У Мінскім абластным драматычным тэатры адбылася прэм’ера дакументальнай драмы «Час сэканд хэнд” паводле аднайменнай кнігі Святланы Алексіевіч

Час збіраць камяні

Тэатры сёння ўсё часцей і часцей звяртаюцца да творчасці Святланы Алексіевіч, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года.

Фота аўтара

У  студзені 2015-га з’явіўся цікавы і стрыманы па эмоцыях спектакль Уладзіміра Пятровіча “Час сэканд хэнд” у Магілёўскім драматычным тэатры. Юрый Вутта ў Гомельскім маладзёжным тэатры ставіў спектакль “Сведкі” па кнізе Алексіевіч “Апошнія сведкі”. Славацкі камерны тэатр з вялікім поспехам паказаў у мінулым годзе на фестывалі Нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску драму па кнізе “У вайны не жаночае аблічча”. Славуты літовец, зорка сусветнага маштабу Эймунтас Някрошюс ажыццявіў у Дзяржаўным маладзёжным тэатры Літвы пастаноўку “Цынк” па кнігах “Цінкавыя хлопчыкі” і “Чарнобыльская малітва”. А адзін з першых спектакляў менавіта па “Чарнобыльскай малітве” з’явіўся калісьці на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Такім чынам у Алексіевіч міжволі складваецца свой “тэатральны раман”.

І вось “Час сэканд хэнд” у Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечна. Другая работа новага мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Анісенкі. Вельмі імпульсіўны, дынамічны і напружаны спектакль. З цікавай сцэнаграфіяй мастака Андрэя Жыгура. З пранікнёнай фінальнай песняй, якую напісаў таленавіты акцёр тэатра Дзяніс Фешчанка, задзейнічаны і ў спектаклі.

Вельмі важная размова з гледачом, з перападамі эмацыянальнага настрою і зменай маральнай “оптыкі”. У кожнага тут свая праўда, свой боль. Амаль з кожным героем хочацца пагадзіцца, крыкнуць з утульнай залы: “І ў мяне! І ў мяне так!..”. Але часам узнікае жаданне і паспрачацца. Спектакль у стылістыцы Тэатра на Таганцы Юрыя Любімава ці “Дыктатуры сумлення” Марка Захарава. Градус такі ж.

Атрымаўся сапраўдны трагічны “спектакль-споведзь”. Ніякага дыстанцыянавання, як гэта прынята ў “дакументальнай драме”.

Здаецца, Валерый Анісенка, як Лукіна Вісконці ці Луіс Бунюэль, перайшоў у свой залаты рэжысёрскі перыяд.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter