Час выбраў нас

Стаць журналiстам дапамагала мне камсамольска-маладзёжная газета “Чырвоная змена”...

У жыццi маiм было шмат сцяжын-пуцявiн, доўгiх i кароткiх, пакручастых i гладкiх, лясных i брукаваных, пакуль яны не прывялi мяне да шырокай сцяжыны, калi я стала журналiстам. I дапамагала мне ў гэтым камсамольска-маладзёжная газета “Чырвоная змена”.

Калi я прыйшла да рэдактара Iвана Аляксандравiча Матыля ўладкоўвацца на працу, ён пiльна прыгледзеўся да мяне i здзiвiўся майму выгляду. На нагах у мяне былi кiрзавыя боты, перашытыя са старых салдацкiх, якiя тата знайшоў недзе на сметнiку, апранута ў душагрэйку i нейкiя зацыраваныя штаны.

— Ты што, была ў партызанах? – спытаўся Матыль. – Раскажы пра сябе.

— У партызанах я не была. Дапамагала падпольшчыкам. Калi запальная бомба трапiла ў нашу хату на Студэнцкай вулiцы ў Мiнску, усё згарэла, загiнулi мацi, бабуля, сястра i дзядзька. Я цудам выратавалася разам з чатырохгадовай сястрычкай. Бог мiлаваў нас i добрыя людзi, якiя дапамаглi нам выжыць, калi мы блукалi вакол Мiнска...

Я пазiрала на Iвана Аляксандравiча. Вочы яго былi поўныя слёз. Я зразумела: гэта вельмi ранiмы чалавек. Мабыць, успомнiў нешта перажытае. У час Вялiкай Айчыннай вайны ён быў адным з арганiзатараў i кiраўнiкоў камсамольска-маладзёжнага падполля i партызанскага руху ў Магiлёўскай вобласцi. Матыль прамовiў:

— Колькi табе, бедалазе, давялося перажыць! Бяром цябе на працу радысткай. Толькi цяпер будзеш прымаць не зводкi Саўiнфармбюро, а iнфармацый­ныя паведамленнi аб падзеях у нашай краiне i за мяжой.

Мне адгарадзiлi ў вялiкiм пакоi на трэцiм паверсе Дома друку катушок. I я ўзялася за працу. Прынятыя паведамленнi адносiла ў сакратарыят да Франца Ляпескага, якi займаў пасаду адказнага сакратара. Ён перадаваў выбраныя паведамленнi стылiсту Веры Палтаран, якая пазней стала знакамiтай пiсьменнiцай. Многiя з гэтых iнфармацый траплялi на старонкi “Чырвонай змены”. Калi з’явiлiся тэлетайпы, пасада радысткi была скасавана. Я перайшла ў карэктарскую. Неўзабаве рэдактар параiў мне паспрабаваць што-небудзь напiсаць. Першае маё заданне было расказаць пра лепшага рабочага завода iмя Кiрава. У аддзеле кадраў мне падказалi напiсаць пра Язэпа Кiшэню, праца якога рымарам можа стаць прыкладам для маладых людзей, якiя захочуць пайсцi ў рабочыя.

Я здала напiсаную на тры старонкi нататку ў сакратарыят. Францу Ляпескаму i Веры Палтаран спадабаўся гэты матэрыял. Амаль нiчога не правiлi. Iван Аляксандравiч таксама адобрыў. Большай пахвалы мне i не трэба было.

У “Чырвонку” прыйшло шмат жур­налiстаў, такiя як Мiкола Марушкевiч, Анатоль Барушка, Валянцiна Луцэвiч-Скарынкiна, сваячка Янкi Купалы. Некаторыя з iх сталi знакамiтымi пiсьменнiкамi. Гэта Сцяпан Кухараў, Сяргей Грахоўскi, Мiкола Гамолка i iншыя.

У 1952 годзе Матыля перавялi ў Гомель рэдагаваць абласную газету “Гомельская праўда”. Мы хвалявалiся: хто ж будзе ў нас рэдактарам? Прызначылi Аляксандра Харытонавiча Асiпенку, маладога карэспандэнта, прыгожага чалавека, нашага таварыша па пяру. Ён змагаўся ў партызанах, i яго, як памочнiка камiсара партызанскага атрада, спачатку накiравалi сакратаром райкома камсамола ў Горацкi, затым у Краснапольскi раён Магiлёўскай вобласцi. Ён добра ведаў жыццё пасляваеннай Беларусi. Працаваць з iм было ў радасць. Жонка яго Вольга Iванаўна была карэктарам газеты. Мы жылi недалёка i сябравалi сем’ямi на працягу пяцiдзесяцi гадоў. Аляксандр Харытонавiч яшчэ ў “Чырвонцы” праявiў сябе як пiсьменнiк. Напiсаў шмат твораў, якiмi мы зачытвалiся шмат гадоў.

Аркадзь Апанасавiч Тоўсцiк, былы ўдзельнiк партызанскага руху ў вайну, быў у нас загадчыкам аддзела, потым намеснiкам рэдактара. З 1960 года ён iнструктар, загадчык сектара, намеснiк загадчыка аддзела ЦК КПБ, а з 1973 года – рэдактар газеты “Звязда” i  старшыня праўлення Саюза журналiстаў Беларусi. Пры сустрэчах са мною ён казаў: “Пара табе ўступаць у Саюз журналiстаў”.  Я сабрала ўсе свае пуб­лiкацыi i была беспярэчна прынята ў саюз.

Працуючы потым у “Бярозцы”, я напiсала шмат нарысаў, якiя друкавалiся ў розных выданнях. Найбольш запомнiўся мне вялiкi нарыс пра цялятнiцу калгаса “Гiгант” Бабруйскага раёна Героя Сацыялiстычнай Працы Любоў Паўлаўну Цэд, якая атрымала званне героя за поспехi ў развiццi жывёлагадоўлi, павелiчэннi вытворчасцi i нарыхтовак мяса. Нарыс я назвала “I ранiшнiмi росамi, i зiмовымi вечарамi”.

У гонар 50-годдзя часопiс “Бярозка” быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Мiнiстр асветы Мiхась Гаўрылавiч Мiнкевiч, наведаўшы “Бярозку”, паве­дамiў, што мне хочуць прысвоiць званне заслужанай настаўнiцы Беларусi. Я запярэчыла: “Я — журналiстка, а не настаўнiца”. — “Я не магу згадзiцца з вамi. Вы заслужылi. Вы сваiм друкаваным словам выхоўваеце дзяцей. Тады давайце ад­значым вас як выдатнiка народнай асветы i яшчэ каго-небудзь з лепшых супра­цоўнiкаў часопiса”, — падумаўшы, сказаў мiнiстр. Мiкола Чарняўскi, Георгiй Чыгiр i я сталi выдатнiкамi народнай асветы.

За сваю добрасумленную працу я маю тры ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР. У той час гэта была найвышэйшая ўзнагарода, якую ўручалi мне знакамiтыя дзеячы нашай краiны Васiль Iванавiч Казлоў, Сяргей Восiпавiч Прытыцкi, Фёдар Анiсiмавiч Сурганаў. Кожны з iх пацiскаў мне руку, дзякаваў за выхаванне нашага маладога пакалення...

Адчуванне часу – добрае адчуванне. Але варта памятаць, што не мы выбiраем час, а ён выбiрае нас, ён быццам распараджаецца намi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter