«Часам у сне падаецца, што няма каму кароў даіць»

Галоўны заатэхнік Уладзімір Чарняўскі з Налібокаў ганарыцца выкананым наказам маці

– ШЧАСЛІВЫЯ гады маладосці. Лад і спакой панавалі ў нашым доме, — узгадвае Уладзімір Чарняўскі. — Гаспадарка жылля не будавала, таму жылі з бацькамі. Нарадзілася дачка, якую назвалі Вікторыяй, а потым і сын. Зараблялі на ферме няблага. Купілі ў Налібоках хату, адрамантавалі яе, абуладзіліся. Толькі б радавацца жыццю, але хвароба скасіла жонку. Асірацелі Вікторыя і Віталік. Сарака гадоў мне яшчэ не было, як аўдавеў. Запрасіў гаспадарыць сціплую мясцовую жанчыну Ганну. Прыйшла яна з дачкой Дашай, амаль равесніцай маёй Вікторыі. Дзеці пасябравалі. Нарадзілася яшчэ дачушка. Ксюшы трэці гадок, а так шчабеча мне па тэлефоне на ферму, каб на абед не спазняўся. Яна — мой найлепшы лекар.

Абставіны не далі Уладзіміру Чарняўскаму атрымаць вышэйшую адукацыю. Спадзяецца, што сын Віталік пасля вучобы ў Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы паступіць на зааінжынерны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Віталік паспяхова вучыцца. Вытворчую практыку летам збіраецца праходзіць у роднай гаспадарцы. Пасля мноства рэарганізацый яна стала таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Сельскагаспадарчы жывёлагадоўчы комплекс «Налібокі», якое аб’ядноўвае чатыры малочна-таварныя фермы і тры — па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы. Вырошчвалі і свіней, але летась у сувязі з АЧС усе 7500 галоў ліквідавалі, што падрэзала фінансавае становішча. Ніякай кампенсацыі гаспадарка не атрымала. Выручаюць малочна-таварныя фермы, з якіх штодня адпраўляецца на Мінскі малочны завод нумар адзін больш за дваццаць тон малака. Выручка за яго дазваляе выплачваць заробкі і забяспечваць аператыўныя разлікі.

Малочны статак зараз утрымліваецца на налібоцкіх пашах. Надоі кароў-рэкардыстак перавышаюць сорак кілаграмаў малака ў суткі. За мінулы год сярэдні ўдой ад каровы па гаспадарцы склаў амаль восем тысяч кілаграмаў. За мінулыя пяць гадоў прадукцыйнасць дойнага статка стабільна павышалася. Пагалоўе павялічылася на трыста кароў і складае амаль тысячу галоў. Уладзімір Іосіфавіч разам з загадчыкамі ферм для кожнай групы распрацоўвае рацыёны, па заяўцы заатэхнічнай службы закупляюцца канцэнтраты. За мінулы год рэнтабельнасць вытворчасці малака дасягнула сорак працэнтаў.

— Уладзімір Іосіфавіч, у гаспадарцы пастаянна вяліся рэформы, мяняліся кіраўнікі, у ліку якіх былі і беларускі, і замежны прадпрымальнікі. Як вам удавалася роўна весці сваю справу?

— Разборкі былі ў іх, а на фермах праца не спынялася. Сочым за рацыёнам і вынікі маем. Рэкордам некалі быў удой у чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы, цяпер удвая большы.

У «Налібоках» і зараз долю акцый трымаюць уласнікі. Трэці год кіруе калектывам Віталь Кушнер. Разам са спецыялістамі пастаянна аналізуе дзейнасць кожнай фермы, шукае рэзервы, вызначае перспектыву. На двух тысячах гектараў сельгасугоддзяў тут утрымліваецца амаль 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Уся мясцовая моладзь у сталіцы. Старыя дамы вяскоўцаў скупляюць дачнікі. На фермах няма каму працаваць. Дырэктар запрасіў сваіх землякоў са Століншчыны, і яны вахтавым метадам па сорак дзён дояць кароў, зарабляюць па дзесяць і болей мільёнаў. І палескія пастухі вахтавым метадам працуюць тут.

— Калі надоі высокія, то гонар заатэхніку. Але ж на поспех працавалі і агранамічная служба, і механізатары...

— Мы ўсе зацікаўлены атрымаць больш прадукцыі з меншымі затратамі. Ад гэтага залежаць заробкі. Пачалася ўжо масавая нарыхтоўка кармоў на пушчанскіх лугах. Травы на вачах растуць. Ночы цёплыя, вільгаці ўдосталь. Механізаваныя звенні светавы дзень працуюць. З галоўным аграномам Георгіем Яўсейчыкам кантралюем касавіцу. Загадзя з Георгіем Іванавічам разлічвалі пасяўныя плошчы пад кармавыя культуры.

— Перахадны фонд фуражу застаецца?

— У траншэях яшчэ 2 тысячы тон сіласу і 2,5 тысячы тон сенажу. Часта нашы планы перакрэсліваюць   шматлікія   рэарганізацыі.  З-за гэтага закрылі фермы «Пільніца» і «Кляцішча».

— А што прымусіла?

— Пасля чарговай рэарганізацыі, калі ад нас аддзялілі раней далучаную гаспадарку «Хатава», паступіла каманда вызваліць фермы «Пільніца» і «Кляцішча» ад жывёлы. Спешна выганялі жывёлу на мароз. А потым гэтыя памяшканні яшчэ доўга пуставалі.

— Вы дасканала ведаеце кожную ферму, клопаты жывёлаводаў. Ці ўсе рэзервы выкарыстаны ў вас?

— Рэзервы заўжды ёсць. Варта толькі разумна разабрацца. І надоі высокія, і рэнтабельнасць малака, але вельмі вострая праблема кадраў. Няма каму працаваць. Нашых жывёлаводаў раней ведала ўся Беларусь. Даярка Валянціна Мусік трымала рэкордныя надоі, перамагала ў рэспубліканскім спаборніцтве. А сёння на яе ферме кароў дояць столінскія жывёлаводы. А раптам заўтра яны не прыедуць, што рабіць?

— Зараз модна будаваць фермы, дзе робаты дояць кароў. А вы пра гэта не думаеце?

— Мы набылі монарэйку і ўсталявалі на ферме «Целяхі». Жывёлаводы прыезджыя, іх трэба вучыць, а калі і дзе? На нашых фермах за даяркай замацавана па 100 кароў, што ўдвая больш звычайнага. Іншага выхаду няма. З Налібоцкай сярэдняй школы ні адзін выпускнік сёлета не паступае ў аграрныя навучальныя ўстановы. Мала прапагандуецца ў грамадстве вясковае жыццё. З экрана тэлевізараў знік хлебароб. На радыё акрамя віншавання і песень нічога не пачуеш. Людзьмі апанавала прага да лёгкіх грошай. Але не трэба забываць, што вёска корміць усіх без выключэння.

— Ад Налібокаў рукой падаць да сталіцы. Не шкадуеце, што засталіся ў вёсцы?

— Ганаруся гэтым. Мне маці наказвала не пакідаць родных мясцін. Яна сумавала па лясной Браншчыне. Мне прапаноўвалі працу ў клецкай гаспадарцы. Там мяне чакаў новы дом, каб толькі пераехаў галоўным заатэхнікам. Ледзьве не сарваўся. Утрымала мудрая маці. І зараз ёй удзячны.

— Для кіраўніка, спецыяліста важна мець сваю каманду. У вас яна ёсць?

— Усе нашы жывёлаводы — каманда. Нават многія пенсіянеры прыходзяць і пытаюць, чым могуць дапамагчы. З дзяцінства мяне выхоўвалі паважаць людзей. Яшчэ бабуля Юзэфа прывучала цаніць чалавека, нікога не крыўдзіць. Некалькі гадоў таму, калі ў нашай гаспадарцы правіў баль прыватны капітал і новыя гаспадары не заўжды былі карэктнымі да сялян, уступаўся за кожнага. Галоўны заатэхнік круглы год не ведае выхадных. За дваццаць гадоў ні разу не быў у адпачынку.

— Чаго цяжэй дабівацца: высокіх надояў, ці якасці малака?

— Нам — якасці малака. Патрабаванні вельмі высокія. Зараз сортам «экстра» прадаем крыху меней трэцяй часткі малака, астатняе — вышэйшым гатункам, ёсць першы і другі. Якасць залежыць ад корму. Бывае, што і вяртаюць малако. Такую колькасць не споіш цялятам, а свінафермы ўжо няма. Спешна шукаем, куды збыць. Раней вазілі на Уздзенскі філіял Слуцкага малаказавода, дзе выраблялі казеін.

— Даяркі пачынаюць працоўны дзень, калі яшчэ вёска спіць. А вы?

— Часта разам з імі і я пачынаю. З галоўным ветурачом на змену возім даярак на ферму раніцай. Адна машына не паспявае ўсіх дастаўляць у чатыры гадзіны, таму мы дапамагаем. А бываюць і тэрміновыя выклікі. Нядаўна зламаўся халадзільнік і трэба было рабіць нешта, каб малако не скісла. Выклікалі электрыка і адрамантавалі халадзільнік.

— Якой пароды налібоцкі статак?

— Пераважная большасць чорна-пярэстая. Некалькі гадоў закуплялі з Канады матэрыял для штучнага асемянення. Але гаспадары-прыватнікі палічылі, што дорага. Паспелі толькі невялікі статак сабраць канадскай пароды. Гэтая жывёла патрабуе больш пільнага падыходу. Яна далікатная і рэагуе на самыя нязначныя адхіленні ад запраграмаванага кармлення.

Нашы каровы трымаюць эканоміку гаспадаркі. Гадамі з цялятак я адбіраў і фарміраваў дойны статак. Цяпер ён аддзячвае высокімі надоямі.

— Што вас больш за ўсё хвалюе на працы?

— Часам нават у сне падаецца, што няма каму кароў даіць. Хаця ніколі такога не было. Доім тры разы ў суткі.

— Ваша праца, хоць і цяжкая, але вельмі важная. Гэта, напэўна, і ёсць тое самае шчасце?

— Не магу сказаць, што я шчаслівы. Але калі маленькая Ксюша прыціснецца да мяне, большага шчасця не трэба. Стыне кроў, калі сустракаюся са старэйшымі дзецьмі. Яны ніколі ўжо не абдымуць маці… Так і складаецца наша жыццё.

МАЙСКІМ надвячоркам мы развіталіся з Уладзімірам Іосіфавічам, які спяшаўся да пастухоў на луг. У яго запыленым легкавіку побач з тэлефонам я ўбачыў загорнутую ў цэлафан цукерку «чупа-чупс», якую, пэўна, увечары атрымае маленькая Ксюша.

Уладзімірам СУБАТАМ, «СГ»

Фота аўтара

Стаўбцоўскі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter