыйскае ваеннае вучылішча. Па скарочанай праграме закончыў яго з адзнакай і ў званні лейтэнанта атрымаў прызначэнне камандзірам артылерыйскага ўзвода.

— Якім выдалася ваша першае баявое хрышчэнне?

— Пад Сталінградам у кастрычніку 1942 года давялося ўпершыню сутыкнуцца з групоўкай гітлераўцаў, якія імкнуліся выйсці з акружэння, і наш артылерыйскі ўзвод атрымаў заданне не дапусціць іх прарыву. Прамой наводкай з артылерыйскіх установак касілі мы праціўніка. Трапна клалі снарады ў цэль, і ў выніку нікому з фашыстаў не ўдалося прарвацца. Вельмі напружаным і складаным быў гэты мой першы бой пад Сталінградам. Ні аднаго салдата мы не страцілі. Пасля такога поспеху мяне прынялі ў члены КПСС. 

Кожны момант вайны памятны па-свойму. Набываўся вопыт камандавання. Нас на фронце яднала думка пра перамогу. Але, на вялікі жаль, многія сябры не дачакаліся яе. Страты яшчэ больш гуртавалі нас. Хіба магу забыць сваіх аднапалчан, што назаўсёды засталіся ляжаць у прыволжскай зямлі. Малодшага лейтэнанта з Сібіры, даволі дужага і па-дзіцячаму наіўнага Паўла Байкалава, з якім паміж баямі дзяліліся запаветнымі марамі. Ён расказваў мне, як вернецца пасля вайны ў родныя мясціны і стане земляробам. За баявыя заслугі смелы сібірак атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, але насіў яго зусім нядоўга… толькі паўтары гадзіны. 

Было гэта ў час фарсіравання Дняпра. Нас сталі бамбіць мессершміты, і на той пераправе мы панеслі вялікія страты. Загінуў і сябар Павел Байкалаў. 

Не магу забыць і камандзіра батарэі з Чарнігаўшчыны Івана Хамутовіча, якога асколкі варожага снарада пасеклі за паўгадзіны да абвяшчэння перамогі над нямецка-фашысцкай Германіяй. Як можна было паведаміць яго бацькам пра смерць сына ў Берліне, калі ўвесь свет ужо адзначаў перамогу. Але я вымушаны быў пісаць такія пісьмы родным загінуўшых франтавікоў. 

— Чаму менавіта вы?

— У перапынках паміж баямі я занатоўваў свае думкі пра аднапалчан, іх настрой і лісты адпраўляў у дывізіённую газету. Камандаванне гэта заўважыла і адзначыла. Мне даручылі ў пісьмах паведамляць родным пра загінуўшых. Кожнае пахавальнае паведамленне для мяне было балючым. Падбіраў словы, каб суцешыць родных загінуўшых аднапалчан, з якімі крочыў па франтавых шляхах-дарогах. Пісаў, і перад вачамі жывымі паўставалі баявыя сябры. Пра мары і планы сібірака Паўла Байкалава расказаў яго сястры, а потым завязалася з ёю перапіска. Усю вайну з далёкага сібірскага кутка атрымліваў пісьмы і ў адказ расказваў пра наш далейшы шлях па вызваленай ад фашыстаў Еўропе. І нават пасля перамогі доўгіх чатыры дзесяцігоддзі перапісваўся з сястрою свайго баявога сябра Паўла Байкалава.

— Бацькам пісалі з фронту?

— Паведамляў, што жывы, і цікавіўся іх справамі. Кожная вестачка ад родных напаўняла настроем. Імкнуўся ў сваіх пісьмах падтрымліваць іх. Хаця давялося рознага на вайне паспытаць.

 У баях пад Сталінградам позняй восенню другога года вайны на нашы пазіцыі раптоўна наляцеў варожы самалёт і скінуў адну-адзіную бомбу, якая разарвалася непадалёку ад пазіцыі. Скаваная марозам зямля каменнямі свістала ва ўсе бакі, і мяне па спіне балюча ўдарылі цвёрдыя камякі. Атрымаўся пералом чатырох паяснічных пазванкоў. Два месяцы праваляўся ў гіпсе ў ваенным шпіталі волжскага гарадка Палявы, а далечваўся ў шпіталях гарадоў Камышын і Энгельс. Бацькам пра раненне нічога не паведамляў. Як адужаў, мяне адправілі на трохмесячныя курсы камандзіраў батарэй у горад Чэбаркуль Чалябінскай вобласці. Пасля заканчэння даручылі камандаваць разведкай дывізіёна 370-га артылерыйскага Сталінскага палка, 230-й стралковай Сталінскай дывізіі, а потым і кіраваць штабам дывізіёна. Вызвалялі ад акупантаў Данбас і паўднёвую частку Украіны.

