Час збiраць

Фонд Нацыянальнай бiблiятэкi папоўнiлi 26 рарытэтаў

Фонд рэдкiх выданняў галоўнай кнiжнай скарбнiцы краiны папоўнiлi 26 унiкальных экземпляраў

Нацыянальная бiблiятэка Беларусi атрымала каштоўны падарунак. Яе калекцыю ўзбагацiлi 26 унiкальных выданняў, у лiку якiх рукапiсныя кнiгi i старадрукi, рэдкiя карты i беларуская перыёдыка мiнулых гадоў.

— Калекцыю рарытэтных выданняў Нацыянальнай бiблiятэкi складаюць сёння каля 80 тысяч дакументаў. Яны — гонар таго кнiжнага фонду, якi ў нас маецца, i каштоўная крынiца для вывучэння культуры нашай дзяржавы, краiн i народаў свету, — адзначыў на ўрачыстай цырымонii перадачы падарунка намеснiк мiнiстра культуры Вiктар Кураш.

Дар Нацыянальная бiблiя­тэка Беларусi атрымала ад свайго генеральнага партнёра – кампанii «British American Тobacco», з якой супрацоўнiчае не першы год.

— Цяперашняя перадача кнiг – трэцяя па лiку. У 2004 годзе распачалася дабрачынная акцыя “Кнiжныя рарытэты – у Нацыянальную скарбнiцу”, i мы атрымалi ад нашага генеральнага партнёра 39 рэдкiх выданняў XVII—XVII стагоддзяў, а летась фонд папоўнiўся пяццю рарытэтнымi старадрукамi. Яшчэ адна наша сумесная праца ў накiрунку захавання кнiжнай культурнай спадчыны Беларусi — мультымедыйны праект, мы выдалi ў электронным выглядзе рукапiснае “Слуцкае Евангелле”, што зрабiла яго даступным для шырокага кола карыстальнiкаў, — расказаў дырэктар Нацыянальнай бiблiятэкi Раман Матульскi.

Асаблiвае месца ў новай падоранай калекцыi займаюць старажытныя рукапiсы, створаныя стараабрадцамi Беларусi ў XVIII—XIX стагоддзях, каштоўныя кнiгi другой чвэрцi XIX стагоддзя – перыяду трагiчнага ў культуры Беларусi, калi пасля паўстання 1831—1832 гадоў кнiгавыданне на яе тэрыторыi амаль прыпынiлася. Усяго бiблiятэкай атрымана 18 рэдкiх кнiг, самая стражытная з якiх датуецца 1654 годам i выпушчана ў Амстэрдаме самым старажытным у свеце выдавецкiм домам Эльзевiраў. Цiкавасць выклiкаюць i тры еўрапейскiя карты мiнулых стагоддзяў, на якiх пазначана тагачасная тэрыторыя Беларусi. Больш блiжэйшы па часе дакументальны помнiк i свайго роду погляд на ваенныя падзеi Вялiкай Айчыннай “з другога боку” — беларуская газета на лацiнiцы, якая выходзiла ў Вiльнi i выпускалася нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi.

Пазнаёмiцца з перададзенымi галоўнай кнiжнай скарбнiцы краiны унiкальнымi помнiкамi еўрапейскай i нацыянальнай гiсторыi можна ўсiм зацiкаўленым у чытальнай зале рукапiсаў, старадрукаў i рэдкiх выданняў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi.

— Я з таго пакалення, на чыiх вачах цаглiнкi храмаў, палацаў расцягвалiся па розных мясцiнах, каб будаваць з iх у хатах печы, разбураныя ў час вайны. На вялiкi жаль, гэта адбывалася. Цяпер прыйшоў час збiраць гэтыя цаглiны, каменьчыкi i зноў узводзiць храмы, аднаўляць палацы — адным словам, узнiмаць той будынак, якi называецца культурай Беларусi, — падзялiўся думкамi пасля знаёмства з новымi набыткамi бiблiятэкi старшыня Беларускага фонду культуры Уладзiмiр Гiлеп.

На здымку: новыя рарытэты кнiжнай скарбнiцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter