Чатыры кірункі філасофіі жыцця

ГЭТАЕ выданне — невычэрпная крыніца народнай мудрасці чалавека, які каранямі і думкамі знаходзіцца ў непарыўнай сувязі не толькі з вялікай, але і малой радзімай. Кніжка «Дарога за небакрай» — чацвёртая па ліку, што выпусціў аўтар. Яна — квінтэсэнцыя дынамікі, філасофскага разумення жыцця і чалавечых стасункаў. Каб зразумець паэта і празаіка, здаецца, вазьмі і прачытай кніжку ад першай да апошняй старонкі, але постаць Мікалая КАРАЛЯ як чалавека заўсёды застанецца крыху па-за кулісамі.

Кніга паэзіі і прозы журналіста і пісьменніка Мікалая Караля пра нашы абавязкі на зямлі

ГЭТАЕ выданне — невычэрпная крыніца народнай мудрасці чалавека, які каранямі і думкамі знаходзіцца ў непарыўнай сувязі не толькі з вялікай, але і малой радзімай. Кніжка «Дарога за небакрай» — чацвёртая па ліку, што выпусціў аўтар. Яна — квінтэсэнцыя дынамікі, філасофскага разумення жыцця і чалавечых стасункаў. Каб зразумець паэта і празаіка, здаецца, вазьмі і прачытай кніжку ад першай да апошняй старонкі, але постаць Мікалая КАРАЛЯ як чалавека заўсёды застанецца крыху па-за кулісамі.

Літаратурна-мастацкае выданне, як справядліва адзначана ў анатацыі, складаецца з чатырох раздзелаў: «Дамоўкі роднае святло», «Бараўлянскі акорд», «Ля пцічанскіх балот» і «Зямны паклон». З сардэчнай цеплынёй і трапяткім сэрцам аўтар прэзентуе і родную зямлю, і тыя мясціны, дзе прайшло яго юнацтва, маладосць; гісторыю і краявіды Беларусі ва ўласным уяўленні. Некаторыя з вершаў прысвечаны «братам» па пяру: паэтам, празаікам, журналістам. Другі раздзел цалкам складаюць вершы філасофскай тэматыкі. Іх галоўны напрамак — імгненнасць чалавечага жыцця, безабароненасць людзей перад хваробамі, старасцю і нямогласцю; прагнае жаданне людзей быць заўсёды патрэбнымі, асабліва для сям’і.

У трэцім раздзеле выдання — паэма «Востраў (Успаміны старога партызана)». З вершаванага твора даведваемся не толькі пра Вялікую Айчынную вайну, як гаворыцца, з першых вуснаў. Літаральна перад вачыма паўстае наша гісторыя: пераход ад «кулакоў да калгасаў». Дзед Сцяпан — літаратурны герой паэмы — успамінае пра сваіх аднавяскоўцаў (па прозвішчах), іх гераізм і гумар. Абаронца Айчыны расказвае папулярныя ў той час анекдоты і нават пяе «вострыя» прыпеўкі. Народная мудрасць арганічна ўпісваецца ў кантэкст успамінаў старога партызана, які зноў і зноў, хоць і ў думках, вяртаецца да пцічанскіх балот.

Апошні радзел «Дарогі за небакрай» Мікалай Кароль прысвячае жанчыне, яе натуральнай мудрасці, гаспадарчаму клопату, смеласці. Сюжэт апавядання «Дара» складаецца з таго, што гераіня з пляменнікам Васільком ідзе пасвіць на поле кароў. Жыццёвая праўда — вось «фішка» «Дары». Апавяданне — напамін нам усім, на колькі мы абавязаны ўсім тым, хто жыве і працуе на зямлі.

Таццяна УСКОВА, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter