Каков смысл Великого поста, как на него посмотреть по-новому?

Час станавіцца добрымі

Ужо трэці тыдзень у католікаў працягваецца перыяд Вялікага посту. Паколькі Вялікдзень у католікаў і праваслаўных у гэтым годзе святкуецца з разбежнасцю амаль у месяц, пачатак посту таксама зусім не супадае. Які змест Вялікага посту, як на яго паглядзець па-новаму?

Для многіх людзей слова «пост» ці «Вялікі пост» асацыіруецца з абмежаваннямі ў ежы. У гэтым няма ніякай памылкі. Аднак можна на рэчаіснасць посту паглядзець глыбей. Святы Ян з Дамаска, які жыў на мяжы VII і VIII стагоддзяў, у адным са сваіх твораў запісаў строгія словы: «Калі б у посце ўся справа была толькі ў ежы, то каровы былі б святымі». Інакш кажучы, пост — гэта не рэлігійная дыета.

Амаль кожны чалавек цяпер стомлены хуткім тэмпам жыцця і з-за гэтага не заўважае, як паступова абрастае злоўжываннямі, залежнасцямі і, скажам так, многім лішнім. Па-беларуску мы кажам пра «загрувашчанасць» двароў шматпавярхоўных дамоў машынамі ці падвалаў тых жа дамоў смеццем і г.д. А чым загрувашчана нашае жыццё? Адказ на гэта пытанне варта пашукаць на працягу Вялікага посту.

Вялікі пост — зручны час пачаць новы этап, вызваліць прастору і нашы магчымасці для таго, каб у нашым жыцці з’явіўся сапраўдны хрысціянскі вектар. Час вызваліцца ад таго, што нам у гэтым перашкаджае. Папа Рымскі Францішак напярэдадні сёлетняга Вялікага посту сказаў: «Пасціцца азначае вызваляць наша існаванне ад таго, чым яно загрувашчана, у тым ліку ад перанасычанасці інфармацыяй — праўдзівай і памылковай — і прадметаў спажывання, каб адкрыць дзверы нашага сэрца […] Божаму Сыну Збавіцелю».

У адной мясцовасці вырашылі правесці сацыялагічнае даследаванне і задавалі людзям пытанне: «Хто такія веруючыя людзі?» Адказы былі розныя: «Гэта тыя, хто моліцца; хто чытае святыя кнігі; хто посціць…» Аднак ніхто не сказаў, што веруючыя людзі — гэта добрыя людзі. Проста кажучы, хрысціянскі вектар жыцця адначасова напоўнены рэлігійнасцю і дабром.

Для хрысціяніна быць добрым азначае захоўваць мір — гармонію з сабой, з іншымі і з Богам. Пачатак пошуку такой гармоніі заключаецца ў тым, каб прыняць нашу асабістую гісторыю жыцця, нават тыя рэчы, якіх мы ў жыцці не выбіралі. У такім выпадку мы вучымся быць міласэрнымі, велікадушнымі, адкрытымі на бяду іншых.

Тэксты, якія выкарыстоўваюцца ў літургіі, называюць Вялікі пост «святым часам». Вялікі пост — гэта яшчэ і своеасаблівая хрысціянская прыгода, да ўдзелу ў якой мы запрошаныя.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter