Чаму рыбакі і адпачывальнікі на маторках і катэрах грэбуюць правіламі бяспекі на вадзе

Чацвёра ў лодцы, не лічачы дзяцей

Сонца хаваецца за хмарамі, але ахвотнікаў адпачыць на вадаёмах хапае. Многія рассякаюць хвалі на розных плавальных сродках: гідрацыклах, маторках, катарах і нават яхтах. Між тым, для воднага транспарту, як і для аўтамабіляў, існуюць строгія патрабаванні. Карэспандэнт «Рэспублікі» адправілася на Мінскае мора разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах (ДзІМС), каб даведацца, ці выконваюць іх штурманы.

Калі лодка стаіць на якары, выратавальныя камізэлькі можна зняць
Фота аўтара

Выходзім у мора на катары «Норд Сільвер», магутнасць матора якога (150 конскіх сіл) дазваляе дагнаць амаль любога парушальніка. 

Цікаўлюся, якія судны знаходзяцца ў зоне нашай увагі. 

— Амаль усе! — Дзмітрый Мацвееў, начальнік ДзІМС Мінскай вобласці, у бінокль аглядае наваколле. — Маламернае судна — плавальны сродак даўжынёй да 20 метраў, які можа прыняць на борт да 12 чалавек. Пад гэта азначэнне падыходзяць 99 працэнтаў лодак, на якіх тут плаваюць рыбакі, адпачывальнікі. 

Абсалютна ўсе, хто рухаецца па вадзе, — хоць на плыце, хоць на катамаране ці веславой лодцы — павінны апрануць выратавальныя камізэлькі. Калі лодка мае грузападымальнасць больш за 225 кг і магутнасць матора больш за 5 конскіх сіл, яна падлягае абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі з усімі наступствамі: вадзіцель павінен мець пры сабе судовы білет, пасведчанні аб рэгістрацыі, тэхнічным аглядзе і праве на кіраванне плавальным сродкам — амаль гэтак жа, як і аўтамабіліст. 


— Вось глядзіце, рыбак, — паказвае Дзмітрый на фігуру з вудай у лодачцы непадалёк. — Судна ў яго маленькае, матор яўна слабенькі, значыць, правы на кіраванне не патрэбны. У выратавальную камізэльку апрануты. Да яго пытанняў няма, не варта перарываць адпачынак чалавека. 

Няспешна плывём па Ратамскім заліве Заслаўскага вадасховішча. Катар ціха муркае маторам, пагойдваецца на хвалях. Увагу вопытнага інспектара прыцягвае лодка, з якой рыбачаць двое мужчын. 

— Дрэнна чытаецца бартавы нумар, — зазначае Дзмітрый. — Верагодна, даўно не абнаўляўся, а гэта выклікае сумненні ў праходжанні тэхагляду...

Дзмітрый МАЦВЕЕЎ правярае дакументы: тут усё ў парадку

Два рыбакі ў лодцы ветліва адказваюць на наша прывітанне і... знянацку трацяць слых, калі іх просяць паказаць дакументы. Горбяцца, адварочваюцца, з павялічанай уважлівасцю глядзяць на паплаўкі — быццам інспектара тут і няма. Падобная тактыка не дапамагае, але становіцца зразумелай: тэхагляд маторная лодка не прайшла, а ў гаспадара няма правоў на кіраванне. Спачатку малады чалавек сцвярджае, што яны засталіся на беразе, у машыне, і абяцае па іх сплаваць. Пазней, як рыбы ўдосталь наловіць:

— Ну не псуйце нам дзень, ёсць жа нейкія рыбацкія паняцці!

Між тым адсутнасць пры сабе правоў на кіраванне — сур’ёзнае парушэнне, за якое прадугледжаны штраф ад 5 базавых велічынь. У ДзІМС няма агульнай базы, як у ДАІ, дзе можна праверыць іх наяўнасць. Даведаўшыся пра гэта, гаспадар лодкі прызнаецца, што пакуль не знайшоў часу, каб іх атрымаць. Даводзіцца скласці дзве пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці: за адсутнасць правоў на кіраванне і тэхагляду, а гэта караецца яшчэ дзвюма базавымі велічынямі. Рыбак, канечне, засмучаны, але тут жа дамаўляецца аб праходжанні тэхагляду і абяцае ў бліжэйшы час здаць на правы. 

Непадалёк ловяць рыбу, верагодна, бацька і сын. Камізэлькі ляжаць у нагах, але калі лодка стаіць на якары, апранаць іх не абавязкова. Дакументы ў парадку, жадаем ім ні хваста, ні лускі і працягваем свой водны шлях. 

Яшчэ некалькі рыбакоў, да якіх мы падыходзілі, радуюць законапаслухмянасцю, ахвотна прад’яўляючы ўсе патрэбныя дакументы. 

Вось насустрач рухаецца невялікая, але «густанаселеная» лодка. Просім спыніцца: у сродку, прызначаным для пяці чалавек, знаходзяцца чацвёра дарослых і чацвёра зусім маленькіх, да пяці гадоў дзяцей, прычым двое з іх нават без выратавальных камізэлек. Гэта сур’ёзнае грэбаванне правіламі бяспекі! Між іншым, глыбіня ў гэтым месцы дасягае чатырох метраў. Кіроўцу давядзецца адказаць за перавышэнне колькасці пасажыраў і адсутнасць выратавальных сродкаў.

За тры дні кантрольных мерапрыемстваў на Заслаўскім вадасховішчы супрацоўнікі ДзІМС склалі 11 пастаноў аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. Найбольш распаўсюджаныя парушэнні — кіраванне без правоў, адсутнасць тэхагляду, рэгістрацыі плавальных сродкаў, рух без камізэлек. А вось п’яных за штурвалам не сустрэлі. Алкатэстар у інспектараў заўсёды напагатове, але прымяняецца звычайна пры падазрэнні на нецвярозасць. З пачатку сезона да адказнасці за п’янства пры кіраванні лодкамі і катарамі прыцягнуты 4 чалавекі. Быццам і няшмат, але стаўка ў гэтым заплыве — жыццё. У мінулым годзе ў інцыдэнтах з маламернымі суднамі загінулі 9 чалавек, пяцёра з якіх былі нецвярозымі. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter