Час заявіць пра сябе

У Беларусі пачынаецца адбор на дзіцячае «Еўрабачанне-2014»

Пачынаецца адбор на дзіцячае «Еўрабачанне-2014»

Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб пачатку рэспубліканскага дзіцячага конкурсу «Песня для Еўрабачання» — нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2014», які пройдзе ў горадзе Валета (Мальта).

Да ўдзелу запрашаюцца юныя выканаўцы, якім на дзень правя¬дзення міжнароднага конкурсу павінна быць не менш за 10 і не больш за 15 гадоў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь альбо замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не менш за два з паловай гады.

На рэспубліканскі конкурс можа быць прадстаўлена раней не апублікаваная песня на беларускай або рускай мове працягласцю не менш за дзве хвіліны сорак пяць секунд і не больш за тры хвіліны. Канкурсант павінен быць аўтарам слоў ці музыкі або аранжыроўкі песні. Дапамога прафесіяналаў і іншых асоб пры стварэнні кампазіцыі дапускаецца.

Для ўдзелу ў конкурсе заяўку трэба накіраваць цэннай бандэроллю па адрасе: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, з паметкай «На рэспубліканскі конкурс «Песня для Еўрабачання». Апошні дзень адпраўкі бандэроляў з заяўкамі — 9 чэрвеня.

Больш падрабязна аб правядзенні нацыянальнага адбору можна даведацца на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by у раздзеле «Праекты».

Вынікі адборачнага тура будуць падведзены не пазней за 17 чэрвеня, прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале.

Фінальны гала-канцэрт рэспубліканскага конкурсу запланаваны на 29 жніўня. Пераможца рэспубліканскага конкурсу, які прадставіць краіну на дзіцячым «Еўрабачанні-2014», вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў. 

-----------------------------------------

У тэму

Наша краіна ўдзельнічае ў міжнародным дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне» з моманту яго заснавання — з 2003 года. Першай беларускай удзельніцай музычнага форуму была Вольга Сацюк. На рахунку нашай краіны — дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй «Мы разам», у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй «З сябрамі». Акрамя таго, у 2006-м сярэбраным прызёрам стаў Андрэй Кунец з песняй «Новы дзень». У 2011-м Лідзія Заблоцкая з песняй «Ангелы дабра» заняла трэцяе месца. Пачэсную «бронзу» атрымаў летась і Ілья Волкаў з песняй «Спявай са мной».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...