Другі раз мяне параніла ранняй вясной 1943 года пад Мелітопалем. Нашы войскі ўпэўнена вялі наступленне на поўдні Украіны. І ў адной з такіх баявых аперацый бомба разарвалася побач са мною, многія аднапалчане загінулі. Байца, што быў непадалёку ад мяне, з-за прамога пападання бомбай разнясло поўнасцю. Мяне аглушыла, і прапаў зрок. У ваенным шпіталі праз дзён дзесяць акрыяў і далей пайшоў ваяваць.

За ўдзел у Яска-Кішынёўскай баявой аперацыі старшы лейтэнант Аркадзь Бляхер узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Як адзначаецца ў наградным лісце, які захоўваецца ў сямейным архіве ветэрана вайны і працы, малады начальнік разведкі дывізіёна выкрыў дзясяткі агнявых кропак, якія былі знішчаны ці пашкоджаны. Гэта дало магчымасць забяспечыць паспяховае выкананне баявых задач пяхоты. У час пераправы войск праціўніка на левы бераг ракі Днестр, непадалёку ад Ціраспаля, яго разведвальная група высветліла сітуацыю і выклікала агонь варожага дывізіёна на сябе. Праціўнік страціў узвод пяхоты, спыніў пераправу і праз некалькі дзён імкнуўся атакаваць нашы войскі. Дзякуючы ўмеламу карэкціраванню агню па варожых кропках атаку адбілі. Дывізіён разведкі падавіў агонь дзвюх мінамётных батарэй, знішчыў тры станкавыя кулямёты і дзве баявыя кропкі праціўніка, з якіх вялася стральба прамой наводкай. З асабістай зброі старшы лейтэнант Бляхер знішчыў трох гітлераўцаў. З Яска-Кішынёўскай аперацыі разведку дывізіёна па чыгунцы перакінулі да польскай вёскі Сакулка, дзе ў складзе Першага Беларускага фронту пачалі аперацыю па вызваленні ад акупантаў Варшавы. Малады афіцэр Аркадзь Бляхер прымаў удзел у вызваленні іншых польскіх гарадоў, а таксама канцлагера Майданэк.

— Відовішча было страшэннае, — узгадвае Аркадзь Маісеевіч. — У канцэнтрацыйным лагеры вязняў засталося мала. Не людзі, а жывыя шкілеты стаялі перад намі. Як паказваюць на кадрах дакументальнай кінахронікі, такое і нам давялося бачыць там. Знямоглыя вязні выходзілі з-за калючага дроту, і мы частавалі іх. Ваенныя ўрачы пільна глядзелі, каб галодныя пакрыху апрытомневалі.

— Як вас сустракалі жыхары вызваленых польскіх гарадоў і вёсак?

— Вайна ўсіх стаміла. Людзі праглі міру. Сяляне чакалі спакою, каб працягваць сваю спрадвечную справу. Каля польскіх хутароў пасвіліся каровы, не ўсё было знішчана. Жах ахапіў, калі пасля фарсіравання Віслы трапілі ў зруйнаваную Варшаву. Замест дамоў ляжалі горы камянёў і смецця.

— Пасля вызвалення польскай сталіцы адкрываўся прамы шлях на Берлін.

— Нялёгкім ён выдаўся. Адступаючы, раз’юшаны вораг  звярэў. Запомнілася фарсіраванне ракі Одэр на лодках і плытах, якія майстравалі сапёры. Рака шырокая і паўнаводная. Фашысцкія самалёты бамбілі плыты. Шмат страт мы панеслі. На маіх вачах перавярнулася лодка, у якой сядзелі з грувасткімі радыёстанцыямі байцы Бялоў і Толсцікаў. Рачная плынь паглынула іх назаўсёды.

Пасля камандавання разведкай дывізіёна 370-га артылерыйскага Сталінскага палка, 230-й стралковай Сталінскай дывізіі Аркадзю Бляхеру даручылі кіраваць штабам дывізіёна. За паспяховую падрыхтоўку да прарыву глыбока эшаланіраванай абароны праціўніка на подступах да Варшавы і ўтрыманне плацдарма на заходнім беразе ракі Одэр у раёне нямецкага горада Цэлін ён быў удастоены ордэна Айчыннай вайны I ступені. А за ўмела спланаванае артылерыйскае наступленне дывізіёна каля нямецкага горада Кюстрын старшага лейтэнанта прадстаўлялі да ордэна Аляксандра Неўскага, але камандзір стралковага Брандэнбургскага чырвонасцяжнага корпуса Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант Рослы ў пераможныя дні падпісаў наградны ліст на другі ордэн — Айчыннай вайны I ступені. У пасляваенны час ужо маёр у адстаўцы Аркадзь Бляхер атрымаў яшчэ і ордэн Айчыннай вайны II ступені.

— Аркадзь Маісеевіч, дзе закончыўся ваш баявы шлях?

— Жорсткімі былі баі ў самым логаве фашыстаў – Берліне. Шмат палегла там нашых байцоў. Баі за горад закончыліся 2 мая 1945 года, і пасля мы ўжо не ваявалі. У вокнах жылых дамоў пераможанай нямецкай сталіцы гойдаліся на ветры выстаўленыя белыя прасціны, што сведчыла аб капітуляцыі. Мы святкавалі доўгачаканую перамогу. Да вайны гарэлкі я ніколі не піў, а ў Берліне немагчыма было ўтрымацца, каб не выпіць за перамогу. Мы спявалі песні, радаваліся.

— На Рэйхстагу пакінулі аўтограф?

— Сваё прозвішча наўмысна не напісаў. Быў прускі фельдмаршал Гебхард Блюхер, і мае баявыя сябры жартавалі, што я і так у Германіі вядомы і цэлы берлінскі раён з вуліцай і плошчай маім прозвішчам названы. Таму нейкім абломкам мне ўдалося напісаць чатыры словы: «Мінск — Сталінград — Берлін. Аркадзь».

Па Ялцінскім дагаворы Берлін падзялілі на чатыры часткі, і нас вывелі ў Патсдам. Пасля расфарміравання вайсковых часцей перавялі ў савецкую зону акупацыі, дзе служыў у гарадах Расток, Гюстрэл, Дрэздэн, Лейпцыг, Веймар. Завяршыў ваенную службу ў сярэднеазіяцкім горадзе Тэрмез. Збіраўся паступаць у ваенную акадэмію, але з-за франтавых раненняў не прайшоў медыцынскую камісію. Паступіў і закончыў завочнае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Са мною разам вучыліся і былы рэдактар «Сельской газеты» Леанід Толкач, драматург Мікалай Матукоўскі, былы галоўны рэдактар «Мінскай праўды» Міхаіл Пахомаў. 

Па накіраванні ЦК КПБ Аркадзь Маісеевіч працаваў журналістам брэсцкай абласной газеты «Заря», намеснікам галоўнага рэдактара брэсцкай раённай газеты «Заря над Бугом». Друкаваўся і ў «Сельской газете». Разам з жонкай Фаінай Міхайлаўнай, школьнай настаўніцай гісторыі, выхавалі сына Аляксандра і дачку Рэгіну. 

Аўдавелы ветэран вайны і працы сустракае ўжо дзевяноста другую вясну. Штогод у час адпачынку наведвае яго сын Аляксандр з сям’ёй, якога лёс закінуў у Рыгу. Побач, у Брэсце, сям’я дачкі Рэгіны, яна падтрымлівае парадак у бацькоўскай кватэры, дзе сабрана шмат фотаздымкаў, пісьмаў, іншых ваенных дакументаў — сведкаў баявога мінулага гаспадара. Беражліва захоўвае Аркадзь Маісеевіч запісную кніжку, якую паўвека таму падарылі яму аднапалчане на чарговай сустрэчы. Кожны аркуш запоўнены прозвішчамі і адрасамі баявых сяброў. Амаль нікога з іх ужо няма ў жывых. Кожнае прозвішча ў кніжцы – абпалены вайной лёс.

Уладзiмiр СУБАТ

Брэст

Фота з сямейнага альбома А. М. БЛЯХЕРА і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter