Частка другая: вучы беларускую

Аналiз памылак, дапушчаных абiтурыентамi на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi 2006 года, падкажа, на што трэба звярнуць увагу пры падрыхтоўцы да ўступных iспытаў. Для правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання 2006 года па беларускай мове было падрыхтавана 15 раўнацэнных варыянтаў тэстаў (10 варыянтаў для асноўнага дня i 5 варыянтаў для рэзервовага). Экзаменацыйная работа па прадмеце складалася з тэста А (32 заданнi закрытага тыпу) i тэста В (8 заданняў адкрытага тыпу). Яе змест адпавядаў праграмам сярэдняй агульнаадукацыйнай школы i праграме для паступаючых у вышэйшыя навучальныя ўстановы, зацверджаным Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь. У экзаменацыйнай рабоце адлюстраваны ўсе раздзелы курса беларускай мовы. Колькасць заданняў па кожным раздзеле i сярэднi працэнт яго выканання прыводзяцца ў таблiцы.

Пачуць кожны гук
Авалодаць мовай — гэта значыць не толькi засвоiць яе лексiку, але i гукавы лад — сiстэму гукаў, нацiск, iнтанацыю. Таму тэсты 2006 года традыцыйна пачыналiся з заданняў па фанетыцы i арфаэпii.
З мэтай праверкi ведаў пра асаблiвасцi беларускага лiтаратурнага вымаўлення для тэставых заданняў былi выбраны наступныя аспекты: вымаўленне парных звонкiх i глухiх зычных у сярэдзiне слоў, у тым лiку вымаўленне [к] перад звонкiмi зычнымi ў сярэдзiне iншамоўных слоў, вымаўленне [з], [с] перад [г’], [к’], [х’], вымаўленне свiсцячых [з’], [с’], [дз’], [ц’] перад наступным мяккiм зычным, вымаўленне свiсцячых перад шыпячымi i шыпячых перад свiсцячымi, вымаўленне спалучэнняў зычных.
Звернем увагу на тое, што матэрыял на гэтыя правiлы, за выключэннем аднаго (вымаўленне [к] перад звонкiмi зычнымi ў сярэдзiне iншамоўных слоў), падаецца ў тэставых заданнях кожны год. Аднак несупадзенне вымаўлення i напiсання ў слове прарэзлiвы адзначылi толькi 21,93% абiтурыентаў, у слове пранiзлiвы — 25,16%, у слове гарэзлiвы — 28,64%. Па-ранейшаму многiя абiтурыенты лiчаць, што зычныя [з], [с] перад [г’], [к’], [х’] вымаўляюцца мякка: 55,40% абiтурыентаў адзначылi несупадзенне гучання з напiсаннем у слове схiснуцца.
Даўно заўважана: абiтурыенты дрэнна спраўляюцца з тэставым заданнем, калi не iмкнуцца засвоiць матэрыял у поўным аб’ёме, а разлiчваюць на абсалютную тоеснасць падачы яго з году ў год па пэўнай тэме. Слоў экзамен, вакзал, экзотыка ў заданнi А1 у мiнулым годзе не было. Як вынiк — усяго толькi 16,43% абiтурыентаў адзначылi, што [к] перад звонкiм зычным у сярэдзiне слова экзамен вымаўляецца як выбухны [г]; толькi 24,82% выпускнiкоў заўважылi гэтую фанетычную з’яву ў слове вакзал i 28,73% — у слове экзотыка.
Сярэднi працэнт выканання задання А1 самы нiзкi — 10,29.
Правiльная пастаноўка нацiску з’яўляецца неабходнай адзнакай культурнага, пiсьменнага маўлення, i выпускнiкi, якiя жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю, павiнны валодаць акцэнталагiчнымi нормамi. Аднак, як i ў мiнулыя гады, сярэднi працэнт выканання задання А2, дзе патрэбна было адзначыць словы, у якiх падкрэсленыя лiтары абазначаюць нацiскныя галосныя, адзiн з самых нiзкiх — 14,53%. Заўважым, што абiтурыенты няправiльна ставяць нацiск у словах, якiя не толькi сустракаюцца кожны год у тэставых заданнях, але i ўваходзяць у актыўную лексiку беларусаў. Так, напрыклад, каля 36% удзельнiкаў тэсцiравання няправiльна паставiлi нацiск у слове садавiна, больш за 41% — у слове грамадзянiн, 58,17% абiтурыентаў палiчылi, што трэба гаварыць квартал, а не квартал, 47,19% — шкляны, а не шкляны, 71,46% — дазiметр, а не дазiметр. Аднак менш за палову абiтурыентаў адзначылi, што нацiск правiльна пастаўлены ў словах цяжар (46,49%) i жальба (43,51%). Пры гэтым незразумела, чаму каля 41% выпускнiкоў вырашылi, што ў слове загавор гук о ненацiскны.
Узровень выканання заданняў па фанетыцы i арфаэпii, на жаль, застаецца невысокiм, што сведчыць аб недастатковай увазе гэтаму раздзелу ў працэсе выкладання беларускай мовы ў школе.

Даведка “НГ”. Iспыт па адной з дзяржаўных моў быў абавязковым для абiтурыентаў-2006. Беларускую мову здалi 75 194 удзельнiкi абiтурыенцкай кампанii — на 20 тысяч менш, чым рускую.  Дарэчы Асобныя заўвагi абiтурыентаў 2006 года да раздзела “Фанетыка i арфаэпiя” гучалi прыкладна так:
* няма ўдакладнення, у якiм сэнсе выкарыстоўваецца слова квартал;
* не разумею сэнсу слова цяжар;
* у слове дасыта памылка.  Інфармацыя ў тэму Работу над памылкамi для абiтурыентаў-2007 вядзе мiнскае выдавецтва “Аверсэв”. На працягу тыдня ў беларускiх кнiгарнях з’явяцца зборнiкi серыi “Рыхтуемся да цэнтралiзаванага тэсцiравання” з аналiзам тыповых памылак абiтурыентаў мiнулага года, складзеныя па матэрыялах Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў.
 Пытанне на засыпку Па якой з дзяржаўных моў прасцей атрымаць высокi бал?

— Здавайце тую, на якой вучылiся ў школе, бо, пэўна, з гэтай прычыны ведаеце яе лепш, — параiў дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў. — Досвед паказвае, што лiтаральна адзiнкi абiтурыентаў валодаюць абедзвюма мовамi на аднолькавым узроўнi. Тэставыя заданнi па рускай i беларускай мовах складаюцца рознымi аўтарамi, але па адной спецыфiкацыi, таму сярэднi бал абiтурыентаў-2006 на абодвух iспытах супадае.

Акрамя вышэйпрыведзенай кнiгi, для эфектыўнай падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання выдавецтва “Аверсэв” прапануе яшчэ 5 дапаможнiкаў.
1. Цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Беларуская мова. Зборнiк тэстаў (Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў).
2. Беларуская мова. Дапаможнiк для падрыхтоўкi да абавязковага цэнтралiзаванага тэсцiравання (аўтар Г.М.Малажай).
3. Беларуская мова. Экзаменацыйныя тэсты з узорамi выканання для падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання (аўтары Г.М.Малажай, Л.I.Яўдошына).
4. Цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Беларуская мова. Тэсты (прыкладныя варыянты) з адказамi (аўтар Г.М.Малажай).
5. Беларуская мова ў практыкаваннях i тэстах. Дапаможнiк для падрыхтоўкi да экзамена i цэнтралiзаванага тэсцiравання (аўтар В.П.Клiмавец).

У сакавiку—красавiку будзе праводзiцца трэцi этап рэпетыцыйнага тэсцiравання па ўсiх вынесеных для iспытаў прадметах. Яго заданнi будуць складзены па спецыфiкацыi 2007 года. Вынiкi “пробных” iспытаў з’явяцца на сайце Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў з 1 па 10 мая.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter