Кацярына Масэ - самая маладая з літаратараў Саюза пісьменнікаў Беларусі

Часам проста белы аркуш у галаве

Ёй — 18. Яна — мінчанка, студэнтка-другакурсніца лінгвістычнага ўніверсітэта. А таксама аўтар двух выданых зборнікаў вершаў і самая маладая з літаратараў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Новая зорачка на небасхіле паэзіі — так гавораць пра яе прафесіяналы і не лічаць гэта перабольшаннем.

Яе імя — Кацярына Масэ. З націскам на апошні склад, на ўсякі выпадак удакладняе яго чароўная ўладальніца. Дарэчы, прозвішча сапраўднае. Але, пагадзіцеся, запамінальнае і вельмі падобнае на прыгожы літаратурны псеўданім. Магчыма, ужо і ў гэтым ёсць пэўны знак лёсу?



Літаратурны ген

З Кацярыніных родных прафесійна літаратурай не займаўся ніхто. Праўда, бабуля па бацькавай лініі спрабавала ў свой час, толькі тыя пісьменніцкія здольнасці так і засталіся нерэалізаванымі. Сама ж Кацярына піша вершы з дзяцінства. Але прызнаецца, што адказаць на пытанне, у якім узросце ўсё пачалося, ёй складана. Гаворыць, адчуванне, што гэта было з ёй заўсёды, як дыханне, якое не ўсведамляеш. Затое дакладна памятае, што з маленства зусім не марыла стаць пісьменнікам, толькі чамусьці вельмі хацела мець уласную кнігу, пра што ўвесь час даводзіла бацькам. Тыя спачатку не надта сур’ёзна да гэтага ставіліся, але калі назапасілася пэўная колькасць нават на першы погляд даволі ладных вершаў юнага аўтара, вырашылі прыслухацца да дачкі і паспрабаваць. Вось толькі хто возьмецца выдаваць 14-гадовую дзяўчынку? Адмаўлялі ўсе. Ужо амаль адчаіліся, калі адно прыватнае выдавецтва ўсё ж зацікавілася, і вершы папярэдне аддалі на ацэнку пісьменніку Міхасю Пазнякову. 

Яго дасведчанае вока талент заўважыла адразу. Кніжачку хутка выпусцілі ў серыі «Мінскія маладыя галасы», якую рыхтуе гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў. Так у 2012 годзе нікому не вядомая Кацярына Масэ апынулася ў літаратурным асяродку. А паэзія ў яе жыцці канчаткова пераважыла выяўленчае мастацтва. Дзяўчына выдатна малюе, нават збіралася паступаць на архітэктурны факультэт. Але абрала іншую дарогу і прафесію — лінгвістыку. Хаця малюе дагэтуль з задавальненнем.

Чытаць — не чытаць

— Гадоў да 13 я кніжак практычна не чытала, таму не магу сказаць, што ў творчасці ў мяне быў нейкі прыклад і ўзор для пераймання, — агаломшыла мяне прызнаннем Кацярына. Расказвае, бацькі нават смяяліся з гэтай нагоды, прыгадваючы ў дачыненні да яе вядомы анекдот, маўляў, чукча — не чытач, чукча — пісьменнік. 

Тым не менш, як і большасць прыхільнікаў паэтычнага слова, пачынала з рускамоўнай лірыкі: каханне, расстанне, рамантыка, звычайныя дзявочыя тэмы. Літаратура імкліва ўварвалася ў яе жыццё ўжо праз кароткі час, чытала яна тады многа і рознае. І хаця сама не ўпэўнена, што менавіта гэта неяк паўплывала на яе творчыя эксперыменты, якраз хутка пасля таго стыль яе вершаў стаў цалкам іншым. Яна пакуль не ведае, як яго назваць, — авангард, постмадэрн, паэтычны хай-тэк. У яе творах — модныя формы і нейкія інтэлектуальныя гульні, філасофскія тэорыі. А ў апошні час — спробы сузірання і медытатыўнасць. Не інакш, сказалася нядаўняе падарожжа ў Кітай. Культура Усходу Кацярыну, дарэчы, вельмі цікавіць.

Але прытрымлівацца нейкага асобнага стылю яна не імкнецца — як пішацца, так і пішацца. Часам гэта суцэльны ф’южн, у тым ліку і з элементамі класікі. Гаворыць, няважна, які стыль, паэзія ж мусіць трапляць не ў розум, а ў сэрца. У тую шчыліну паміж пачуццямі, інтэлектам, шаблонамі, якія існуюць у нашых галовах, — унутр, у сапраўднае Я. Тады паэзія чапляе. І чалавек ужо проста не можа адмаўляць, што яго гэта кранае, а ўсе фармальнасці адыходзяць на другі план.

Дарэчы, любімых пісьменнікаў у яе і сёння няма, і да літаратурнай класікі яна ставіцца вельмі неадназначна. Ёсць любімыя асобныя творы. 

Моўны эксперымент

Як і адкуль прыходзяць вершы? Адвечнае пытанне і таямніца. 

— Мне таксама цяжка растлумачыць прыроду гэтай з’явы. Але натхнення ў мяне амаль ніколі не бывае. А калі бывае, то ні ў ва што плённае яно не выліваецца, — Кацярына заўважае маё здзіўленне і тлумачыць: — Звычайна адчуваю нейкі моцны імпульс, не ведаю адкуль — знутры ці звонку. Часам разам з ім прыходзяць нейкія ключавыя словы, фразы, якія потым стануць падмуркам для ўсяго верша. А часам гэта проста белы аркуш у галаве, без ніякіх намёкаў і падказак звыш. Але гэта не натхненне, проста імпульс, і я разумею, мне ад яго не выкруціцца. Прымаю гэты выклік і пішу.

Год таму яна пачала пісаць па-беларуску. Напэўна, гэта была спроба самаідэнтыфікацыі, калі малады чалавек спрабуе намацаць глебу пад нагамі, пытаецца ў сябе, хто я такі і адкуль мае карані, шукае нейкі падмурак. Зрэшты, так яна разважае цяпер, з адлегласці часу. А тады лічыла яшчэ адным літаратурным эксперыментам. Аднак пачала і ўжо не змагла адмовіцца, бо ўся яе сутнасць прыняла гэтую моўную перамену. Наступная кніжка вершаў будзе на беларускай. Дакладна.

Пра што яшчэ марыцца? Кацярына ўсміхаецца: мары — рэч прыгожая, прыемная, але павярхоўная, мы ж ніколі не ведаем, як для нас будзе лепш, і нічога, акрамя гэтага дадзенага моманту, у нас няма. Ёсць толькі сённяшні дзень, і трэба ў ім шукаць нейкія рэсурсы. Таму яе мара — адчуваць шчасце тут і зараз. Каб чэрпаць сёння асалоду ад жыцця. 

Ірына СВІРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter